Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі звярнуўся ў Дэпартамэнт выканання пакаранняў адносна ўмоваў, у якіх адбывае пакаранне Міхаіл Жамчужны.

Міхаіл Жамчужны, svaboda.org

 

Ён патрабуе зрабіць неабходныя захады, каб гарантаваць палітвязьню бяспеку і захаванне асноўных правоў і свабодаў.

Паводле Бяляцкага, цяпер Жамчужны пакараны з надуманых прычын дысцыплінарным спагнаннем і ўтрымліваецца ў памяшканні камэрнага тыпу.

«Цяпер у папраўчай калёніі № 9 для Міхаіла Жамчужнага створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія яго цкавання і запалохвання, якая мае на мэце максымальна ізаляваць палітвязьня ад астатніх зняволеных, абмежаваць яго ў правах і паставіць пад пагрозу яго жыццё і здароўе. Больш за тое, працягваюцца спробы прынізіць яго чалавечую годнасць», — піша старшыня «Вясны».

Шэраг праваабарончых арганізацый Беларусі раней заявілі, што Жамчужнага пазбавілі волі на падставе абвінавачванняў, справакаваных прадстаўнікамі дзяржавы. А само пакаранне яны назвалі непрапарцыйным.

Паводле Бяляцкага, правы Жамчужнага падчас зняволення неаднаразова груба парушаліся: ён паведамляў пра збіццё супрацоўнікамі віцебскага СІЗА-2, пра парушэнне яго права на абскарджванне прынятых адносна яго рашэнняў. У папраўчай калёніі № 14 Жамчужнага неабгрунтавана прызналі злосным парушальнікам рэжыму ўтрымання і паставілі на прафіляктычны ўлік як «схільнага да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці».

Заснавальнік «Плятформы Інавэйшн» Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 году быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў зняволення ў калёніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суду разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі. Суд прызнаў праваабаронцу вінаватым у падбухторванні да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу, у незаконным набыцці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, і ў даванні хабару.

Беларускія праваабаронцы прызналі Жамчужнага палітвязьнем.

Жамчужны ўтрымліваўся ў калёніі ў Навасадах (Барысаўскі раён Менскай вобласці), затым у калёніі № 11 у Ваўкавыску (Гарадзенская вобласць). 10 ліпеня яго перавялі ў Горкі. Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак, вынаходнік. Першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве.

Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: