Партал сацыяльнай абароны насельніцтва зрабіў сэрвіс пад назвай «калькулятар пенсій». З яго можна даведацца толькі адно — годных пенсій беларусам пакуль не відаць.

Фота vse42.ru

 

Але сервіс усё ж такі вельмі цікавы. І прываблівае сваёю шчырасцю і адкрытасцю з першай жа старонкі.

Які ж у нас заробак?

Побач з калькулятарам змяшчаюцца асноўныя паказчыкі таго, сыходзячы з чаго пенсія і разлічваецца. З іх мы даведваемся, што мінімальная пенсія складае 51,65 рубля.

Праўда, гэтая мінімальная пенсія на сайце — толькі для разлікаў. У рэаліях выплачваецца «мінімальная сацыяльная пенсія», якая складае 50 працэнтаў бюджэту пражытковага мінімуму.

А бюджэт пражытковага мінімуму зараз — аж 206,58 рубля. «Сацыяльная пенсія» пераканаўча даказвае, што аніякай сацыяльнай дзяржавы ў нас не існуе і блізка. Дзяржава, якая забяспечвае мінімальную сацыяльную пенсію ў два разы меншую за пражытковы мінімум — то бок, неабходны для простага выжывання ўзровень, — наўрад ці можа называцца «сацыяльнай».

Але гэта яшчэ не самая цікавая лічба!

Паводле дадзеных парталу сацыяльнай абароны насельніцтва, сярэдні заробак па краіне ў нас складае 696 рублёў 88 капеек. А зараз звернемся па дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі. Паводле яго, намінальная налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў Рэспублікі Беларусь у красавіку 2018 года склала 921 рубель.

Улічваючы, што ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва мы сплачваем падаткі менавіта з налічанага заробку, наўрад ці партал сацыяльнай абароны будзе паказваць рэальна выдадзены заробак — то бок, заробак ужо за вылікам падаткаў і збораў. Такая лічба на гэтым рэсурсе — проста ні да чаго. Тым больш, што лічба на партале — «працоўная». Яна патрэбная для разліку каэфіцыенту заробку (каэфіцыент разлічваецца проста: заробак працоўнага «бруднымі», то-бок без выліку збораў і падаткаў, дзеліцца на сярэдні налічаны (!) заробак па краіне). Значыць, лічба 696,88 — гэта лічба сярэдняга налічанага заробку па краіне ад парталу сацыяльнай абароны.

І гэтая лічба аніяк не карэлюецца з лічбай Белстата.

Пытанне: хто хлусіць? Белстат ці…?

Фота brest.biz

 

Пенсій не відаць

Самае складанае ў пенсійным калькулятары — вылічыць каэфіцыент заробку. Але гэтым мы замарочвацца не будзем. Мы возьмем умоўна «сярэднестатыстычную» жанчыну, якая пасля школы паступіла ва ўніверсітэт, ва ўзросце 23 гадоў яго скончыла. Пры гэтым нарадзіла двух дзяцей — то бок, два разы сыходзіла ў дэкрэтны адпачынак (мінус шэсць гадоў стажу). І пры гэтым усё жыццё працавала, скажам, настаўніцай у адной і той жа школе, атрымліваючы сярэдні па краіне заробак (каэфіцыент = 1). Паводле новых правілаў, яна выйдзе на пенсію ў 60 гадоў. Такім чынам, у яе набіраецца 30 гадоў працоўнага стажу (1 год накінем на «выпрабавальны тэрмін»).

Пенсійны калькулятар кажа, што ў такім выпадку яе пенсія складзе сціплыя 303 рублі. Па 10 рублёў за кожны год працы.

Сума, канешне, уражвае адмоўна. Асабліва з улікам таго, што на працягу 30 гадоў кожны месяц гэтая настаўніца (дакладней, яе працадаўца) адлічвала ў Фонд сацыяльнай абароны каля траціны свайго заробку.

Але і гэта яшчэ не самае прышпільнае. Самае прышпільнае (узрадуйцеся, феміністкі!), што працоўны мужчына ў тых жа ўмовах (30 гадоў стажу з сярэднім па краіне заробкам) атрымае 279 рублёў пенсіі. То-бок, у роўных умовах пенсія ў мужчын ніжэйшая. Чаму? «Сие тайна великая есть, покрытая мраком».

Пастка страхавога стажу

Але насамрэч апісаная намі беларуска — гэта такі, як кажуць у інтэрнэце, «сферычны конь у вакууме», то-бок, ідэальная мадэль. Жыццё ж няпростае, у ім ёсць розныя сітуацыі — добрыя і дрэнныя. І наўрад ці хто не апынаўся за 30 гадоў у складанай сітуацыі. Тым больш у нашы мабільныя часы наўрад ці хто будзе працаваць 30 гадоў на адным месцы працы.

І вось тут пачынаецца пастка: каб атрымаць працоўную пенсію па ўзросце і за выслугу гадоў (акрамя дасягнення ўстаноўленага ўзросту), патрэбная наяўнасць мінімальнага страхавога стажу. У 2018 годзе ён павінен быць не менш за 16 гадоў 6 месяцаў.

У чым праблема? Агульны працоўны стаж — гэта сукупная працягласць працоўнай, прадпрымальніцкай, грамадскай і іншай дзейнасці, усталяванай заканадаўствам. Ён уключае ў сябе, апроч працоўнай дзейнасці, ваенную службу, дэкрэтны адпачынак, перыяд часовай непрацаздольнасці, перыяд знаходжання на інваліднасці, а таксама адпачынак па доглядзе за інвалідам і іншае.

Страхавы ж стаж — гэта час, у які працадаўца (альбо сам грамадзянін, як прадпрымальнік) рабіў абавязковыя адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. То-бок, вышэйпералічаныя пункты (апроч працоўнай дзейнасці) у гэты стаж не ўключаюцца.

Такім чынам, напрыклад, чалавек, які даглядае інваліда, атрымлівае стаж працоўны, але не атрымлівае страхавы! І на падставе адсутнасці страхавога стажу пенсія яму не налічваецца ўвогуле!

У гэтую пастку трапіла даволі шмат народу. У выніку нашы дэпутаты «зрабілі ласку»: для тых, хто даглядаў інвалідаў I групы, дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў або састарэлых сваякоў, а таксама для сілавікоў і вайскоўцаў, якія адслужылі мінімум 10 гадоў, але не паспелі атрымаць права на спецыяльную пенсію, — мінімальны страхавы стаж скарацілі да 10 гадоў. Але для ўсіх астатніх ён павялічваецца кожны год на паўгода і да 2025 года павінен скласці 20 гадоў.

Варта адзначыць, што ў параўнанні, напрыклад, з Расіяй і Украінай, страхавы стаж у Рэспубліцы Беларусь мае самыя строгія правілы вылічэння. У згаданых краінах у страхавы стаж не ўключаецца толькі навучанне ў ВНУ і ССНУ, усталяваныя пэўныя межы па працягласці дэкрэтнага адпачынку (у Расіі — па 1,5 гады на адно дзіця, ва Украіне — па 3 гады).

Між тым, у той жа Украіне з 2018 года страхавы стаж таксама падвышаецца — з 15 да 25 гадоў па беларускім прынцыпе: са штогадовым павелічэннем на 12 месяцаў. Але тым, хто з-за навацыяў не паспявае набраць страхавы стаж, закон дапускае яго кампенсацыю праз плацяжы ў пенсійны фонд. Абмяркоўваецца такі варыянт і ў Літве.

У нас «дакупіць» страхавы стаж нельга, і пакуль такая магчымасць, па словах міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч, не разглядаецца.

Сітуацыя будзе пагаршацца

Зразумела, пенсійная рэформа адбываецца не ад добрага жыцця. У Беларусі скарачаецца колькасць працоўных і павялічваецца колькасць пенсіянераў, чаго Фонд сацыяльнай абароны не вытрымлівае.

Як вынікае са зборніка Белстата «Беларусь у лічбах, 2018», колькасць занятых у эканоміцы на аднаго пенсіянера скарачаецца. Калі 2014 годзе на аднаго пенсіянера прыпадала 1,69 працоўных, то ў мінулым годзе — толькі 1,59. У 2016 годзе на 100 працуючых беларусаў прыпадала 62 пенсіянеры.

Працуе на пенсіі кожны чацвёрты беларус — 24,9% ад агульнай колькасці пенсіянераў. У 2017 годзе 646 тысяч беларусаў працягвалі працаваць пасля выхаду на заслужаны адпачынак. Але скарачаецца і гэтая лічба. У 2015 годзе працуючых пенсіянераў была 651 тысяча.

Такім чынам, хутка проста не будзе за кошт каго плаціць пенсіі.

Як зарабіць пенсію?

Што ж рабіць беларусу ці беларусцы, каб зарабіць не дзяржаўныя слёзы, а годную пенсію?

Выйсце, падаецца, відавочнае. Калі дзяржава не ў стане плаціць нармальную пенсію, ёсць тры варыянты.

Варыянт першы: нічога не плаціць у Фонд сацыяльнай абароны, а пенсію назапаш­ваць самастойна. Да гэтага нас і падштурхоўвае «пенсійны калькулятар». Але гэта адначасова і стымуляванне «заробкаў у канвертах», з чым мы, падаецца, увесь час змагаемся з пераменнай паспяховасцю.

Але Фонд сацыяльнай абароны пенсіі не назапашвае — ён іх выплачвае. І, калі мы раптам спынім яго фінансаванне, то пенсіянеры не атрымаюць пенсіі зараз.

Другое выйсце апошнім часам падказваюць нам розныя высокія чыноўнікі і Аляксандр Лукашэнка персанальна: выхоўваць дзяцей так, каб яны дапамагалі састарэлым бацькам. Аднак як іх увогуле мець, гэтых дзяцей, калі іх нараджэнне і выхаванне дзяржава падтрымлівае толькі на словах, а на справе ну ніяк не ўлічвае дэкрэтны адпачынак у пенсійным забеспячэнні? Атрымліваецца замкнёнае кола: мы не нараджаем дзяцей, каб не згубіць пенсію, а пенсіі не будзе, таму што ў нас няма дзяцей (чытай — будучай працоўнай сілы, якая заплаціць унёскі ў ФСАН, калі на пенсію выйдзем мы).

Трэцяе выйсце — самае складанае. Гэта пачаць рэформу пенсійнай сістэмы. Не «рэформу» ў выглядзе падвышэння пенсійнага ўзросту, а «сістэмы». То-бок, як гэта і робіцца ў нармальных краінах (чытайце матэрыял Віталя Махнача «Хто корміць дармаедаў» у №13 «НЧ» за гэты год), перавесці ФСАН у нармальны, празрысты інвестыцыйны фонд. У якога не ўзнікаюць «дзіркі» невядома чаму, які не спансуе дзяржаўныя мегапраекты. Можна даць магчымасці назапашвальнай пенсіі — разам з дзяржаўнай. Шмат чаго можна зрабіць.

Але беларускія чыноўнікі ад сацыяльнай абароны, замест таго, каб выпрацаваць і пачаць рэформу пенсійнай сістэмы, толькі і робяць, што скардзяцца на недахоп грошай.

Выбачайце, а куды вы іх па­дзелі — нашы падаткі і адлічэнні?

Таццяна Лісічэнка, Новы Час

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: