У беларускім урадзе задаволены: нарэшце можна далажыць пра нейкія поспехі. Сёлетні год “дазволіць выйсці, як цяпер модна казаць, на трэнд і паспяхова завяршыць пяцігодку да 2020 года”.

Уладзімір Сямашка, фота БелаПАН

 

Так заявіў 20 снежня на супольным пасяджэнні палат Нацыянальнага сходу віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка.

Сапраўды, сёлета за дзесяць месяцаў валавы ўнутраны прадукт вырас на 2,2%. На фоне папярэдняй двухгадовай рэцэсіі гэта хоць нешта. Але, па-першае, зрух вельмі сціплы і недастатковы (за час рэцэсіі наш ВУП скараціўся на 6%), а па-другое, давайце разбярэмся, за кошт чаго ён стаў магчымы.

Дык вось, аналіз паказвае, што рост пераважна кан’юнктурны. Пашэнціла залагодзіць зацяжны нафтагазавы канфлікт з Расіяй, яна цяпер дае болей нафты (24 млн тон на год) і трохі зніжае цану газу на два наступныя гады (хоць далей ўсё ў тумане, што прызнае і віцэ-прэм’ер Сямашка). Звыш таго, сама нафта падаражэла. А гэта азначае, што Беларусь з большай выгадай прадае нафтапрадукты. Ды яшчэ, карыстаючыся шчодрасцю Масквы, проста рээкспартавала (чытай: перапрадала) сёлета 6 млн т сырой расійскай нафты.

Але ўсё гэта азначае, што мы па-ранейшаму сядзім на нафтавай іголцы, што наша эканоміка не можа пазбавіцца так званага нафтавага праклёну. Папаўзе зноў уніз цана на нафту ці грымне чарговая сварка з Крамлём і той даць адмашку прыкруціць вентыль, зменшыць пастаўкі — і ляснецца той трэнд, пра які бадзёра дакладвае пан Сямашка.

Зрэшты, сапраўды трэба лавіць кан’юнктуру. Але не дзеля таго, каб адрапартаваць пра выкананне пяцігодкі (мінулую, дарэчы, з трэскам правалілі), а дзеля рэформаў. Акурат днямі выканаўчая рада МВФ заклікала Мінск “выкарыстаць момант аднаўлення эканомікі для правядзення паглыбленых і паскораных рэформаў у рэальным сектары”.

Але ж мысленне беларускіх уладаў, як сведчыць досвед, такое: нашто тыя рэформы, калі з эканомікай і так някепска? У выніку былі змарнаваны так званыя тлустыя гады мінулага дзесяцігоддзя, калі тут утварыўся дэ-факта расійскі нафтавы афшор. Шалёныя нафтадолары пусцілі не на перабудову эканомікі, а на розныя аграгарадкі ды банальнае праяданне.

Зараз ўлады могуць зноў наступіць на тыя самыя граблі, адсунуць дыскамфортныя, але даўно наспелыя рэформы на “калі-небудзь”. І вось вам сімптом: сёлета, калі наша эканоміка стала трошкі ўздымацца (дакладней, адштурхнулася ад дна), былі замарожаны прынцыпова важныя перамовы з МВФ, які гатовы даць грошы пад лагодны працэнт, але наўзамен патрабуе рэформаў, і найперш — у неэфектыўным дзяржсектары.

Беларускае кіраўніцтва малюе сябе абаронцам простага люду: маўляў, з бессардэчным МВФ цяжка зварыць кашу таму, што ён вымагае задраць камуналку, кошт праезду ў грамадскім транспарце. Аднак жа эмвээфаўцы злілі інфу, што мінулым летам перамовы былі прыпыненыя менавіта праз негатоўнасць беларускіх уладаў рэфармаваць сектар дзяржпрадпрыемстваў.

Красамоўны штрых: эфектыўнасць дзяржаўных прадпрыемстваў у Беларусі, як сведчыць свежая аналітычная запіска МВФ, у сярэднім утрая ніжэйшая, чым эфектыўнасць прыватных кампаній. Фонд прапануе рэструктураваць дзяржаўны сектар. Аднак замест гэтага ўрад збіраецца, як заявіў сёння Сямашка, падтрымаць дзяржпрадпрыемствы шляхам рэструктурызацыі… пазыкаў. Прасцей кажучы, адсунуць іх на потым.

Але ў многіх выпадках гэта тое самае, што даваць алкаголіку яшчэ адну пляшку на павер. Нават Аляксандр Лукашэнка днямі наракаў на нарадзе: “Цяпер прыйшоў час даўгі вяртаць, пагашаць пазыкі. Але зноў хваля прапаноў аб яшчэ адной рэструктурызацыі. Матывацыя тая ж: угаворы, стогны, плач”.

І хоць прэзідэнт сварыцца, вельмі падобна на тое, што стогны чарговы раз спрацуюць, бо дзяржсектар у нас — святая карова. Між тым цяжар падтрымання неэфектыўных заводаў, гэтых дыназаўраў сацыялістычнай індустрыі, кладзецца на бюджэт, гэта значыць на нас, падаткаплатнікаў. Вось такі фальшывы клопат пра народ, які насамрэч ужо каторы год па поўнай расплачваецца за саўковае кіраўніцтва эканомікай.

Яна ў нас застаецца, як бачым, у значнай ступені дзяржаўнай, сыравіннай і шалёна залежнай ад Расіі. Між тым расійскі рубель, паводле прагнозаў шэрагу экспертаў, можа абваліцца праз новыя амерыканскія санкцыі супраць Масквы, якія пачнуць дзейнічаць у лютым. Калі гэты сцэнарый спраўдзіцца, то і абвал беларускага рубля непазбежны, ніякі Калаур яго не ўтрымае.

Страта ж фінансавай стабільнасці, як зазначае той самы МВФ, можа прывесці, сярод іншага, да адтоку з краіны найбольш кваліфікаваных кадраў. І тады — гэта я ўжо ад сябе дадаю — мары пабудаваць тут ІТ-краіну таксама ляснуцца.

Дарэчы, паводле таго ж Сямашкі, выручка Парка высокіх тэхналогіяў па выніках года складзе мільярд долараў, прычым ПВТ паспяхова працуе незалежна ад крызісных з’яваў вакол, “штогод дадае ў доларавым і рэальным эквіваленце”.

Заўважце: мільярд як з куста, без усялякіх уліванняў з бюджэту, селектарных нарад пра вырошчванне біткоінаў і г.д. І ніякай залежнасці ад расійскіх энерганосьбітаў. Вось вам мадэль сапраўднага прагрэсу ды пазбаўлення ад нафтавага праклёну.

Здаецца, беларускае начальства ацаніла залатую жылу. Лукашэнка вось-вось падпіша дэкрэт аб ПВТ 2.0. Але, зноў жа, мы бачым стварэнне нейкіх эксклюзіўных умоў толькі для асобнага кластара (за кошт якога, відаць, спадзяюцца прадоўжыць існаванне састарэлага дзяржсектара), а не стратэгічны пераход да ліберальнай, з празрыстымі універсальнымі правіламі, мадэлі бізнесу ў краіне. Звыш таго, указы і дэкрэты мало што значаць, калі няма прававой дзяржавы. А гэта ўжо пытанне і палітычных рэформаў.

Нарэшце, нават пры выхадзе на параметры пяцігодкі (што само па сабе вельмі праблематычна) рост беларускай эканомікі акажацца сціплым. Мы ўсё адно адстаем ад перадавога свету і ўпіраемся лбом у пытанне палітычнай волі да рэформаў. Без іх міжнародныя крэдыторы дружна прарочаць Беларусі зацяжную стагнацыю, пастку нізкіх тэмпаў росту.

Напрыклад, паводле прагнозу Еўразійскага банка развіцця прырост ВУП Беларусі ў 2018—2020 гадах складзе толькі 1,7%. Сусветны банк прагназуе на два наступныя гады блізу 2%. МВФ мяркуе, што налета наша эканоміка прырасце толькі на 1,8%. Беларускія ж урадоўцы, паводле нядаўняй заявы прэм’ера Андрэя Кабякова, замахнуліся ў 2018 годзе аж на 3,5%. Але досвед паказвае, што міжнародным экспертам варта верыць болей, чым тутэйшым чыноўнікам, звыклым да мажорных рапартаў у савецкім духу.

Іначай кажучы, сённяшняя беларуская мадэль уперлася ў межы сваіх магчымасцяў. Калі яе не змяняць, то кволыя станоўчыя трэнды, пра якія радасна рапартуюць ўрадоўцы (Сямашка нават па-бальшавіцку назваў 2017 год пераломным), могуць ляснуцца як двойчы два. Во і будзе вам тады пералом.

Аляксандр Класкоўскi, Народная Воля

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: