Мастакі з Францыі, Канады й Польшчы наведалі польскую і беларускую частку пушчы й прадставілі небанальны погляд на запаведны лес. У Беларускім доме ў Варшаве адбылася прэзэнтацыя арт-пректу «Мастацкая Белавежа» (Artistic Białowieża). Творцы з Францыі, Канады й Польшчы наведалі польскую ды беларускую частку Белавескай пушчы. Вынікам іх працы стала сэрыя здымкаў, скульптураў і мастацкіх інсталяцыяў, якія распавядаюць пра канфлікт чалавека й прыроды, сувязь з домам і яе страту, зьмену прасторы, у якой жыве чалавек. На вэрнісажы пабываў Аляксандар Папко, журналіст Польскага Радыё.

Aliaksandr Papko/radyjo.net

 

На выставе «Мастацкая Белавежа» прадстаўленыя абсалютна розныя творы – як паводле стыляў і тэхнікі выкананьня, так і паводле ідэяў, якія яны нясуць. Белавеская пушча зьяўляецца месцам, якое нараджае мноства асацыяцыяў. Яна нагадвае пра мяжу паміж Беларусьсю Польшчай, якая праходзіць праз самае сэрца запаведнага лесу. Гэта месца, дзе сутыкаюцца культуры некалькіх народаў, дзе сьвет чалавека сутыкаецца са сьветам дзікай прыроды. Гэта месца, дзе ўжо год ідзе канфлікт паміж эколягамі й лесьнікамі вакол таго, ці варта змагацца з нашэсьцем караеда шляхам масавай высечкі дрэваў.

 

Удзельнікі праекту “Мастацкая Белавежа” Вольга Алешка, Мікаэль Браншу й Зузана Банасіньска на адкрыцьці выставы.

 

Сэнс праекту «Мастацкая Белавежа» заключаўся ў тым, каб матываваць творцаў з розных краінаў працаваць разам вакол агульнай тэмы і стварыць падмурак для супрацоўніцтва ў будучыні – камэнтуе выставу яе куратар, францускі мастак і філёзаф Мікаэль Браншу (Michael Branchu).

Мікаэль Браншу: Сёньня мы бачым вынікі працэсу сумеснага стварэньня ідэяў і іх рэалізацыі ў мастацтве. Гэтыя ідэі рэалізуюцца ў скульптуры, фатаграфіі, пэрформансе. Белавеская пушча – гэта матыў, які тым ці іншым чынам праяўляецца ў кожнай працы. Кожны мастак паказаў свае адносіны да гэтага месца. Працы надзвычай розныя, але аб’яднаныя агульным кантэкстам Белавескага лесу.

На фатаграфіях, разьвешаных пад стольлю, наведвальнікі выставы бачаць твары савецкіх жаўнераў, карціны з жыцьця воінскай часткі, маляваныя ад рукі ракеты й марсаходы з чырвонымі зоркамі. Голас з дынамікаў распавядае пра сяброў, якія разьехаліся па сьвеце і пра тое, як добра вярнуцца дадому. Адначасова гледачы бачаць відэафільм з са спадарожнікавымі здымкамі розных гарадоў. Гэтая арт-інсталяцыя называецца «Зьмена пэрспэктывы». Пра яе стварэньне расказвае аўтар – польская мастачка Зузана Банасіньска (Zuzanna Banasińska).

Зузана Банасіньска: На ўскрайку Белавескай пушчы мы ўбачылі закінуты дом і вырашылі ўвайсьці. Унутры практычна нічога не было, акрамя некалькіх прадметаў мэблі. У шуфлядзе мы знайшлі толькі стары жаўнерскі альбом і бутэльку з-пад гарэлкі. Менавіта здымкі з гэтага альбому я выкарыстала ў сваёй інсталяцыі. У альбоме таксама былі напісаныя адрасы саслужыўцаў ва Ўкраіне, Беларусі, Казахстане, Маскве, далейшых рэгіёнах Расеі. Я знайшла гэтыя кропкі пры дапамозе Google maps і зрабіла віртуальнае падарожжа. Тыя месцы, дзе жылі гэтыя людзі, акурат аказаліся на «пераломе» спадарожнікавых здымкаў. Адны былі зробленыя летам, іншыя – узімку. Таму мая інсталяцыя паказвае, як парушыўся час і прастора, як зьмянілася пэрспэктыва і як гэтая новая пэрспэктыва зьмяніла нашае ўспрыняцьце сьвету, прыроды, успрыняцьце нашага месца на зямлі.

