Вас пакінуць усе.

Ілюстрацыя з сайта gestaltclub.com

 

Застанецца толькі яна.

Нават са сьмерцю ня зьнікне, бо – заўсёдная.

Гэта – ДУМКА.

Касьмічны праўдапіс кожнага.

Істае вытлумачэньне чалавека.

Адзінае, што рэальна паказвае на нашае вечнае існаваньне.

Не заўважаем мы гэтага, няўніклівыя да сваіх думкаў. Што заўгодна шануем, сумятлівае ды мінучае ўзьвялічваем, а аддаць належнае мысьляваньню, дайсьці да прычыннасьці мяркацыяў і ўзьвялікоміць-узвысіць бязьмежжа розуму – усё непакваль.

Адтаго і ўяўленьні – павярхоўныя, блытаныя, цьмяныя, а  веданьні – мройныя, ілюзійныя, хісткія. Мала таго, што сьвет, у які нас кінулі, ліхі і цяжкарэалізацыйны, дык мы самі яго яшчэ больш разьлютоўваем і кавенчым. Прычына – адсутнасьць сілы думкі, лёгкаважнасьць, а часам і слабасьць мысьленчых працэсаў. Высокае – мізарнее,  Боскае – спрошчваецца.

Для прыкладу: сымбалізм і метафізічная ўмоўнасьць Сьвятога Пісьма – у паняверцы. З-за гэтага і ўтрываліўся глыбока памылковы выраз “напачатку было слова”. Ды ня слова было  сьпярша, а – Думка! Энергетычны Выбліск ад Бога. Які зараз называюць Вялікім Выбухам. Пакуль. Да наступнага адкрыцьця, да новых ведаў, якія ўсё бліжэй падводзяць да Праўды. Гэта – па шляху навукі, маруднаму і не заўсёды надзейнаму. А сама лепш і спадзеўна – ісьці ў сябе, думаць. Чалавек – Вечны Сусьвет і ўсё мае пры сабе. Няма аніводнага пытаньня, на якое ён ня можа адказаць, мяркуючы з сабой. Толькі гэтым трэба займацца, запальваць думкі.

Калі ціша думаньня атульвае і забірае, тады бліжэй падыходзіць Сэнс і распачынае сваю магію, нашэптвае таёмасьці.

Паволі вынікае, што нашая сучасная фізічная форма – усяго толькі адно са шматлікіх покрываў, якія мы набываем у Бога, каб жыць. Дагэтуль мы мелі розныя выявы: паветраныя, водныя, флюідныя, мінеральныя, расьлінныя, жывёльныя… і шмат якія іншыя ад простых да складаных, нават неўявімых. Пакрысе сьведам’е ўзервае сябе ў выглядзе электронаў, атамаў, … планетаў, зоркаў, галактыкаў, квазараў.., асацыюе з многаасабовай істотай, з адсутнасьцю і г.д.

Ніякіх дзіўнасьцяў ад гэтага нямашака. Магчымае – з намі! Варта адкрыць у сабе і глыбока засвоіць важную касьмічную асаблівасьць чалавека:  усё, пра што мы думаем, існае і вызначае нас! Заўжды! Калі зараз мы не заўважаем надуманага і ад нашых мысьляў не адбываецца імгненных зьменаў, то  толькі з-за таго, што наш цяперашні сьвет – цяжкая, шчыльная і марудная форма матэрыі. Па-за ёй ці, як кажуць, “на тым сьвеце”, дзе ўсё лягчэй і шпарчэй, – усялякі чын розуму, нашыя думкі, намыслы жывуць, дзейнічаюць і чакаюць нас, каб у пэўны час стаць відочнымі і ўвасобіцца ў рэалізацыйных абліччах. Новыя нараджэньні, увасабленьні, уцелаішчваньні наўпрост залежаць ад гэтага  мянтальнага скарбу, ад касьмічных схоўкаў нашага  бесьперастаннага мазгаваньня. Вось і атрымліваецца: мы розныя на выгляд, на пачуцьці, на лёс адтаго, што па-свойму глуздуем-кемім-мяркуем.

Усё б нічога, калі б не адна важная акалічнасьць – у гэтым сьвеце ад нас мала што залежыць. Разважайма разам. Навука сьцьвярджае, а мы тое і безь яе адчуваем, што чалавек успрымае толькі каля пяці адсоткаў (!) Сапраўднага Сьвету. То бок мы знаходзімся ў глыбокім-праглыбокім-прапраглыбокім… няведаньні, хто мы такія насамрэч. Усе нашыя ўваабражэньні пра сябе й атачэньне – усяго плямка неверагодна агромністае касьмічнае карціны. Тады чаго вартыя нашыя прыблізныя думкі і эгацэнтрычныя меркаваньні? Мабыць таго ж, што й сьветапогляды чарвякоў, мурашоў, мятлікаў…. Для АБСАЛЮТУ ўсе мы – аднолькавыя матэрыяльныя стварэньні! Толькі рожнімася прасторава-часавым станам.

