Заява, якую апублікаваў прадпрымальнік Віктар Пракапеня ў сваім ФБ з нагоды блакіроўкі «Хартыі-97» — паказнік цікавых працэсаў, якія адбываюцца ў беларускай уладзе, пiша Юры Дракахруст.

Парк высокіх тэхналёгій у Менску

 

Кажу — ва ўладзе, бо Пракапеня — не «капапны» актывіст, не штатны аглядальнік незалежнага СМІ, не знаны блогер і нават ня проста вельмі багаты бізнэсовец.

Блакіроўка інфармацыйных сайтаў псуе рэнамэ беларускай улады на Захадзе, гэтая мера — удар па пэрспэктывах ІТ-краіны, яна распужае інвэстараў, якіх хочуць прыцягнуць — усе гэта агульныя месцы, банальнасці, якія пасля атакі на «Хартыю» не выказваў, напэўна, толькі лянівы.

У выпаду з дэмаршам Пракапені цікава і важна ня тое, што гаворыцца, а хто гаворыць. Пры гэтым няважна нават, ці мае рацыю бізнэсовец ва ўсіх сваіх ацэнках наступстваў блякавання «Хартыі». Мяркую, што не ва ўсіх мае. Зразумела, абысці блякіроўку — ня вельмі складаная задача. Але досвед паказвае, што далёка ня ўсе здольныя і схільныя карыстацца гэтымі абыходамі.

Сытуацыя не аналягічная, але ў нечым падобная — заблякаваныя ва Ўкраіне Вконтакте і Однокласснікі тамтэйшыя аматары гэтых сацыяльных сетак таксама навучыліся лёгка абыходзіць. Але ў выніку аўдыторыя Вконтакте ва Ўкраіне пасля блякіроўкі зменшылася на 60%.

Не да нуля, сродкі абыходу і праўда даволі эфэктыўныя, але і блякіроўка дае заўважальны эфэкт. Баюся, што і адносна «Хартыі» пэўны эфэкт яна будзе мець.

Ідэалы і інтарэсы

Аднак, гледзячы па ўсім, Пракапеню найбольш стурбавала ў рашэнні мінінфарму яго наступствы не ўнутры краіны наўпрост, а ўплыў на бізнэс, на замежных партнэраў.

Пра чуйнасць прадпрымальніка да міжнароднага розгаласу сведчыць сумнавядомы «Пракапенягейт», калі ён і яго паплечнікі дамагаліся, каб СМІ выдалілі паведамленні пра яго колішняе ўтрыманне за кратамі. Тыя паведамленні наўпрост закраналі яго інтарэсы. Паведамленні пра блякіроўку «Хартыі» ня выдаліш, існыя і патэнцыйныя партнэры Пракапені і ІТ-галіны Беларусі іх прачытаюць. І гэта таксама, і ў значна большай ступені, закранае інтарэсы прадпрымальніка і яго калегаў.

Чытайце па тэме:  КДБ затрымаў у Менску яшчэ аднаго грамадзяніна Украіны

А за свае інтарэсы людзі часам здольныя змагацца, што Пракапеня і зрабіў сваёй заявай. Самы цікавы момант у яго дэмаршы — прамое абвінавачванне на адрас неназванага ведамства, якое, паводле яго, было арганізатарам і натхняльнікам блякіроўкі інфармацыйных сайтаў.

Дарэчы, можна ўбачыць пэўную сымэтрыю сытуацыяў. Летась Пракапеня са сваімі аднадумцамі, паплечнікамі і партнэрамі, у тым ліку і ва ўладзе, пралябіравалі ІТ-дэкрэт. Цяпер людзі з таго самага неназванага ведамства зрабілі тое самае, палябіяваўшы блякіроўку «Беларускага партызана» і «Хартыі».

Неабавязкова ў адказ на ІТ-дэкрэт, хаця і гэта не выключана, прынамсі, ускосна. Наўпрост ІТ-дэкрэт ня надта закранае інтарэсы сілавікоў. Але месца вакол «цела» абмежаванае. Калі яго пачынаюць займаць яйкагаловые рыцары прадуктовага праграмавання і майнінгу, то людзі ў пагонах наносяць удар у адказ, каб аднавіць status quo.

Зразумела, абодва бакі апэлююць да інтарэсаў грамадзтва і краіны, як яны іх разумеюць: блякіроўшчыкі «Хартыі» — да стабільнасці, Пракапеня і яго аднадумцы — да эканамічнага росту. І гэта неабавязкова толькі рыторыка, суб’ектыўна яны хутчэй за ўсё і сапраўды лічыць, што сваімі дзеяннямі дбаюць пра бацькаўшчыну. Але проста трэба мець на ўвазе, што за гэтымі рознымі бачаннямі — рэальныя практычныя інтарэсы.

Хто абіраў кардынала Рышэльё?

Часам у Беларусі вядуцца глыбокадумныя абмеркаванні, ці ёсць у краіне палітыка. Якая палітыка, калі выбараў няма? Але палітыка значна старэйшая за дэмакратыю. Скажам, у часы, апісаныя Дзюма ў «Трох мушкецёрах», народ не абіраў ані кардынала Рышельё, ані каралеву Ганну. Аднак сказаць, што палітыкі тады ў Францыі не было, неяк не выпадае — менавіта яна і апісаная ў знакамітым рамане.

Чытайце па тэме:  Сергей Сацук: Коррупция в Беларуси - обуздали или оседлали?

Ну дык вось і ў сучаснай Беларусі яна прыкладна такога ж кшталту, уладныя і каляўладныя эліты змагаюцца за свае інтарэсы, за ўплывы, за месца каля «трону». Зразумела, гэтая барацьба не паміж чыстымі прынцыпамі. А калі і паміж прынцыпамі, то ўвасобленымі ў інтарэсах адпаведных групаў.

Пракапеня — не самаахвярны змагар за свабоду слова. Той жа «Пракапенягейт» сведчыць, што прадпрымальнік знаходзіўся з гэтым святым і чыстым прынцыпам у складаных адносінах. Ды і палажэнні ІТ-дэкрэту зусім невідавочна вядуць наўпрост да суцэльнага шчасця ўсяго беларускага народу.

Але ў дадзеным выпадку канкурэнты ў пагонах замахнуліся ня толькі на прынцыпы, а на кроўныя інтарэсы тых, каго прадстаўляе Пракапеня. Якія ў дадзеным выпадку супалі з прынцыпамі.

Цікава адзначыць, што многія камэнтатары, асуджаючы блякаванне «Хартыі», паміналі партал ня надта добрым словам. Хіба не найбольш яскравае вызначэнне — «памыйка» https://nn. by/?c=ar&i=203729&lang=ru, дадзенае блогерам Антонам Матолькам. Варта адзначыць, што лябіст ІТ-дэкрэту аказаўся значна бліжэй да чысціні прынцыпу, чым, скажам, Матолька, для Пракапені проста ня мае значэння, чым ёсць кантэнт «Хартыі» — памыйкай ці травеньскай ружай. Блякаваць грамадзка-палітычныя сайты нельга. Кропка. Гэта шкодзіць інтарэсам.

У заяве Пракапені супярэчнасці паміж групамі каля «трону» вырваліся на паверхню.

Усё жыццё — тэатар?

Можна, зразумела, прапанаваць і канспіралягічную вэрсію з’яўлення дэмаршу Пракапені, маўляў, усё гэта зрэжыссавана, узгоднена. КДБ робіць сваю працу па вярхоўным загадзе, а бізнэсовец адбельвае гэтую самую вярхоўную ўладу, звальваючы віну на людзей у пагонах. Тэарэтычна гэта магчыма, хаця ня варта перабольшваць здольнасьць сыстэмы да шматхадовак. А самае галоўнае, чаму такая канспіралёгія ўяўляецца недарэчнай — таму што ніякага адбельвання не адбываецца. Заходнім інвэстарам абсалютна абыякава, парушаюць правілы ў нейкай далёкай экзатычнай краіне на загад вярхоўнай улады ці гэта самадзейнасць уплывовых каляўладных кланаў. Правілы парушаюцца, значыць, трэба прынамсі лішні раз падумаць, ці варта туды ўкладаць грошы. Змяніць гэтую лёгіку ня ў стане ніякія шчыраванні Віктара Пракапені.

Чытайце па тэме:  "Сотрудник российской разведки ворвался в дом к американскому атташе по вопросам безопасности в Москве и убил его собаку"

Таму ўяўляецца ўсё ж больш праўдападобным, што няма ніякіх шматхадовак і імітацыяў, а ёсць банальная рэч, уласцівая людзям з часоў, калі яны злезлі з дрэваў — палітыка, барацьба за інтарэсы, рэсурсы і ўплыў.

Якім будзе вынік гэтага раўнду барацьбы, сказаць складана. Гэта не сутыкненьне грамадзянскай супольнасьці і ўладнага «бэтону», гэта канфлікт, прычым канфлікт, які стаў публічным, унутры «бэтону», які, як высвятляецца, не такі ўжо і маналітны.

Мяркую, што адказ мы даведаемся ў хуткім часе. Палітыка мае свае законы. І таму самым малаімаверным уяўляецца, што сытуацыя неяк сама рассмокчацца. У гэтым канфлікце нехта выйграе, а нехта, адпаведна, прайграе, нехта ўмацуе сваё месца каля «трону», а некага адціснуць.

І гэта не апошні раўнд барацьбы, проста гэтым разам яна хіба не ўпершыню стала здабыткам галоснасці. Аднак падаецца, што змены ў Беларусі, калі яны адбудуцца, стануць вынікам не нейкіх майданаў ці адно толькі майданаў, а менавіта такой барацьбы моцных людзей сыстэмы паміж сабой.

Юры Дракахруст, Радыё Свабода 

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: