Увайшоўшы ў залу Палаца Рэспублікі, я ўважліва прыглядаўся, хто гэтыя людзі, якія аддалі ад 60 да 150 рублёў, каб за гэтыя грошы паслухаць тэлевядоўцу, якога яны і так бясплатна глядзяць амаль штодня ў сваіх тэлевізарах.

Віталь Цыганкоў, svaboda.org

Віталь Цыганкоў, svaboda.org

Публіка была пераважна старэйшага ўзросту, ад 50 і больш, не самага малога дастатку, добра, але без шыку апранутыя пенсіянеры, з прадчуваннем непазбежнага свята ў вачах. Сустракаліся і мужчыны ў шэрых чынавенскіх строях гадоў пад 40, і цэлыя сем’і — мама з дачкой, напрыклад, ці бацька з сынам. Гледзячы на іх, я адразу ўяўляў, як кожны вечар яны разам сядаюць каля тэлевізара, уключаюць сваю любімую тэлеперадачу, і глядзяць яе да самай апошняй хвілінкі, нягледзячы на тое, што заканчваецца яна каля другой гадзіны начы.

Тое, што ў залі знаходзяцца зацятыя і адданыя спажыўцы салаўёўскага прадукту — стала відавочна даволі хутка, калі гледачы вельмі жвава і прыхільна рэагавалі на прозвішчы (невядомыя мне) сталых удзельнікаў ток-шоў — украінца, амерыканца, паляка. Кожнае імя ўспрымалася аўдыторыяй з цэлай гамай эмоцыяў — відавочна, гэтыя персанажы даўно сталі для гледачоў сваімі, роднымі. Калі пачалі задаваць пытанні ад мікрафону, то амаль кожны другі не прамінуў заявіць, што не толькі глядзіць «усёй сям’ёй» перадачы Салаўёва, але нават запісвае іх і пераглядае.

У такой атмасферы маскоўскі госць адчуваў сябе як рыба ў вадзе. Ягоны выступ паводле стылю нагадваў канцэрт коміка, аднак з прэтэнзіяй на глыбіню і філасафічнасць. Выступаючы ў тым самым фрэнчы, што і ў тэлеэфіры, Салаўёў трымаў аўдыторыю, выдатна ведаючы, што ёй спадабаецца і на якія рэплікі і метафары яна будзе найбольш прыхільна адгукацца. Побач са мной сядзеў чалавек, які пасля найбольш яркіх рэплік вядучага скакаў у сваім крэслы ў захапленні, бадай, як на футбольным матчы.

Жарты пра геяў і анекдоты пра Лукашэнку спалучаліся з драматычнымі паўзамі, сэнтэнцыямі пра Другую Сусветную і цытатамі з Бібліі. Але непрыкметна і рознымі шляхамі ўсё гэта вяло да галоўнага тэзісу — Расія вясёлая, добрая і зычлівая, Захад злобны, ваяўнічы і антымаральны, сучасная заходняя цывілізацыя пярэчыць Богу і традыцыі.

Мяне, аднак, больш цікавіў не сам Салаўёў, а аўдыторыя, тыя некалькі тысяч беларусаў, што амаль цалкам запоўнілі вялікую залу Палаца Рэспублікі. Вось беларус пытаецца ад мікрафона ў расійскага тэлежурналіста, чаму ж Расія не ўводзіць войскі ва Ўкраіну. Салаўёў адказвае — не маем права, «не дачакаецеся».

Вось выходзіць іншы, задае пытанне і прадстаўляецца: Ялта, Рэспубліка Крым, Расійская Федэрацыя. У залі апладысменты, амаль авацыя. А вось сам Салаўёў зачытвае наступнае пытанне — «Забярыце нас як Крым». «Ні ў якім разе» — тэатральна ўскрыквае тэлевядучы. — Вы самастойная дзяржава, і самі павінны вырашаць свой лёс».

Калі б Салаўёў адказаў — «а вось хутка і забярэм» — баюся, я таксама пачуў бы авацыі.

Віталь Цыганкоў, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: