Новазаводзкі раённы суд Чарнігава падоўжыў яшчэ на два месяцы арышт грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, які абвінавачваецца ў збіранні сакрэтнай інфармацыі ва Ўкраіне на карысць замежнай дзяржавы.

Юры Палітыка

 

Першае паседжанне суду мелася адбыцца напярэдадні, але яго перанеслі на сёння праз адсутнасць адвакатаў. Абаронцы Юрыя Палітыкі сцьвярджаюць, што не атрымалі з суду паведамлення пра падрыхтоўчае паседжанне, а некаторыя з іх былі занятыя на іншых судовых працэсах.

Справа Юрыя Палітыкі была перададзеная ў суд сёлета ў лютым. Першапачаткова справу беларуса разглядаў Чарнігаўскі раённы суд Чарнігаўскай вобласці. Аднак да разгляду справы па сутнасці так і не дайшлі — паседжанні пераносіліся некалькі разоў, у тым ліку і з прычыны няяўкі адвакатаў, а ў траўні калегія суддзяў узяла самаадвод.

Да 15 гадоў зняволення

Паводле 114-га артыкулу Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, дзе гаворыцца пра шпіёнства, Юрыю Палітыку пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасці. Згодна з працэсуальным заканадаўствам Украіны толькі пасля таго, як суд вынесе вэрдыкт аб законнасці абвінаваўчага акту, справа можа разглядацца па сутнасці.

Грамадзяніна Беларусі затрымалі ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы з Беларуссю. Падчас затрымання ў ягоным тэлефоне знайшлі зашыфраваны файл з мапай размяшчэння вайсковых падраздзяленняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм».

Паўгода да затрымання спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэннямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Справа супраць беларуса была адкрытая на падставе заявы вайскоўца   Дзмітрыя Острыка, які цяпер у зоне вайсковай апэрацыі на Данбасе. Паводле Юрыя Палітыкі, ён пазнаёміўся зь Дзмітрыем Острыкам у грамадзкай арганізацыі «Поўнач», якая дапамагала памежнікам ахоўваць дзяржаўную мяжу Ўкраіны. Беларус хацеў працаваць валянтэрам у гэтай арганізацыі.

Ці абмяняюць Палітыку на Шаройку?

Украінскія экспэрты выказвалі меркаванні, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ на затрыманне Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Паўло Шаройка ўжо асуджаны беларускім судом на 8 год турмы за шпіянаж.

Прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Украіны Ўладзімір Шкуроў казаў Свабодзе, што ўлады Беларусі і Ўкраіны абмяркоўваюць абмен Шаройкі на Палітыку, але гэта «далікатнае пытанне».

Пазней і старшыня Камітэту дзяржаўнай бяспекі Беларусі Валер Вакульчык заявіў, што «не выключае» ў будучыні абмену паміж Менскам і Кіевам грамадзянамі, абвінавачанымі ў шпіянажы.

Алена Літвінава, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: