Сёньня пасьля 14-суткавага арышту мусіў вызваліцца з ізалятара часовага ўтрыманьня гомельскі блогер Максім Філіповіч. Увесь тэрмін ён трымаў галадоўку. Замест вызваленьня яго прывезьлі на чарговы суд і прысудзілі чарговы арышт — 15 сутак, паведамляе Радыё Свабода.

Максім Філіповіч, архіўнае фота

 

Максім Філіповіч правёў у ІЧУ 14 сутак па рашэньню суду за дробнае хуліганства — так быў кваліфікаваны канфлікт у краме, удзельнікам якога быў блогер.

Новую адміністрацыйную справу адносна блогера распачалі за дробнае хуліганства (артыкул 17.1 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях).

28 лістапада Максім Філіповіч здымаў стрым пра пажар на гомельскім прадпрыемстве «Лінія зносу». У час здымак паміж блогерам і намесьнікам начальніка абласнога ўпраўленьня МНС Сяргеем Новікам здарыўся канфлікт. Філіповіч патрабаваў, каб супрацоўнік МНС прадставіўся. Калі той адмовіўся, блогер сказаў «Ідзі гуляй, сынок». Паводзіны Філіповіча абурылі частку інтэрнэт-карыстальнікаў. Была складзена пэтыцыя аб прыцягненьні блогера да адказнасьці за хамства ў дачыненьні да ратавальнікаў.

Міліцыя склала адміністрацыйны пратакол. Паводзіны блогера былі ацэненыя як «абразьлівае прыставаньне да грамадзян», па сутнасьці — дробнае хуліганства.

«Філіповіч адцягваў увагу супрацоўнікаў МНС пры выкананьні імі абавязкаў па тушэньні пажару, называў супрацоўніка МНС „сынком“, правакаваў на канфлікт», — пазначана ў пратаколе міліцыі.

Справу разглядаў суд Савецкага раёну. Блогер на судзе не прызнаў віну. Ён сьведчыў, што здарэньне адбылося каля гадзіны ночы 28 лістапада.

«Я прачытаў у СМІ, што пажар на „Лініі зносу“ быў лякалізаваны ратавальнікамі каля 16.00. Але ноччу заўважыў, што на прадпрыемстве працягваецца пажар. Абурыўся хлусьнёй у СМІ і пайшоў здымаць стрым. Я ня ведаў, што грамадзянін, які падышоў да мяне, быў супрацоўнік МНС. Ён не прадставіўся. У цемры не было бачна адразу, што чалавек у форме. Толькі потым я гэта заўважыў. Супрацоўнік МНС назваў мяне „аленем“, мяне гэта абурыла», — казаў на судзе блогер.

Ён падаваў шэраг хадайніцтваў: даць яму час на азнаямленьне са справай, дапусьціць жонку ў якасьці яго прадстаўніка, выклікаць сьведак. Час на азнаямленьне са справай яму далі, але толькі 30 хвілін. Астатнія хадайніцтвы былі адхіленыя.

Судзьдзя Аляксандар Мохараў пастанавіў арыштаваць Філіповіча на 15 сутак.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...