Мы існуем у сьвеце, які стварылі і кантралююць іншыя. Яны значна раней распачаліся й узьляцелі, а цяпер – вядуць нас як планетарныя багі. Што не спрычыняй і не вытлумачай, але  жыцьцё чалавека адбываецца па іхных правілах, да ліку якіх належыць і тайна ці, калі казаць без эзатэрычнай велягорыкі, падман. Разгадаць яе (яго) немагчыма з-за асаблівасьцяў нашага касьмічнага тыпу і з-за ўмоваў, у якіх знаходзімся. Філасофія вадарства такая, што нам літаральна хлусяць на астатнія 95 адсоткаў,  а то і больш, дзеля нашай жа карысьці:  спрыяюць у разьвіцьці. Адпаведна аснаджаюць і наш розум, і нашыя думкі. Адзначым, што гэты дабрабуд вядзецца па адметных індывідуальных праграмах: у кожнага свой лёс. Апекуны  мацнейшыя за нас ува ўсім. І маюць права распараджацца нашай воляй. Увогуле, свабода на іхным узроўні разглядаецца па нормах не зямной, а касьмічнай этыкі. Такая ёсьць, але мы пра яе анічога ня ведаем, бо й яна – таемная.

У сувязі з гэтым, так званая дасканаласьць homo sapiens – умоўная: патэнцыйна – ён сапраўды звышздольны, а рэальна – залежны, падпарадкаваны, “на ланцужку”. Чалавечая зухаватасьць адносна абсалютнай свабоды – адно фанабэрыя невуцтва.

Думаньне ў нашым сьвеце толькі здаецца вольнасьцю, бескантрольнай выявай  глуздоў. Насамрэч мы дзейнічаем, адчуваем і цямім выключна па імператывах нашых касьмічных валадароў, якія надзвычай ахоўваюць ад людзей істасьць  мысьляваньня. Ёсьць падставы лічыць, што разам з абыватальскімі намысламі ў ілюзійна-сакрэтна-ашуканцкай прасторы  вырастаюць  і навуковыя, і філасофскія, і культуралагічныя ідэі Зямлі. Вялікі Сусьвет для чалавецтва выглядае скажоным!

Акрамя тайбы на шляху нашага спазнаньня прысутнічае боль, якім у рознай ступені працятыя ўсе працэсы на планеце.

Тайна і боль – сутнасьць сучаснай цывілізацыі. Вызначальная адмета. Характарыстыка. Спосаб існаваньня. Канстанта, якую энергетычна падтрымліваюць багі-валадары. Адчагосьці яны вырашылі  менавіта так рухаць чалавецтва да Вяршыняў. Бяспрэчна, у Космасе ёсьць і іншыя, у тым ліку і лагодныя, напрамкі. Нам вызначылі гэты. Пра сапраўдныя прычыны мы ня знайма, таму ў версіях блытацца ня будзьма. Зьвернемся да таго, што на паверхні.

Калі Сусьвет разглядаць у метафізічнай праекцыі, то выяўляецца, што і мы, і нашыя касьмічныя апекуны – аднолькавыя істоты Аднаго Тварэньня, але рознага знаходжаньня ў прасторава-часавым кантынууме. Метагісторыя  ў нас – агульная.

Здавалася б, існуй і радуйся, разам ідзі да Бога, але – не.

Зь якіх сьветапоглядных пазіцыяў не падыходзь, Зямля – мейсца барацьбы розных сілаў. “Бітва пастаянная … скончыцца … с канцом хаосу” (Вучэньне Жывой Этыкі, Сьвет Вогненны, 490). Чалавека можна аднесьці да аднаго з аб’ектаў … хаосу. Адтаго цяперашні ягоны мозг ня можа існаваць без патаемна-сукрытых і лютасна-болесных меркаваньняў-разважаньняў. Гэта – змушаная ўмова змаганьня, неабходны распал магчымасьцяў для гартаваньня. І – этап Вялікаснага Мужненьня Духу. Іншымі словамі: у галаве чалавека хто толькі не калупаецца! Ніякія фантазіі не дапамогуць: абліччы ўсё адно ня выявяцца. Лепш узгадаць стыхію, блытаніну і характар сваіх думкаў ды пераканацца, што сілы ініцыяцыі – шматлікія, разнастайныя – фармуюць наш жыцьцёвы стан і ўвогуле, і ў дэталях. З усяго гэтага выснаў можа быць толькі адзін: варта інакш паглядзець на свае думкі і – парадкаваць іх!

Канечне, зразумець ісьціну ў схове, пад націскам цяжка. Адпрэчыць – лягчэй за ўсё. Многія так і робяць. Але на тое й дадзеныя Настаўнікі: яны ніколі не дазволяць чэзнуць Боскаму стварэньню і рана ці позна разбудзяць розум ды накіруюць подумкі ў патрэбнае рэчышча. Спосабаў для гэтага – процьма, у тым ліку таёмых і балючых. Але ніхто ня хоча падманвацца і пакутаваць. Таму, каб менш марнець, лацьвей паклапаціцца пра сябе самастойна, адкрыта і бязбольна. Для гэтага ёсьць веды, глузды, мысьлі. І – сьвядомасьць, якая таўхае наладоўвацца як мае быць.

А вынік заўсёды заслужаны й справядлівы: калі спазнаньне авалодвае намі цалкам, тады зьяўляецца абсалютная думка, што ўсе мы – адно! Якраз гэтага ад нас і патрабуецца! Больш правільнага тлумачэньня жыцьця няма!

Мікола Калядны, для Беларускай праўды

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...