Скульптура аўтарства францускіх творцаў Жэрэмі Кнэза (Jérémy Knez) і Гіёма Жэзі (Guillaume Jezy) называецца «Глыбіня нерухомых рэчаў». Яна нагадвае пра чалавечыя канфлікты й пра тое, як людзі ўмешваюцца ў прастору прыроды.

Мастакі Жэрэмі Кнэз і Гіём Жэзі

 

Жэрэмі Кнэз: Уявце сабе форум – прастору дыялёгу, якая падзеленая нябачнай мяжой. Гэтая прастора дыялёгу аточаная лесам, але адначасова яна душыць лес, зьнішчае яго. Гэта адбываецца паступова, але няўхільна. Таксама наша скульптура расказвае пра тое, што лес не належыць людзям, ён аўтаномны ў стасунку да чалавека.

Канадзкая мастачка Жэнеўева Кадзьё-Лянглюа (Geneviève Cadieux-Langlois) прадставіла на выставе здымак пакінутага дому на ўскрайку лесу, кампазыцыю з прадметаў вясковага быту, такія як дошка для хлеба, старыя шпалеры ці вязаны абрус. Таксама яна паказала пэрформанс пад назвай «Што значыць адчуваць сябе дома?»

Жэнеўева Кадзьё-Лянглюа

 

Жэнеўева Кадзьё-Лянглюа: Я хацела паказаць эмоцыі, якія я перажыла падчас гэтага падарожжа, паказаць, што значыць быць іншай, чужой у асяродзьдзі, куды я патрапіла. Зь іншага боку, я хацела матываваць гледачоў задумаецца, што значыць адчуваць сябе камфортна, адчуваць сябе дома, адчуваць сябе чаканым госьцем. І гэтае пачуцьцё іншасьці падчас пэрформансу падкрэсьлівалася дыстанцыяй паміж мной і публікай.

 

 

Адна з арганізатараў мастацкага праекту беларуска Вольга Алешка вельмі ўсьцешаная тым, што творцы выйшлі далёка па-за рамкі экалягічнай тэмы, якая напрошвалася сама сабой.

Вольга Алешка: Калі мы расказваем пра лес, мы не абавязкова павінныя расказваць пра расьліны альбо дрэвы. Атрымалася нават больш, чым мы, арганізатары, спадзяваліся паказаць. Я вельмі ўдзячная мастакам за іх небанальны погляд. Я паходжу зь Беларусі й добра ведаю беларускую частку Белавескай пушчы. Аднак нават мне было цікава паглядзець на гэтыя творы, я ўбачыла Белавескую пушчу з новай пэрспэктывы.

Праект «Мастацкая Белавежа» паказаў, што замежным творцам цікавая Беларусь. Таму ў арганізатараў зьявілася ідэя стварыць праект, які бы аб’ядноўваў ужо беларускіх мастакоў зь іх калегамі з Заходняй Эўропы.

Вольга Алешка: Я заўважыла, што для замежных мастакоў беларуская вёска была нечым абсалютна новым. Я падумала, што варта было б наладзіць супрацоўніцтва з маладымі мастакамі зь Беларусі. Гэта будзе цікава як беларускім мастакам, так і іх заходнім калегам. Тое, што яны бачаць у Францыі – гэта, у пэўным сэнсе, пройдзены этап. У Беларусі мастакі знайшлі шмат матэрыялу для працы. Яны прыехалі з зусім іншымі ідэямі, але пасьля наведваньня беларускай часткі Белавескай пушчы ў іх зьявіліся новыя погляды.

Выстава ў Беларускім доме працягнецца да 7 жніўня. У сакавіку й красавіку будучага году працы міжнароднай групы мастакоў будуць паказаныя ў францускім Нанце. А завершыцца праект «Мастацкая Белавежа» выданьнем альбому з творамі, якія зьявіліся, дзякуючы паездцы на польска-беларускае памежжа.

Польскі графік Адам Жондла (Adam Żądło) на сваіх фатаграфіях паказвае, як чалавек стараецца падпарадкаваць лес уласным густам і ўяўленьнямі пра “карыснае” і “прыгожае”.

Французкая мастачка-графік Эліза Аляб (Elise Hallab) сабрала ў Белавескай пушчы травы, зь якіх зрабіла фарбы для каляровых эстампаў.

Мастакі Мікаэль Браншу (Michael Branchu) і Франсуа Брыян (François Briand).

Фото: Польскае Радыё

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...