Што прынясе Беларусі 2019 год? Якімі будуць вынікі перапісу? Чым скончыцца інтэграцыйны канфлікт з Расеяй? Ці варта чакаць масавых пратэстаў? Ці будуць сёлета выбары? Разбіралася Радыё Свабода

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітычны аналітык Паўлюк Быкоўскі, расейскі журналіст Віктар Дзятліковіч, старэйшы фінансавы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб і галоўная рэдактарка інтэрнэт выданьня «Наше мнение» Валерыя Касьцюгова.

Што прынясе Беларусі 2019 год?

Дракахруст: Сёлета адбудзецца нацыянальны перапіс. У мінулым ад перапісу да перапісу зьніжалася доля тых, што называў беларускую мову роднай, і тых, хто казаў, што дома звычайна гаворыць на ёй. Зьмяншэньне з 1999 па 2009 было істотным, прыкладна на 10 адсоткавых пунктаў. Што пакажа перапіс 2019 году? Працяг гэтай тэндэнцыі ці яе злом?

Быкоўскі: Хутчэй можна чакаць працягу тэндэнцыі. Зараз няма падпіткі беларускамоўнасьці з боку вёскі, зараз беларускамоўных можна знайсьці хутчэй у гарадзкім асяродку. Таму мне падаецца, што тэндэнцыя працягнецца.

Дракахруст: Віктар да вас пытаньне, пра інтэрпрэтацыі ў Расеі магчымых вынікаў перапісу – калі ў Расеі ўбачаць, што беларускамоўных у Беларусі робіцца ўсё менш і менш, якую выснову з гэтага ў Расеі зробяць? Тую, што Беларусь робіцца ўсё больш Расеяй?

Дзятліковіч: У Расеі зараз уяўленьне пра Беларусь, як пра краіну абсалютна расейскамоўную. Таму зьмяншэньне долі беларускамоўных на якія 10% ня стане ніякім паказьнікам. Ва ўяўленьні расейцаў большасьць беларусаў гаворыць па-расейску.

Вось калі б тэндэнцыя зьмянілася, калі перапіс пакажы рост долі тых, хто размаўляе па-беларуску, гэта можа спарадзіць у Расеі, у палітычнай клясе, думкі, што Беларусь дыстанцуецца ад Расеі. Але пакуль гэтага няма, у Расеі будзе існаваць уяўленьне пра Беларусь, як пра расейскамоўную краіну.

Расея

Дракахруст: 2018 год завяршыўся вострым крызісам у беларуска-расейскіх адносінах. На стале – інтэграцыйныя прапановы Масквы, рэалізацыя пунктаў саюзнай дамовы – адзіная валюта, адзіная мытня. Ці будуць прынятыя гэтыя прапановы? Калі не, то ў якім аб’ёме захаваюцца расейскія бонусы для Беларусі?

Іосуб: Я мяркую, што ня будуць прынятыя ані беларускія прапановы, ані расейскія. Што тычыцца больш шчыльнай інтэграцыі і выкананьня дамовы аб саюзнай дзяржаве, то выканаць пункты гэтай дамовы цяжка выканаць проста тэхнічна.

Скажам, пытаньне пра мытню. Магчыма, з пункту гледжаньня расейцаў гэта азначае, што прадстаўнік РФ будзе на беларускай мытні з Польшчай ці Літвой. Але ці будзе гэта азначаць, што на мытнях РФ з Казахстанам ці Кітаем зьявіцца прадстаўнік Беларусі? Гэта цяжка ўявіць

І супольная мытня азначае, што Беларусь апынаецца ў коле санкцыяў супраць Расеі і расейскіх антысанкцыяў. Мы тады таксама будзе вымушаныя давіць трактарамі рыбную прадукцыю з Эўропы. Нікому гэта ня трэба.

Наконт адзінай валюты. Каб гэта было эканамічна абгрунтаваным, а не чыста палітычным рашэньнем, трэба спачатку рэалізаваць свабоду руху тавараў, паслугаў і капіталу, павінна быць агульная грашова-крэдытная палітыка, адзіная бюджэтна-падатковая палітыка. У бліжэйшыя 10 гадоў з эканамічнага пункту гледжаньня размова пра гэта бессэнсоўная.

Што тычыцца кампэнсацыі за падатковы манэўр, то выкажу парадаксальную думку – я спадзяюся, што яе ня будзе. Чым хутчэй мы зьлезем з расейскай энэргетычнай іглы, тым лепш. Гэта будзе прымушаць беларускія ўлады да рэформаў.

Дзяьтліковіч: Вы, Юры, сказалі, што на стале ляжаць прапановы Масквы. На мой погляд, на стале пакуль нічога не ляжыць. Мы пакуль чуем толькі вельмі агульныя заявы. Ня думаю, што Масква можа зараз прапанаваць Менску нейкія дэталёвыя інтэграцыйныя прапановы. Такі варыянт ціску на Лукашэнку расейскі бок пачаў разглядаць толькі напрыканцы 2018 году.

