Праваабаронцы з арганізацыі “Платформа” з’ездзілі ў калонію “Воўчыя норы”, каб праверыць інфармацыю пра бунт зняволеных, паведамляе Еўрарадыё.

www.intex-press.by

 

Суполка “Белорусская тюрьма” ў сацсетцы “ВКонтакте” паведаміла, што ўночы з 3 на 4 лістапада ў папраўчай установе адбыліся беспарадкі, у якіх удзельнічалі “ўсе асуджаныя ва ўсіх атрадах”.

У праваабаронцаў атрымалася пагутарыць з прадстаўнікамі адміністрацыі калоніі (але не з яе начальнікам) і са сваякамі асуджаных, якія выходзілі з доўгатэрміновых спатканняў.

“Мы ў свой час узнімалі пытанне, што там было арганізаванае казіно. Шмат хто там прайграваў грошы, — распавядае Еўрарадыё Андрэй Бандарэнка з “Платформы”. — У іх пасля гэтага пачаліся праверкі. Адключылі тэлебачанне і пачалі караць практычна за ўсё: за незашпілены гузік, за дрэнна запраўлены ложак. Чапляліся да ўсяго, да чаго было магчыма.

Частка асуджаных паспрабавала зладзіць пратэст. Але далёка не ўся “зона” — гаворка пра некалькі чалавек. Шмат хто з асуджаных нават не ведаў, што там быў “бунт”, і даведаўся пра гэта толькі пасля спатканняў са сваякамі.

Сёння начальнік збіраў усіх асуджаных і абяцаў, што ўсё будзе добра. БТРаў там няма, спецназа таксама няма”.

Пацвярджэнняў таму, што пратэст быў масавым, што зняволеныя забарыкадавалі дзверы, і што адбыліся сутычкі з персаналам калоніі, знайсці не атрымалася.

У папраўчай калоніі №22, вядомай як “Воўчыя норы”, адбываюць пакаранне тыя, хто ў першы раз трапіўся на наркотыках. Там знаходзяцца дзеці многіх “Маці-328”. Як высветліла Еўрарадыё, менавіта ад адной з іх даведаліся пра бунт у “Воўчых норах” і ўдзельніцы гэтага антынаркатычнага руху, і адміністратар суполкі “Беларуская турма”.

Іншыя “маці 328”, прачытаўшы паведамленне “ВКонтакте”, палічылі, што інфармацыя пра беспарадкі прыходзіць з розных крыніцаў, а значыць, яна адпавядае рэчаіснасці. Так навіна пра бунт зняволеных у ПК-22 атрымала шырокі распаўсюд.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: