Рост цікавасьці да працы на Захадзе носіць выбуховы характар – кажуць грамадзкія актывісты.

Колькасьць беларусаў, якія прыяжджаюць працаваць у Польшчу, у параўнаньні з 2016-м годам, вырасла ў тры разы. Беларусы працуюць ужо ў кожнай дзесятай вялікай польскай фірме. Рэзкі рост цікавасьці да працаўладкаваньня ў Польшчы адзначаюць як агенцтвы, якія наймаюць замежных працаўнікоў, так і грамадзкія арганізацыі, якія дапамагаюць беларускім мігрантам. Хто й зь якіх прычынаў едзе шукаць працу ў Польшчу? На гэтыя пытаньні адказваюць прадстаўнікі рэкрутынгавай кампаніі Personel Service і Беларускага дома ў Варшаве.

На заробкі ў Польшчу едуць ужо ня толькі ўкраінцы, але й беларусы. Калі яшчэ год-два таму беларускія працаўнікі практычна не прысутнічалі на польскім працоўным рынку, то цяпер іх можна знайсьці ўжо ў кожнай дзесятай вялікай польскай фірме. Доля беларусаў на рынку працы пашыраецца самымі хуткімі тэмпамі сярод прадстаўнікоў усіх іншых нацыянальнасьцяў. Такую выснову можна зрабіць з «Баромэтру працоўнай міграцыі» – дакладу, які апублікавала польская кампанія па найму працаўнікоў Personnel Service.

Аналітыкі мяркуюць, што колькасьць беларускіх працаўнікоў у Польшчы будзе толькі павялічвацца – кажа прэс-сакратар кампаніі Personnel Service Моніка Банысь (Monika Banyś).

Моніка Банысь: У першым паўгодзьдзі 2017 году польскія фірмы выдалі грамадзянам Беларусі 24 тысячы даведак аб намеры прыняць іх на працу. У параўнаньні з адпаведным пэрыядам мінулага году, гэтая лічба вырасла ў тры разы. І хоць яна надалей значна меншая, чым колькасьць дакумэнтаў, выдадзеная ўкраінцам, мы ўсё роўна лічым гэты рост вельмі значным. За студзень-чэрвень даведкі аб намеры працаўладкаваньня былі выдадзеныя 900 тысячам грамадзянаў Украіны. Аднак колькасьць украінскіх працаўнікоў у Польшчы ў параўнаньні з мінулым годам вырасла на 50%, тады як беларускіх – ажно на 300%. Гэтай тэндэнцыі мы ня можам не заўважаць. Беларусы таксама пачалі часьцей перасякаць польскую мяжу, што таксама сьведчыць пра іх зацікаўленасьць працай у Польшчы.

З дадзеных галоўнага статыстычнага ўпраўленьня Польшчы, якія прыводзіць фірма Presonnel Service, вынікае, што з траўня па кастрычнік 2017 году беларусы перасеклі польскую мяжу 2,2 мільёны разоў. У параўнаньні з мінулым годам, колькасьць паездак у Польшчу павялічылася на 20%. У той самы час украінцы перасеклі мяжу Польшчы 5,5 мільёнаў разоў, што ўсяго на 5% больш, чым летась.

Беларусы працуюць пераважна ў вялікіх польскіх фірмах з сэктару паслугаў і прамысловасьці. Падобна да ўкраінцаў, яны працуюць у тых сфэрах, дзе ў Польшчы адчуваецца дэфіцыт працоўнай сілы.

Дадзеныя рэкрутынгавай кампаніі пацьвярджаюць супрацоўнікі Беларускага дому ў Варшаве. Арганізацыя аказвае дапамогу беларусам, якія ўжо знаходзяцца ў Польшчы, і не дае парадаў наконт таго, як эміграваць. Нягледзячы на гэта, у апошнія дні на «гарачую лінію» Беларускага дома паступае шквал званкоў з пытаньнямі аб працаўладкаваньні. «Назіраецца ўзрост выбуховага характару», – кажа сустаршыня арганізацыі Ўладзімер Кобец.

Уладзімер Кобец: За два апошнія дні на «гарачую лінію» Беларускага дома патэлефанавала 37 асобаў. І гэта перад выходнымі й сьвятамі! Як ні дзіўна, пытаньне практычна ва ўсіх адно й тое: «Як можна прыехаць і знайсьці працу ў Польшчы?» Сёньня ўжо тры чалавекі патэлефанавалі на мой асабісты нумар – мінаючы «гарачую лінію». Складваецца ўражаньне, што перад навагоднімі сьвятамі адбылося нешта выбуховае. Тлумачэньне гэтага фэномэну трэба пытаць у эканамістаў. Мы толькі фіксуем факт: «гарачая лінія» Беларускага дома літаральна распаленая.

Працу ў Польшчы шукаюць людзі з абсалютна розных рэгіёнаў Беларусі, але больш за ўсё званкоў паступае з цэнтральных і ўсходніх абласьцей краіны.

Уладзімер Кобец: Людзі зь Берасьця ці Горадні самі ведаюць, дзе шукаць працу ў Польшчы. У іх ужо ёсьць напрацаваныя варыянты. Да нас зьвяртаюцца пераважна людзі з цэнтральнай Беларусі, поўначы і ўсходу.

Працаўладкаваньне за заходняй мяжой цікавіць перш за ўсё маладых людзей з вышэйшай адукацыяй і дробных прадпрымальнікаў. Рабочыя пакуль традыцыйна шукаюць працу ў Расеі – кажа Ўладзімер Кобец.

Уладзімер Кобец: Гэта перш за ўсё маладыя людзі, якія маюць вышэйшую адукацыю альбо займаліся прадпрымальніцкай дзейнасьцю, але вымушаныя былі яе згарнуць з-за цяжкіх эканамічных умоваў. Гэта студэнты, якія хочуць пераехаць у Польшчу. Людзі з нізкай кваліфікацыяй тэлефануюць вельмі рэдка. Складваецца ўражаньне, што на Захад (і ў Польшчу ў прыватнасьці) намагаюцца выехаць людзі больш адукаваныя, якія могуць знайсьці інфармацыю ў Інтэрнэце, параўнаць і выбраць паміж працоўнай міграцыяй на Ўсход – у Расею ці на Захад – у Польшчу.

Зьдзіўляе то, што людзі з вышэйшай адукацыяй сталі абсалютна непатрабавальныя ў выбары працы – зазначае сустрашыня Беларускага дому ў Варшаве. У апошнія месяцы беларусы сталі пагаджацца нават на нізкакваліфікаваную працу. Хутчэй за ўсё, яны шукаюць часовага заробку, які дасьць магчымасьць зачапіцца ў Польшчы, каб агледзецца і далей разьвіваць сваю кар’еру.

«Мы назіраем толькі пачатак адтоку беларускіх працоўных рук і «мазгоў» у Польшчу», – мяркуе Ўладзімер Кобец. Рост працоўнай міграцыі прагназавалі й беларускія экспэрты, якія нядаўна сабраліся ў Беларускім доме ў Варшаве, каб падвесьці вынікі году.

«У Эўрапейскім зьвязе сытуацыя будзе паляпшацца, і ён будзе прыцягваць працоўных з суседніх рэгіёнаў. Улады Беларусі пакуль не жадаюць праводзіць эканамічных рэформаў, а гэта азначае, што сытуацыя будзе пагаршацца. Гэта выкліча далейшы адток людзей – перш за ўсё самых адукаваных і ініцыятыўных», – падсумоўвае Ўладзімер Кобец.

Аляксандар Папко, radyjo.net

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: