Падчас апошняга раўнду перамоваў паміж Беларуссю і Эўразвязам наконт пагаднення аб рэадмісіі быў дасягнуты «добры прагрэс». Пра гэта Свабодзе пацьвердзілі ў прадстаўніцтве Эўразвязу ў Беларусі 21 снежня.

Пра тое, што праект пагаднення аб рэадмісіі цалкам узгоднены, знаходзіцца ў «найвышэйшай ступені гатоўнасці» і рыхтуецца да далейшых кансультацый з наступным падпісаннем, заявіў 18 снежня начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Аляксей Бягун.

Пагадненне аб рэадмісіі — умова на шляху патаннення віз

Беларусь і Эўразвяз ужо ня першы год вядуць перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму.

Частка гэтага дыялёгу — падпісанне пагаднення аб рэадмісіі. Гэта абавязанне краіны прымаць сваіх грамадзянаў, дэпартаваных з іншай дзяржавы, і іншаземцаў, якія праз тэрыторыю краіны нелегальна трапляюць на чужую тэрыторыю.

Бакі прызналі гэтую праблему настолькі важнай, што вылучылі яе ў асобную тэму. Болей за тое, калі агульныя перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму вядзе Міністэрства замежных спраў Беларусі, то рэадмісію абмяркоўваюць экспэрты з іншага міністэрства — унутраных спраў. Да таго ж Эўразвяз паставіў умову — адначасова падпісаць два пакеты дакумэнтаў: аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі.

Дакумэнты аб рэадмісіі Менск і Брусэль меліся падпісаць яшчэ ў 2015 годзе на саміце «Ўсходняга партнэрства» ў Рызе, аднак гэтага не адбылося. Паводле кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Беларусі Ўладзімера Макея, — не па віне Беларусі.

За дакумэнтамі стаяць дзясяткі мільёнаў эўра

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі ў камэнтары Свабодзе канцэнтруе ўвагу на адным аспэкце пагаднення аб рэадмісіі — фінансавым.

Роман Яковлевский © Facebook

 

«Рэадмісія патрабуе істотных грошай. Дакладную лічбу не назаву, але размова ідзе пра некалькі дзясяткаў мільёнаў. І тут узнікае пытанне: хто будзе плаціць?» — кажа экспэрт.

Спадар Якаўлеўскі адзначае, што для ўтрымання нелегальных мігрантаў патрэбныя адмысловыя памяшканні з эўрапейскімі стандартамі харчавання, гігіены ды іншага. Плюс патрэбныя грошы, каб дадаткова сачыць за сытуацыяй. Паводле яго, беларускі бок хоча, каб усе гэтыя выдаткі ўзяў на сябе Эўразвяз. У Брусэлі ж лічаць, што фінансаваць праект павінны абодва бакі.

«Калі я прачытаў выказванні спадара Бегуна, то ў мяне ўзнікла адчуваньне, што Менск здолеў нейкім чынам угаварыць Брусэль узяць значную частку выдаткаў на сябе. Дарэчы, малы прымежны рух Беларусь ажыццяўляе толькі з Латвіяй. А вось з Літвой і Польшчай ён ня дзейнічае. Наколькі я ведаю, афіцыйны Менск запатрабаваў ад Варшавы і Вільні, а фактычна ад Брусэля ўмацавання структуры дзяржаўнай мяжы. А гэта новыя грошы, найперш на „адстойнікі“ для ўтрымання нелегальных мігрантаў», — рэзюмуе экспэрт.

Калі могуць падпісаць дакумэнты і што гэта дасьць звычайнаму беларусу

Паводле спадара Бегуна, цяпер у Беларусі чакаюць экспэртаў Эўразвязу, каб абмеркаваць канчатковыя фармулёўкі пагаднення аб рэадмісіі. У прадстаўніцтве Эўразвязу тэкст дамовы камэнтаваць нам адмовіліся, «паколькі перамовы працягваюцца».

Ці можна чакаць падпісання пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Менскам і Брусэлем у 2018 годзе? У прадстаўніцтве Эўразвязу толькі адзначылі, што працягнуць перамовы з беларускім бокам па двух гэтых пытаннях.

На пачатку кастрычніка амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар, гаворачы пра міждзяржаўныя кансультацыі адносна спрашчэння візавага рэжыму Беларусі з Эўразвязам, паведаміў, што «большая частка спрэчных пытанняў узгодненая, невялікая колькасьць яшчэ засталася».

«Калі ўдасца дамагчыся поўнай згоды — складанае пытанне», — дадаў ён.

Спрашчэнне візавага рэжыму — гэта ня толькі зніжэньне кошту самой візы да 35 эўра замест 60, як цяпер. Гэта і большая доля шматразовых візаў, і павелічэнне тэрміну дзеяння такіх візаў, і ўніфікаваныя дакумэнты, якія падаюцца ў кожную амбасаду ў Беларусі, якая выдае шэнгенскія візы.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: