Эксперт «Асабістага капіталу» Міхал Залескі аналізуе, колькі ў Беларусі бедных і як ім жывецца, паведамляе Белсат.

Фота: Reuters

 

Калі чалавек бедны, то ён праз тое лепшы не робіцца. І дзеці ягоныя таксама. Ад беднасці шмат рознай бяды. Таму ўва ўсіх краінах, дзе захоўваецца хоць бы нейкі парадак, беднасць спрабуюць выкараніць. Не дзеля бедных, зразумела, а дзеля астатніх, каторым бедныя ствараюць праблемы.

Дзеля таго, каб ведаць, з чым змагацца, тое акрэсліваюць неяк. Беднасць акрэсліваюць рысаю беднасці. Праводзіць яе даручана дзяржаўным эканамістам і статыстам. Іхныя афіцыйныя лічбы мы і выкарыстаем.

Бюджэт пражытковага мінімуму

 

У сярэднім бюджэт пражытковага мінімуму на перыяд з 1 жніўня да 31 кастрычніка быў 213 рублёў 67 капеек. Чыста да ведама: паводле стану на 1 лістапада 2016 года ён складаў 174 рублі і 52 капейкі. І вырас гэткім чынам за два гады на 22 %. Бо кіраўніцтва краіны шчыра ўпэўненае, што менавіта на столькі за гэты час падаражэла жыццё.

Але начальства дзесьці і ў нечым няйначай памыляецца, і ў выніку нейкая частка людзей не мае на жыццё нават гэтых мінімальных сумаў.Больш за тое, колькасць вельмі бедных, а пагадзіцеся, што жыць на суму, меншую за 213 рублёў 67 капеек, досыць цяжка, дык вось, колькасць бедных час ад часу ўзрастае.

У 2016 годзе тых, хто не ўзбіўся на бюджэт пражытковага мінімуму, было 499 тысячаў, летась – ужо 528 тысячы. А колькі цяпер? Прыкладблізна 4 % ад усяго насельніцтва, або 399 тысячаў, як вынікае з дзяржаўнай статыстыкі за другі квартал.

Змяненне колькасці бедных

 

Тэндэнцыя да скарачэння вялікай беднасці – пазітыўная, хто б спрачаўся. Але ж у тыя 399 тысячаў уваходзяць розныя людзі, сярод іншага, мяне цікавяць дзеці. Паводле звестак за другі квартал, сярод гаспадарак бяздзетных бедных было менш за 2 %, а сярод гаспадарак з дзецьмі – больш за 8 %.

Доля бедных сем’яў, якія маюць дзяцей

Калі ж улічыць, што тыя сямейныя бяднейшыя, у каго дзяцей болей, то атрымліваецца, калі так разважаць, што кожнае дзясятае дзіця ў краіне не мае таго мінімуму, што, на думку начальства, павіннае мець.

Хто вырасце з гэтых дзяцей? Вядома, самыя розныя людзі, а не сярэднестатыстычныя. Бедныя з вёсак і гарадоў розныя. І з розных вобласцяў не такія самыя.

Галоўнае, час ідзе, а разыходжанні ў багацці па розных кутах краіны толькі растуць. Мяркуйце самі. У Менску фармальна бедных усяго 1 %. У чатыры разы меней, чым у сярэднім па краіне. А ў Берасцейскай і Гомельскай вобласцях у пяць разоў болей, чым у Менску. То там кожнае шостае дзіця выходзіць беднае. Гэта ўжо занадта. Бо робіцца крыніцаю сацыяльных праблемаў.

Тэрытарыяльныя адрозненні беднасці

 

Зрабіцца бедным можна з мноства прычынаў. А, каб выбіцца з беднасці, усе рэкамендуюць працаваць. Рэкамендаваць проста. Дарэчы, хто ведае, а якая партыя рэпрэзентоўвае ў нас інтарэсы бедных у Нацыянальным сходзе?

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...