Генэральная пракуратура Ўкраіны расследуе справу ў дачыненні службовых асобаў дзяржаўнага прадпрыемства «Укргазвидобування», якія абвінавачваюцца ў завалоданні дзяржаўнымі сродкамі ў асабліва буйных памерах.

Ілюстрацыйнае фота

 

У прыватнасці, следчыя пракуратуры перакананыя, што падчас правядзення тэндэраў на распрацоўку газавых радовішчаў у Палтаўскай і Харкаўскай абласцях прадстаўнікі ўкраінскага прадпрыемства «ў змове са службовымі асобамі замежных кампаніяў» перавысілі вартасць адпаведных працаў.

Сярод гэтых замежных кампаніяў называюцца румынская Tacrom Services S.R.L. і беларускае прадпрыемства «Беларуснафта». Летась кожная з гэтых кампаніяў падпісала з «Укргазвидобування» рамачную дамову на правядзенне 100 апэрацыяў гідраразрыву пластоў на агульную суму 400 мільёнаў грыўняў (амаль 15 мільёнаў даляраў у эквіваленце — РС).

На патрабаванне пракуратуры суд прызначыў пазаплянавую праверку «Укргазвидобування» наконт выканання заканадаўчых нормаў у сфэры нетракарыстання. У прыватнасці, падчас праверкі мусяць высветліць наяўнасць адмысловых дазволаў на правядзенне працаў і іх узьдзеянне на наваколле.

Разам з тым, паводле ўкраінскіх СМІ, у крымінальнай справе ўжо ёсць матэрыялы, што сведчаць — працы па гідраразрыве пластоў праводзіліся без дазвольных дакумэнтаў у парушэнне тэхналягічных і экалягічных патрабаванняў. Калі гэта будзе даведзена ў судзе, то залучэнне беларускай і румынскай кампаніяў будзе прызнанае незаконным.

Экспэрт энэргетычных праграмаў Цэнтру Разумкова (Кіеў) Віктар Лагацкі мяркуе, што сытуацыя стала вынікам канкурэнтнай барацьбы на газавым рынку:

«Вельмі шмат кампаніяў, якія хацелі б даваць Украіне паслугі ў нафта- і газасэрвісе. Гэты рынак вельмі цесны — ёсць польскія кампаніі, украінскія, кітайскія, харвацкія… Паміж імі і трывае канкурэнцыя, бо на гэтым рынку цяпер ёсць рэальныя кошты, таму і вядзецца такая барацьба», — патлумачыў экспэрт.

Чытайце па тэме:  Танки и "Гвоздики" боевиков перемещаются по линии разграничения

Віктар Лагацкі выключае магчымасць удзелу кіраўніцтва прадпрыемства «Укргазвидобування» у карупцыйнай змове:

«Новы мэнэджэмэнт — гэта выхадцы з аўтарытэтнай міжнароднай кампаніі McKinsey&Company. Я ня веру ў гэта. З пункту гледжання дзелавой этыкі, такі мэнэджмэнт ня будзе браць удзел у нейкіх гульнях паводле дамоўленага сцэнару у тым або іншым тэндэры. Я мяркую, што тэндэр адбыўся настолькі празрыста, на колькі гэта дазваляла створаная ва Ўкраіне сыстэма дзяржаўных закупак ProZorro. Ня думаю, што гэтая справа завершыцца разрывам кантрактаў», — дадаў экспэрт.

Свабода

 


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.