Вынікам сталі заявы і Мядзьведзева, і Пуціна пра новы варыянт інтэграцыі, але яшчэ не было часу для выпрацоўкі дэталёвых прапановаў.

Я мяркую, што ў Расеі гэта зараз прапрацоўваецца – што можна палажыць на стол перад Лукашэнкам і любой іншай беларускай дэлегацыяй. Але нічога пэўнага пакуль няма. 2019 год будзе годам, калі гэтыя варыянты будуць прапрацоўвацца і прагаворвацца. Таму менавіта ад гэтага году я не чакаю ніякіх прарываў.

Думаю, што менавіта ў 2019 годзе ніякай кампэнсацыі з расейскага боку ня будзе. Але мяркую, што на працягу году пазыцыі бакоў зблізяцца. Магчыма, нейкая кампэнсацыя будзе з 2020 году.

Касьцюгова: Я згодная зь Віктарам, што канкрэтных прапановаў няма. Зараз ідзе гаворка пра рэвізію саюзнай дзяржавы. Гэта ўжо чацьвёртая спроба.

Нагадаю, што саюзная дамова – гэта дамова парытэтная. Яна не прадугледжвае аднабаковы распаўсюд расейскіх эканамічных практыкаў на Беларусь.

Падчас шматлікіх спробаў рэвізіі саюзнай дамовы менавіта ў гэтае бакі і ўпіраліся. Даводзілася прызнаваць права Беларусі гэтак жа дыктаваць Расеі эканамічныя і юрыдычныя практыкі.

Сёлета бакі будуць шукаць сфэры, у якіх магчымае хоць нейкае ўзгадненьне.

Што тычыцца падатковага манэўру, то тут у 2019 годзе наўрад ці будзе кампэнсацыя. Але яна можа зьявіцца ў 2020 годзе. Я мяркую, што шэраг расейскіх прадпрыемстваў, у прыватнасьці, «Роснефть», будуць зацікаўленыя ў тым, каб беларускія прадпрыемствы атрымалі так званы зваротны акцыз, які атрымаюць расейскія НПЗ.

Пратэсты

Дракахруст: Ці варта чакаць у Беларусі ў гэтым годзе маштабных сацыяльных пратэстаў, сваіх «жоўтых камізэляк»? Калі так, то што іх можа спарадзіць? Агульнае незадавальненьне, падзеньне жыцьцёвага ўзроўню, магчымая дэвальвацыя, новы ці існы дэкрэт аб дармаедах, адсутнасьць кампэнсацыі за падатковы манэўр? Ці можна зараз назваць гіпатэтычную прычыну?

Быкоўскі: Памер стратаў ад манэўру ў 2019 годзе – каля 300 мільёнаў даляраў. Адсутнасьць кампэнсацыі такой сумы ня можа быць чыньнікам для ўзьнікненьня пратэстаў. Гаворка ідзе пра 3% бюджэту Беларусі. Тым больш што беларускі бок і ня просіць кампэнсаваць гэтыя страты грашыма, просіць улічыць у кошце нафты. На мой погляд, няма прычынаў для ўзьнікненьня такіх акцыяў пратэсту, якія былі ў Парыжы напрыканцы 2018 году.

Улады навучыліся даволі добра здымаць напружаньне. Бясконцы сэрыял з «антыдармаедзкім» дэкрэтам, магчыма, выкліча ў лютым незадаваленьне, калі людзі будуць атрымліваць «жыроўкі» па пляцяжах за кватэру. Але наўрад ці гэта выкліча моцныя пратэсты.

Іосуб: У 2019 годзе я не чакаю глыбокіх эканамічных і сацыяльных шокаў. У эканоміцы будзе складана, хутчэй за ўсё тэмпы росту эканомікі зьменшацца, у горшым выпадку можна будзе казаць пра стагнацыю. Але сурʼёзнага падзеньня эканомікі і адпаведна даходаў ня будзе.

Калі за апошнія 10 гадоў нашае насельніцтва выходзіла на вуліцу? Гэта маўклівыя акцыі 2011 году і гэта дастаткова масавыя акцыі ў 2017 годзе, пасьля выхаду першай вэрсіі дэкрэту аб «дармаедах». У 2011 годзе гэта была амаль трохразовая дэвальвацыя, даходы насельніцтва тады ўпалі амаль удвая ў даляравым эквіваленце.

Першая вэрсія дэкрэту аб «дармаедах» абяцалі даволі сурʼёзнае пакараньне адносна тых, каго ўлада залічыла ў «дармаеды». Зараз ня варта чакаць нечага кшталту трохразовай дэвальвацыі, даходы насельніцтва, хутчэй за ўсё, будуць працягваць павольна, але расьці.

Што тычыцца новай вэрсіі «антыдармаедзкага» дэкрэту, санкцыі ў выглядзе падвышанай платы за частку паслугаў ЖКГ адносяцца не да ўсяго сьпісу «дармаедаў», а толькі да ўладальнікаў кватэр. Са сьпісу ў паўмільёна чалавек наўскідку ўладальнікі кватэраў – гэта 10-15%. Я думаю, што такія адносна вузкія санкцыі ня выклічуць масавых пратэстаў.

