Лідэры анархісцкага руху зьвязваюць перасьлед з падрыхтоўкай да Эўрапейскіх гульняў у Менску.

Адзін з затрыманых 20 красавіка ў вёсцы Тэўлі Кобрынскага раёну актывістаў анархісцкага руху паведаміў Свабодзе, што ён напісаў скаргу на дзеяньні міліцыі.

З дапамогай праваабаронцаў ён хоча перадаць скаргі ў пракуратуру і МУС Беларусі.

«За тое, што білі, падымалі за кайданкі, зьневажалі», — сказаў жыхар Берасьця Дзьмітры, адзін з затрыманых.

Паводле Дзьмітрыя, некаторыя з затрыманых 20 красавіка ў Кобрынскім раёне хлопцаў таксама будуць абскарджваць дзеяньні міліцыянтаў пры іх затрыманьні.

Атрымаць камэнтар прэсавай службы МУС наконт скаргаў анархістаў на зьдзекі і пабоі Свабодзе пакуль не ўдалося.

Вызвалілі ўсіх анархістаў, затрыманых у Кобрынскім раёне

Тым часам усе затрыманыя ў вёсцы Тэўлі анархісты ўжо на волі.

Пра вызваленьне з ізалятару 6 чалавек, затрыманых 20 красавіка, паведаміў карэспандэнту Свабоды актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў. Паводле ягоных зьвестак, 22 красавіка 6 хлопцаў адпусьцілі з ізалятару часовага ўтрыманьня Кобрынскага РАУС без складаньня пратаколаў аб правапарушэньні. Іх затрыманьне патлумачылі неабходнасьцю высьветліць асобы. Раней, 21 красавіка, зь міліцыі Кобрыньскага раёну ўжо адпусьцілі пяцёх.

Узмацненьне ціску на анархістаў Вячаслаў Касінераў зьвязвае з падрыхтоўкай да Эўрапейскіх гульняў, якія пройдуць у чэрвені ў Менску.

У аддзеле інфармацыі і сувязяў з грамадзкасьцю Берасьцейскай абласной міліцыі зьвесткі пра вызваленьне ўсіх затрыманых камэнтаваць адмовіліся.

«Калі будзе патрэбна, мы зьмесьцім інфармацыю на сайце», — сказаў супрацоўнік аддзела Ільля Помін. Раней міліцыя казала пра тое, што затрыманых актывістаў абвінавачваюць у хуліганстве:

«Так, у нас 6 чалавек такіх ёсьць. Іх вінавацяць у дробным хуліганстве, віну вызначыць суд», — казаў супрацоўнік ізалятару часовага ўтрыманьня ў Кобрыні.

Ператрусы і канфіскацыі

Анархіст Дзьмітры, адзін з тых, хто быў затрыманы ў вёсцы Тэўлі пад Кобрыньню, паведаміў Свабодзе, што 22 красавіка ў кватэрах трох актывістаў (двух менчукоў і гарадзенца) пакуль яны знаходзіліся ў Кобрынскім ізалятары, прайшлі ператрусы.

Сярод тых, у каго абшуквалі жытло, быў менчук Раман Халікаў, які расказаў Свабодзе пра дэталі.

«У кватэры, дзе я пражываю, ператрус рабілі міліцыянты. Сказалі, што гэта зьвязана з нашым затрыманьнем пад Кобрыньню. Паказвалі гаспадару паперу, на падставе якой рабілі вобшук, але ня ведаю, якую дакладна, ці быў гэта ордэр, — мяне ж не было. Забралі на праверку ноўтбук, некалькі мабільных тэлефонаў, прынтэр, фарбу, кавалак тканіны. Гэткія ператрусы ў мяне не ўпершыню, ужо пяты перажыў», — сказаў Раман.

Паводле яго, падчас ператрусаў у ягоных паплечнікаў міліцыянты таксама забралі пэрсанальныя кампутары, улёткі ды іншыя рэчы з анархісцкай сымболікай.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...