25 сакавіка ў Варшаве пройдзе шэсце, а асноўныя мерапрыемствы будуць праходзіць у Беластоку.

Актывісты Беларускага дому на прэс-канфэрэнцыі, прысвечанай падзеям на 100-годдзе БНР.
Фота: Беларускі дом у Варшаве

 

Беларускі дом у Варшаве распачынае Маратон незалежнасці, прысвечаны 100-годдзю БНР. Святкаваньне гэтай важнай даты для беларусаў у Польшчы будзе адбывацца ў сукупнасці са святкаваннямі 100-годдзя незалежнасці Польшчы. У Варшаве пройдзе шэсце, а асноўныя мерапрыемствы будуць праходзіць у Беластоку.

На першым пляне Алесь Зарэмбюк, на другім – Уладзімір Кобец Фота: Беларускі дом у Варшаве

 

Сустаршыня Беларускага дому Алесь Зарэмбюк гаворыць, што маратон будзе працягвацца з 25 сакавіка да 11 лістапада, калі Польшча святкуе 100-годдзе сваёй незалежнасці.

А. Зарэмбюк: 11 і 25 чысла кожнага месяца, пачынаючы з 25 сакавіка, будуць адбывацца розныя мерапрыемствы, прысвечаныя польскай і беларускай незалежнасці. Мы лічым гэта важным у сённяшняй палітычнай сытуацыі ў рэгіёне. Мы таксама плянуем зрабіць выставу ў польскім парлямэнце. Таксама мы хочам зрабіць кароткі адукацыйны ролік пра БНР і незалежнасць, паколькі многія, нягледзячы на дастатковую колькасць інфармацыі, ня маюць ведаў на гэтую тэму.

Паводле Ўладзіміра Кобеца, сустаршыні Беларускага дому, падчас маратону будзе падкрэслівацца тое, што плян, які беларускія лідары распачалі ажыццяўляць 100 год таму, быў агульным для народаў Усходняй і Цэнтральнай Эўропы.

У. Кобец: На руінах чатырох імпэрый зняволеныя народы пачалі будаваць свае нацыянальныя дзяржавы. Гэта ня быў местачковы праект. Гэта быў агульны праект. Беларусы, як эўрапейская нацыя, рушылі ў тым самым напрамку, якім пайшлі суседнія народы.

Уладзімір Кобец расказаў, што Беларускі дом разам з Нямецкім інстытутам у Польшчы 20 сакавіка а 18 гадзіне ладзіць канфэрэнцыю, прысвечаную БНР. У ёй прымуць удзел навукоўцы і гісторыкі з усяго свету. Месца: Нямецкі гістарычны інстытут, аl. Ujazdowskie 39.

Вітаўт Сіўчык       Фота: Беларускі дом у Варшаве

 

Варшаўскае шэсце 25 сакавіка будзе ісці традыцыйнай трасай, якая мае сымбалічнае значэнне – гаворыць Вітаўт Сіўчык з Руху салідарнасці «Разам».

В. Сіўчык: Шэсце распачнецца а 11 гадзіне ад помніка Тадэвушу Касцюшку на пляцы Żelaznej bramy. Пасля невялічкага мітынгу шэсце скіруецца вуліцамі Marszałkowska, Świętokszyska, Nowy Świat, Krakowskie Przedmieści помніка Адаму Міцкевічу. Траса з’яўляецца традыцыйнай. У мінулыя гады беларусы Варшавы святочна адзначалі Дзень Волі менавіта на гэтых вуліцах. Траса сымбалічная, паміж двума помнікамі. Адам Міцкевіч і Тадэвуш Касцюшка – гэта дзве постаці, якія яднаюць палякаў і беларусаў. Падчас шэсця перадусім будзем акцэнтаваць увагу на свяце, паколькі гэта вялікі дзень для ўсіх беларусаў. Будзем спяваць песні, нацыянальныя гімны. Заклікаем усіх браць з сабой ня толькі сцягі, але і добры настрой.

Як расказаў Вітаўт Сіўчык, пасля шэсця плянуецца інтэлектуальная вечарына. Віктарына, прысвечаная БНР, пройдзе а 15 гадзіне ў Jack’s Cinema Bar, вул. Bracka, 18, вядучы – Аляксандар Лапко.

У Беластоку 25 сакавіка а 10 гадзіне ў царкве святога Яна Тэоляга, вул. Z. Herberta 1, распачнецца Святая літургія і малебен за беларускі народ. У 15.00 распачынаюцца ўрачыстасці ў Падляскай опэры і філярмоніі, вул. Podleśna 2. Акрамя лекцый гісторыкаў чакаецца выступ танцавальных падляскіх калектываў і канцэрт Лявона Вольскага.

 

Польскае Радыё

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: