Радыё Свабода сабарала ўсю вядомую інформацыю пра скандал у старэйшым недзяржаўным выданні БелГазета.

Спойлер: мала чаго, акрамя таго, што былы дырэктар абвінавачвае праваабаронцу ў «рэйдэрскім захопе» выданьня, а праваабаронца з гэтым не пагаджаецца.

Як стала вядома 21 студзеня, незалежнае выданьне «БелГазета» ўзначаліў праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Ён запэўніў, што за рэдакцыйную палітыку па-ранейшаму будзе адказваць рэдакцыя, умешвацца ў яе праваабаронца ня будзе, а будзе займацца толькі камэрцыйнымі пытаньнямі, «паставіць газэту на нармальныя эканамічныя рэйкі».

У той жа дзень былы дырэктар і асноўны ўладальнік (75%) выданьня Кірыл Жываловіч напісаў у камэнтарах да гэтай навіны на фэйсбуку журналіста Паўлюка Быкоўскага: «Гэта рэйдэрскі захоп рэдакцыі, адным з выканаўцаў якога ёсьць Бандарэнка. Цяпер працуюць юрысты. Усе падрабязнасьці будуць у сераду».

Бандарэнка адказаў у камэнтары «Эўрарадыё» на камэнтар Жываловіча: «Ніхто нічога не захопліваў».

Паводле Бандарэнкі, Жываловіч «год не зьяўляўся на працы», а «ў сьнежні паўстала пытаньне, што газэта больш ня будзе выходзіць». Зьмена дырэктара была законнай, а «захопліваць прадпрыемства зь вялікімі стратамі — як мінімум бязглузда».

Жываловіч у камэнтары Свабодзе не пагадзіўся са сказаным Бандарэнкам, але пракамэнтаваць усю гісторыю паабяцаў пазьней.

Сузаснавальнік і ўладальнік чвэрці акцыяў Ігар Высоцкі адмовіў Свабодзе ў камэнтары аб сытуацыі вакол газэты — параіў зьвяртацца да Бандарэнкі. «Мне зусім фіялетава, — сказаў Высоцкі. — А пэрсанаж Жываловіч нецікавы зусім. Ні зь якіх пазыцыяў. Яго няма, ён нуль! Тэлефануйце Бандарэнку».

У эфіры «Эўрарадыё» 22 студзеня Бандарэнка расказаў, што яго выбралі дырэктарам на сходзе акцыянэраў. На сходзе не было Жываловіча, які валодае 75% акцыяў — Бандарэнка кажа, гэта законна. Ён сьцьвярджае, што сход ладзіў Высоцкі, які і вынес на абмеркаваньне пытаньне зьмены дырэктара. Жылановіча, сьцьвярджае ён, запрашалі на сход, «паведамленьне зарэгістравалі ў кнізе зыходных паведамленьняў», але ён не прыйшоў. Паводле Бандарэнкі, у газэты вялікія страты, цягам году складалася цяжкая эканамічная сытуацыя, «дзясяткі тысячаў запазычанасьці», выданьне было блізкае да банкруцтва і «было бы рада, каб яго нехта захапіў». Але, кажа Бандарэнка, няма сэнсу захопліваць выданьне ў такім стане. Ён таксама заявіў, што акцыянэры накіравалі ў суд заяву аб спагнаньні кампэнсацыі з Жываловіча за ўчыненую шкоду — сьцьвярджае, што былі выяўленыя «ўгоды, якіх ня мусіла быць».

На тэлефанаваньні ў рэдакцыі не адказваюць ні па якіх нумарах.

У нумары газэты ад 22 студзеня Бандарэнка пазначаны дырэктарам. Навіны пра зьмену дырэктара ў газэце няма. Ад імя Бандарэнкі і апублікаваная толькі калёнка пра ўмовы зьняволеных у штрафных ізалятарах.
«БелГазета» была заснаваная ў 1995 годзе пасьля расколу «Белорусской деловой газеты» як «Белорусская газета» (зьмяніла назву ў 2005-м). Выходзіць штотыдзень на паперы на расейскай мове, наклад на момант публікацыі — 7010 асобнікаў. Таксама вядзе сайт Belgazeta.by.

Былы палітвязень Бандарэнка вядомы як заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа» (іншых праваабаронцаў, «Вясну» ён крытыкаваў за «манапалізацыю»). Раней Бандарэнка не займаўся СМІ і выдавецкай справай.

За два тыдні да прызначэньня Бандарэнкі ў «БелГазету» ад ягонага імя па рэдакцыях СМІ рассылалася прапанова ўзяць расейскі грант на 101 тысячу даляраў «на правядзеньне ўзгодненай інфармацыйнай палітыкі» (ад расейскага «фонду „Открытая Белоруссия“» — раней пад такой назвай фігураваў латвійскі фонд, які згадваўся збольшага толькі на старонках выданьня Regnum). Бандарэнка заявіў «Нашай ніве», што ня мае да гэтага дачыненьня, але «валодае інфармацыяй, якая ўказвае на чалавека, які займаецца гэтай лухтой».

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: