Беларускі дом прадставіў стратэгію сваёй дзейнасці на бліжэйшыя гады.

 

Foto: facebook.com/BelaruskiDom/

 

Арганізацыя плянуе працаваць на карысць набліжэння Беларусі да ЭЭ, а таксама дапамагаць беларусам замежжа ўтрымліваць повязі з Бацькаўшчынай.

6 год у польскай сталіцы дзейнічае грамадзкая ініцыятыва, створаная беларусамі, якія па палітычных прычынах былі вымушаныя з’ехаць з краіны. У Польшчы яны стварылі арганізацыю – задача якой дапамагаць іншым беларусам знайсці месца ў новай эмігранцкай рэчаіснасці, інтэгравацца ў польскае грамадзтва, пры гэтым не губляць сувязі з роднай краінай. Учора арганізацыя прадставіла стратэгію сваёй дзейнасці на бліжэйшыя 3 гады. Пра асноўныя моманты гэтай стратэгіі мы папрасілі распавесці старшыню арганізацыі Алеся Зарэмбюка.

Алесь Зарэмбюк: Мы зрабілі стратэгію на 2018-20 гг.. Яна палягае на тым, што мы будзем імкнуцца цягам гэтага часу развіваць беларускі дом у двух напрамках: праца па актывізацыі дыяспары ў Варшаве, і падтрымка грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. Мы хочам засяродзіцца на тым, што адзінай альтэрнатывай для Беларусі з’яўляецца Эўрапейскі Звяз і беларусы павінны рухацца ў гэтым накірунку. Найлепшыя практыкі й досвед кіравання знаходзяцца менавіта тут.

Тры гады – гэта адпаведны тэрмін у сучасным свеце, які хутка змяняецца, дадаў сустаршыня Беларускага дому Ўладзімір Кобец.

Уладзімір Кобец: У такіх блізкіх краінах, як Беларусь і Польшча, цэнтры культуры павінны быць не на год ці два, а пастаянна. Нас звязвае агульная гісторыя ды будучыня. Я лічу, што Беларускі дом тут павінен быць увесь час. Час стратэгія на 3 гады, бо ўсё імкліва змяняецца, тым больш што наша стратэгія – гэта ня нешта застылае. У нас ёсць розныя блёкі, мы прыцягваем розных людзей. Мы імкнёмся адкрыць Беларускі дом як прастору для развіцця розных карысных для Беларусі й польска-беларускіх адносін ініцыятыў.

У сваё стратэгіі Беларускі дом заявіў адну з задач, падтрымліваць інтарэс да Беларушчыны ў людзей, якія з’яжджаюць з краіны. Ці гэта рэальная задача, мы запыталіся ў мэдыя-кансультанта Аляксея Лявончыка.

Аляксей Лявончык: Захоўваецца, а ў некаторых абуджаецца. Шэраг маіх партнэраў знайшлі ў сабе сантымэнт да беларускай мовы акурат у эміграцыі. Дарэчы, я таксама знайшоў інтарэс да Беларушчыны, з’ехаўшы ў 1994 годзе з Беларусі. Я не скажу, што гэта дамінантная тэндэнцыя, але так часта адбываецца. Тым больш, што гэтую ідэалягічную прастору не запаўняе беларуская дзяржава, яна не прапануе прывабную мадэль: хто мы і да чаго імкнёмся. Людзі робяць гэта самі па сабе, адшукваюць сваю беларускую ідэнтычнасць за мяжой.

Многім Беларускі дом дапамагае ў падтрымцы іх беларускасці, кажа перакладніца Марыя Луцэвіч, якая жыве ў Польшчы. Беларускі дом стаў месцам у Польшчы, дзе можна сустрэцца з суайчыннікамі.

Марыя Луцэвіч: Ініцыятыва вельмі патрэбная. Беларусы павінны мець месца ў Польшчы, куды яны заўсёды могуць прыйсці, пагаварыць пра пытанні, якія іх хвалююць, атрымаць падтрымку, пакамунікаваць па-беларуску. Беларускі дом ладзіць цікавыя творчыя, навуковыя, культурныя сустрэчы, выставы, святкаванні. Гэта важна, бо мы хоць і жывем у Польшчы павінны памятаць адкуль мы.

Прысутны на прэзэнтацыі філёзаф Пётра Рудкоўскі зазначыў, што ўбачанае ім у Беларускім доме дае надзею.

Пётра Рудкоўскі: Маё сапраўднае знаёмства з Беларускім домам адбылося цяпер. Я ўбачыў тут вялізарны патэнцыял. Тутэйшая дзейнасць настолькі разгалінаваная, суды прыйшло столькі асобаў са сваімі крэатыўнымі ідэямі ды прапановамі. Гэта ўнушае добрую надзею.

На бліжэйшыя гады Беларускі дом паставіў перад сабой мэту – дапамагаць захоўваць повязь з бацькаўшчынай тым, хто быў вымушаны з’ехаць з краіны, а таксама набліжаць Беларусь да Эўрапейскага Звязу.

Юры Ліхтаровіч, Польскае Радыё

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: