Нягледзячы на шматлікія громкія заявы, дасягненні Арганізацыі Дагавора калектыўнай бяспекі не ўражваюць.

Фота: president.gov.by

 

30 лістапада ў Мінску прайшоў чарговы саміт Арганізацыі Дагавора калектыўнай бяспекі (АДКБ). У гэтым годзе, якраз падчас старшынства Беларусі, адзначаецца 25-годдзе Дамовы аб калектыўнай бяспецы і 15-годдзе існавання АДКБ.

Таму з больш за два дзясяткі ўключаных у парадак дня дакументаў немалую частку складалі рознага кшталту заявы і дэкларацыі. У тым ліку “Пра сітуацыю ў Сірыі і вакол яе”, дзе быў асобна адзначаны “вырашальны ўнёсак Расіі ў ліквідацыю ачагоў міжнароднага тэрарызму”.

Пры гэтым, аднак, на рэальную дапамогу на Блізкім Усходзе Крамлю разлічваць наўрад ці выпадае. Нягледзячы на абвяшчэнне, што “нашы міратворчыя кантынгенты да выканання любых задач і ў любой кропцы свету гатовыя”, асаблівага жадання на справе падтрымаць свайго “галоўнага хаўрусніка” сябры арганізацыі не дэманструюць. Напрыклад, не выклікала ў іх натхнення нядаўняя прапанова Масквы разгледзець магчымасць далучэння да забеспячэння бяспекі створаных там зон дээскалацыі.

АДКБ пачынае нагадваць сканаўшы больш за чвэрць стагоддзя таму Варшаўскі пакт. Праўда, у мініяцюры, калі ўспомніць, што толькі Група савецкіх войскаў у Нямеччыне налічвала паўмільёна вайскоўцаў з велізарнай колькасцю тэхнікі. На гэтым тле падраздзяленні, што складаюць аснову Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання, глядзяцца, мякка кажучы, не вельмі пераканаўча.

Такім чынам, хоць дагавор АДКБ практычна цалкам скапіяваны з Вашынгтонскай дамовы, якая палажыла пачатак стварэнню НАТА, эфектыўнасць гэтага ваенна-палітычнага альянсу на постсавецкай прасторы ў параўнанне з Паўночнаатлантычным блокам ісці не можа.

Чытайце па тэме:  В Минске проходит заседание министров обороны ОДКБ

Канешне, нешта ў створаных рамках усё ж робіцца. Скажам, была праведзена аперацыя “Нелегал” па процідзеянні незаконнай міграцыі, у выніку якой обнаружылі 127 тысяч незаконных мігрантаў, завялі 3929 справаў па наркотыках і больш за 700 – па незаконным захоўванні зброі. Але гэта збольшага адносіцца да ведама ўстановаў унутраных справаў, а не ўзброеных сіл.

Імкненне Расійскай Федэрацыі прыкрыць сябе “буфернымі зонамі” з пагрозлівых накірункаў цалкам зразумелае, чаго не скажаш пра нашу краіну. Апошнім часам антызаходняя рыторыка беларускіх уладаў рэзка скарацілася, тая ж НАТА называецца ўжо зусім не “каварным монстрам”, а ўсяго толькі “патэнцыйным супернікам”. Як падаецца, гэта сведчыць аб істотным змяншэнні ўяўлення аб наяўнасці пагроз з таго боку.

У такіх варунках мэтазгоднасць удзелу Беларусі ў АДКБ знікае канчаткова. Для яе ўвесь час будзе існаваць небяспека апынуцца ўцягнутай у досыць верагодныя канфлікты ў Цэнтральнай Азіі ці на Каўказе, што ніяк не адказвае нацыянальным інтарэсам. Апроч магчымых ахвяр сярод беларускіх вайскоўцаў, нельга выключыць магчымасць перанясення тэрарыстычнай дзейнасці на нашу тэрыторыю ў якасці помсты за аказваемую саюзнікам падтрымку.

Пры гэтым ніякай рэальнай дапамогі ад паўднёвых калегаў па АДКБ у выпадку, калі насуперак логіцы такая неабходнасць усё ж паўстане, Беларусі чакаць не варта.

Цікава, што ўжо ў перыяд прэзідэнцтва адносіны Беларусі з АДКБ далёка не заўсёды былі бясхмарнымі. Так, у 2009 годзе з прычыны “малочнай вайны” з Расіяй беларускі лідар адмовіўся ад удзелу ў маскоўскім саміце. Аналагічны дэмарш меў месца ў траўні 2013 года ў адносінах да нефармальнага саміту ў Кыргызстане ў сувязі з гісторыяй вакол прадастаўлення Беларуссю палітычнага прытулку бегламу прэзідэнту гэтай краіны Курманбеку Бакіеву. Нарэшце, з-за рознагалоссяў па Мытным кодэксе ЕАЭС беларускае кіраўніцтва праігнаравала ў мінулым снежні саміт у Санкт-Пецярбурзе.

Чытайце па тэме:  Датские солдаты пройдут специальную тренировку, прежде чем отправятся в Эстонию

Нават у дзейсным варыянце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дакладна зафіксавана, што краіна ставіць на мэце зрабіцца нейтральнай дзяржавай. Можна пагадзіцца, што паставіць задачу здабыць нейтральны статус і сапраўды стаць нейтральным – не зусім адно і тое ж. Аднак, здавалася б, у дзеяннях для дасягнення пастаўленай мэты мусяць быць нейкая логіка і паслядоўнасць. Нікому не забараняецца дабірацца з Мінску ў Брэст праз Віцебск, але наўрад ці гэта будзе рацыянальным рашэннем…

Безумоўна, значна больш сур’ёзныя праблемы, звязаныя з двухбаковым вайсковым супрацоўніцтвам з Расіяй, застануцца, але гэта ўжо іншае пытанне.

Андрэй Фёдараў, Народная Воля


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.