Іншых прычынаў для выхаду беларусаў на вуліцу я ня бачу.

Касьцюгова: Што тычыцца пратэстаў, то тут ключавую ролю адыграе пазыцыя мясцовых саветаў. Яны могуць спрацаваць так, што пратэсты будуць. Гледзячы па інфармацыі, якую зараз падаюць незалежныя прафсаюзы, мясцовыя ўлады імкнуцца так зрабіць. Новы дэкрэт аб «дармаедах» зроблены так, каб ня быць сурʼёзным сацыяльным раздражняльнікам, але мясцовыя ўлады робяць усё, каб ён ім стаў. Яны ня сталі пераглядаць базы дадзеных на «дармаедаў», ня сталі нікога зь іх выключаць, хаця маюць права гэта рабіць. Не выключаю, што ўва многіх рэгіёнах гэта выльецца ў сурʼёзныя сацыяльныя праблемы.
Можа, не адразу ў пратэсты, беларусы больш схільныя да сабатажу, чым да пратэстаў. Але калі сабатаж ня будзе мець плёну, то магчымыя і пратэсты.

Выбары

Дракахруст: Ці адбудуцца сёлета выбары ў Беларусі? Лідзія Ярмошына шмат разоў намякала на такую магчымасьць, правацэнтрысцкая кааліцыя ўжо плянуе праймэрыз. І калі яны будуць – ваш прагноз на хаду выбарчай кампаніі? Як у іх можа паўдзельнічаць, паўплываць на іх Расея? У 2015 годзе тагачасны пасол РФ Аляксандар Сурыкаў за шмат месяцаў да выбараў абвясьціў, што Расея на выбарах жадае перамогі Аляксандру Лукашэнку. Мяркую, што Міхаіл Бабіч – цяперашні пасол – ня будзе рабіць такіх заяваў, прынамсі, загадзя.

Дзятліковіч: Бабіч, безумоўна, так рабіць ня будзе. Але ён не пажадае перамогі і нікому іншаму. У Расеі няма іншага кандыдата, акрамя Лукашэнкі, няма на каго яго замяніць. І часу мала, каб выгадаваць альтэрнатыву.

Калі выбары адбудуцца ў 2019 ці ў 2020 годзе, Расея будзе на іх зацікаўленым назіральнікам, а не актыўным удзельнікам. Лукашэнка – чалавек, зь якім Расея можа весьці перамовы і вядзе іх.

Я казаў, што ў Расеі няма дакладных прапановаў па інтэграцыі. Гэтак жа ў яе няма добра прапрацаваных плянаў па зьмене Лукашэнкі. Калі нават гэтыя пляны распрацоўваюцца ў адміністрацыі прэзыдэнта і ў аналітычных цэнтрах, 2019 год – ня той год, калі гэтыя пляны можна распрацаваць і ажыцьцявіць.

Расея жыве з той думкай, што ёй з Аляксандрам Лукашэнкам у якасьці прэзыдэнта Беларусі жыць яшчэ дакладна некалькі гадоў.

Касьцюгова: На гэтым тыдні Ярмошына таксама паўтарыла, што яна хацела б, каб нейкія выбары адбыліся сёлета. Але я ня думаю, што гэта магчыма. Найбольш імаверна, што адны выбары адбудуцца ўвесну 2020 году, іншыя – напрыканцы лета 2020 году.

Што тычыцца ролі Расеі ў выбарах, то Расея хацела б абвінаваціць Беларусь у няўдачах інтэграцыі. Магчымыя крокі па падрыву рэпутацыі беларускай улады на працягу году, інфармацыйныя «укіды».

Аднак мяркую, што менавіта Міхаіл Бабіч скажа за пару месяцаў да выбараў, што Расея зацікаўленая ў перамозе Лукашэнка. Вось менавіта ён менавіта гэта і скажа.

Быкоўскі: Наколькі я разумею, пакуль рашэньне пра правядзеньне якіх-небудзь выбараў у 2019 годзе не прынятае. Але цалкам імаверна, як пра гэта сказала Ярмошына, што да красавіка, да штогадовага пасланьня прэзыдэнта, гэтае пытаньне будзе вырашанае.

Большасьць апазыцыянэраў мяркуе, што першыя будуць парлямэнцкія выбары – сёлета альбо напачатку 2020 году. Я лічу, што напачатку будуць прэзыдэнцкія выбары. Выйшаў указ №4 аб законапраектнай дзейнасьці ў 2019 годзе. Там ёсьць пункт, што ўрад да сьнежня 2019 году мусіць распрацаваць папраўкі ў закон аб палітычных партыях. Партыі маюць значэньне на парлямэнцкіх выбарах, на прэзыдэнцкіх – значна меншае.

Таму калі левая рука ведае, што робіць правая, з гэтага ўказу ўраду вынікае, што раней будуць прэзыдэнцкія выбары. Збор подпісаў за кандыдатаў пачнецца напрыканцы 2019 году, а галасаваньне адбудзецца напачатку 2020 году.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: