Каманда беларускіх распрацоўшчыкаў збіраецца прэзентаваць 9 кастрычніка новую віртуальную валюту пад назвай «крыпта-талер» або проста «талер». Першыя тэставыя транзакцыі прайшлі яшчэ 13 верасня. Распрацоўшчыкі не называюць сваіх імёнаў.

Сваёй мэтай яны называюць эканамічнае развіццё Беларусі «крыху іншым шляхам, чым той, якім нам прапануюць надзьмутыя ад адчування ўласнай значнасці ўрадавыя чыноўнікі ў касцюмах». Дабрабыт беларусаў, пішуць распрацоўшчыкі, цяпер залежыць ад таго, наколькі паспяховымі (а часцей правальнымі) будуць дзеянні чыноўнікаў, а крыптавалюта мае забяспечыць рост «знізу», праз малы бізнэс і стартапы, паведамляе Радыё Свабода.

Пачатковы курс абвешчаны роўным 10 беларускім рублям за 1 крыпта-талер. Эмісія абмежаваная альгарытмамі: крыпта-талераў можа быць не болей за 23 333 333 адзінкі.

«Нацбанк Вяйшнорыі», які раней абвяшчаў аб планах па выпуску рэальнага талера, заявіў Свабодзе, што не звязаны з «крыпта-талерам» і ўспрымае яго як фінансавую піраміду або «праект на авось».

Як гэта працуе, простымі словамі

Крыпта-талер працуе паводле тэхналогіі блокчэйну на базе алгарытму SHA-256, праз які працуе і самая папулярная ў свеце крыптавалюта — біткоін.

Біткоін, як і іншыя крыптавалюты, не маюць купюраў ці манетаў, як рэальныя, і не кантралююцца цэнтральнымі банкамі. Гэтая сістэма дазваляе ананімна абменьвацца ўмоўнымі віртуальнымі адзінкамі (і абменьваць іх на тавары ці рэальныя грошы).

Кожны можа спраўдзіць, якія аперацыі праводзіліся, але не можа спраўдзіць, між кім: вядомыя псеўданімы адпраўніка і прымальніка віртуальных грошай, але не іх рэальныя асобы. Курс крыптавалютаў вызначаецца толькі тым, колькі самі людзі гатовыя аддаць рэальных грошай за адзінку крыптавалюты.

Звесткі пра аперыцыі перадаюцца ланцужком шыфраваных кавалкаў — блокамі. Пры гэтым кожны блок мае інфармацыю пра папярэдні. Працу крыптавалютаў забяспечваюць самі карыстальнікі: даюць вылічальныя магутнасці сваіх кампутараў (усё часцей — адмысловых вылічальных «фермаў» з магутных кампутараў) для апрацоўкі пераводаў грошай праз інтэрнэт з дапамогай адмысловых праграмаў, за што самі атрымліваюць «плату» ў адзінках віртуальнай валюты. Гэта завецца «майнінгам» — здабычай крыптавалюты праз забеспячэнне яе існавання.

Чытайце па тэме:  ESET: хакеры майнят криптовалюту через браузеры российских пользователей

На момант публікацыі за 1 біткоін даюць больш за 4 тысячы долараў. Але за паўдні курс скакаў ад 4300 да 4400 долараў, а ад запуску ў 2009 годзе курс падскокваў ад пары цэнтаў за біткоін да амаль 5000 з наступным абвалам да 3000. Курсы іншых крыптавалютаў не больш стабільныя

Калі перастане працаваць адзін з кампутараў сістэмы, або нават калі ад сістэмы адключыцца цэлы кантынент, сістэма не «ляснецца», а працягне працаваць, не страціўшы звестак пра папярэднія і бягучыя пераводы грошай. «Забіць» крыптавалюту могуць толькі яе «здабытчыкі», калі перастануць даваць ёй вылічальныя магутнасці ў дастатковым аб’ёме.

Прававы статус крыптавалютаў няпэўны, вельмі адрозніваецца па краінах свету, але большасць краінаў не забараняе карыстацца імі. Дзе-нідзе ўжо можна расплаціцца крыптавалютай не толькі ў віртуальных, але і ў рэальных крамах. Але часта крыптавалюта (праз магчымасць застацца ананімным) выкарыстоўваецца для гандлю незаконнымі таварамі і паслугамі, напрыклад зброяй ці наркотыкамі.

Лукашэнку ўжо рыхтуюць нейкі ўказ пра блокчэйн і крыптавалюты

Калі беларускі Парк высокіх тэхналогіяў узначаліў стваральнік БРСМ Усевалад Янчэўскі, быў анансаваны новы дэкрэт Лукашэнкі пра IT-галіну, які атрымаў неафіцыйную назву «ПВТ 2.0». Праект дэкрэту ў тым ліку нейкім чынам рэгулюе блокчэйн і крыптавалюты, прадугледжвае іх увядзенне ў грамадзянскае абарачэнне. Але тэкст праекту не публікуецца, дэталі яго раскрываюць неахвотна.

 

Нацбанк Беларусі запусціў 17 ліпеня інфармацыйную сетку паводле тэхналогіі блокчэйн. Але яна выкарыстоўваецца не для выпуску крыптавалюты, а для перадачы банкаўскіх звестак паводле тых жа схемаў, што забяспечваюць работу крыптавалютаў. Пасля мяркуецца запусціць тэхналогію блокчэйн на рынку каштоўных папераў.

Чытайце па тэме:  "Депозит от тюрьмы - это повод для фантазий силовиков". Бизнес не хочет иметь спецвклад в банке

Развіццё блокчэйну у тым ліку падтрымліваў «Белгазпрамбанк», які нават ладзіў канферэнцыю пра яго і краўдфандынг.

Ці давяраць крыпта-талеру або біткоіну? Тлумачыць эканаміст Чалы

З крытыкай праекту «ПВТ 2.0» выступаў эканаміст Сяргей Чалы: маўляў, пакуль увесь свет спрабуе асэнсаваць, што такое блокчэйн, у Беларусі яго ўжо ўкараняюць — магчыма, лезуць паперад бацькі ў пекла.

Крыптавалюты нічым не забяспечаныя — і не павінны быць нечым забяспечаныя, тлумачыць Свабодзе Чалы. Давяраць ці не давяраць можна не асобе, якая запускае крыптавалюту, а алгарытму, паводле якога працуе сістэма. Ён называе крыптавалюты вяртаннем у мінулае — «лічбавым залатым стандартам», бо аб’ём выпуску крыптавалютаў звычайна абмежаваны (тых жа біткоінаў можа быць не больш за 21 мільён).

Але і пра долар ЗША кажуць, што ён «нічым не забяспечаны», бо за долар (як і за біткоін) не гарантуюць даць пэўную колькасць золата ці іншага каштоўнага рэчыва.

«Я лічу, што за шмат гадоў — за стагоддзі — нічога лепей не адпрацавана за тыя грошы, што збудаваныя на крэдыце і даверы між людзьмі, — кажа Чалы. — Вы можаце гнутка рэгуляваць прапанову грошай у залежнасці ад эканамічных абставінаў і тым самым дэмпфіяваць усялякія крызісы. А крыптавалюты гэтага зрабіць не могуць.

Ніякія грошы нічым не забяспечаныя — так і павінна быць. Яны павінны быць бессэнсоўнымі, каб мы іх выкарыстоўвалі: чым меней патрэбныя грошы, тым лепей яны працуюць. Калі золата нешта каштуе, узнікае праблема, бо яго могуць траціць, назапашваць… А ідэя грошай у тым, каб яны забяспечвалі абарот.

Чытайце па тэме:  "Депозит от тюрьмы - это повод для фантазий силовиков". Бизнес не хочет иметь спецвклад в банке

Але сутнасць грошай, збудаваных на крэдыце, а не тым ці іншым спосабе ператварэння тавару ў грошы, у тым, што за шмат гадоў цэнтрабанкі навучыліся гнутка ствараць і знішчаць грошы, каб рэагаваць на крызісы. І ніякія іншыя грошы, заснаваныя на тавары ці алгарытме, не могуць такога рабіць».

Чалы згадвае, што калі біткоін толькі з’яўляўся, ягоныя адэпты казалі, што цэнтрабанкі могуць ствараць грошы неабмежавана, што можа прыводзіць да іх абясцэньвання і гіперінфляцыі. Гэта сапраўды так, мяркуе эканаміст, але цяпер «такіх вар’ятаў на чале ўсясветных цэнтрабанкаў няма». З крыптавалютамі ж праблема ў тым, што алгарытм бароніць ад такіх «вар’ятаў», але не бароніць ад стварэння новых крыптавалютаў:

«Гэта здорава, што біткоінаў не можа быць больш за 21 мільён. Але гэта не значыць, што крыптавалютаў не можа быць больш за 21 мільён: побач з біткоінам выраслі этэрыюм, манэра, зэткэш і іншыя. Калі мне кажуць, што прапанова крыптавалюты абмежаваная, я ўпэўнена адказваю: не, абмежаваная прапанова кожнай крыптавалюты паасобку, але гэтых крыптавалютаў вырасла як грыбоў пасля дажджу. Уся логіка, што „крыптавалютаў мала, таму не будзе інфляцыі», не працуе».


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.