Адразу чатыры журналісты “Белсата” знаходзяцца пад судовым пераследам.

Сёння ў судзе Гомельскага раёну адбудзецца разгляд справы журналісткі Ларысы Шчыраковай, якую вінавацяць у парушэнні заканадаўства аб СМІ: «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ». Позву ў суд з аналагічным абвінавачаннем атрымаў і іншы журналіст «Белсату» – Станіслаў Івашкевіч.

На Шчыракову склалі пратакол за відэасюжэт пра намер уладаў знесці звыш паўсотні прыватных жылых дамоў у Гомлі, што выклікала абурэнне мясцовых жыхароў. Сюжэт быў паказаны ў эфіры тэлеканалу «Белсат».

Сёлета гэта ўжо пятая адміністрацыйная справа супраць незалежнай журналісткі. Агулам яе аштрафавалі на 2 576 рублёў.

Кастусю Жукоўскаму пагражае штраф за тое, што ён распавёў пра складанасці, з якімі сутыкнуліся жыхары вёскі ў выніку суседства са свінакомплексам.

Рэпартаж пра сітуацыю ў вёсцы Краснагорск, што ў Буда-Кашалёўскім раёне, быў паказаны ў эфіры «Белсату» 8 чэрвеня.

Цяпер жа фрылансэр з Гомлю Кастусь Жукоўскі атрымаў пратакол з Буда-Кашалёўскага РАУС, у якім журналіста вінавацяць паводле арт. 22.9 ч. 2 («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ») Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі.

Акрамя таго Кастусю Жукоўскаму патэлефанавалі людзі з Лоева, якія падзялілся сваім меркаваннем у іншым рэпартажы «Белсату», і распавялі, што іх выклікаюць у РАУС як сведак.

Два тыдні таму Кастуся Жукоўскага пазбавілі пасведчання кіроўцы – за парушэнне ПДД, якое журналіст нібыта здзейсніў пасля суда над блогерам Максімам Філіповічам. Тады міліцыянты затрымалі Жукоўскага па дарозе дадому, прапанавалі ехаць у пастарунак нібыта з той нагоды, што ён не з’яўляўся па позвах. Кастусь сцвярджае, што ніякіх позваў, ні паведамленняў ад праваахоўнікаў яму не прыходзіла. Паміж ім і прадстаўнікамі ДАІ адбыўся канфлікт, пад’ехаў другі экіпаж ДАІ. Супрацоўнікі прыкавалі Жукоўскага да дрэва, а пасля гвалтам заштурхалі ў аўта. Журналіст крычаў ад болю.

У ДАІ Кастусю Жукоўскаму не далі азнаёміцца з матэрыяламі справы аб пазбаўленні фрылансэра правоў кіроўцы.

Суд над аператарам Аляксандрам Баразенкам, які распачаўся зранку 3 жніўня, адкладзены да 9-га жніўня. Суддзя захацеў паразмаўляць з двума панятымі, якія бачылі канфіскаваную тэхніку Баразенкі з чужымі налепкамі «Белсату».

Працэс над відэааператарам тэлеканалу «Белсат» Аляксандрам Баразенкам у судзе Першамайскага раёну Менску пачаўся з таго, што суддзя Дзмітрый Цыкал забараніў весці здымкі ў зале паседжанняў. Далей ён адхіліў выснову спецыяліста аб праверцы Баразенкі на паліграфе (дэтэктары хлусні), з якога ясна вынікае, што на відэакамеры аператара ніякіх налепак «Белсат» не было.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...