Бярозаўскі блогер і актывіст АГП Аляксандар Кабанаў атрымаў 980 рублёў штрафу (40 базавых велічыняў). Суд Бярозаўскага раёну палічыў яго вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі.

Аляксандар Кабанаў

 

Такой акцыяй суд прызнаў кармленне галубоў праціўнікамі будаўніцтва акумулятарнага заводу 18 сакавіка на плошчы ў Берасці. Аляксандар Кабанаў вёў адтуль відэатрансляцыю.

24 сакавіка Аляксандра Кабанава затрымалі ў Бярозе, як выходзіў з хаты. Яго даставілі ў пастарунак, дзе склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі.

Пасля затрымання Аляксандар Кабанаў выходныя правёў у ізалятары часовага ўтрымання, у панядзелак яго меліся судзіць, але суд перанеслі на 29 сакавіка.

Сёння ў судзе супраць яго сведчылі міліцыянты зь Берасця, якія казалі, што блогер заклікаў людзей да ўдзелу ў акцыі.

«Адзін з міліцыянтаў сцьвярджаў, што знаходзіўся на плошчы як цывільная асоба, калі проста праходзіў побач, пабачыў зграмаджэнне людзей ды пазнаў мяне. Але сэнс у тым, што яго там не было, ён схлусіў, а ў рапарце напісаў, што стаяў за спінаю ў мяне і чуў, што я гаварыў», — сказаў Свабодзе Аляксандар Кабанаў.

У судзе пераглядалі відэаматэрыялы з плошчы, якія здымаў супрацоўнік крымінальнага вышуку.

Кабанаў лічыць, што яго затрымалі прэвэнтыўна напярэдадні Свята Незалежнасці і акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу, якія адбыліся ў Берасці 25 сакавіка.

Пратэсты супраць будоўлі акумулятарнага заводу пачаліся ў студзені. Пасля сходаў з удзелам чыноўнікаў і жыхароў блізкіх да будаўніцтва вёсак Берасцейскі гарвыканкам не падтрымаў ідэі правесці сустрэчу наконт будаўніцтва з жыхарамі гораду. На калектыўны зварот супраць акумулятарнага заводу ў Берасцейскім аблвыканкаме заявілі, што ня бачаць падставаў для прыпынення будоўлі.

Чытайце па тэме:  Прокурор просит 3 года лишения свободы для минчанина, раненного милиционером

Людзі сабралі каля 37 тысяч подпісаў супраць заводу і перадалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі. Штонядзелю ў Берасці адбываюцца акцыі пратэсту на галоўнай плошчы гораду.

 

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: