У Маскоўскім судзе прайшлі судовыя спрэчкі на працэсе, дзе разглядаецца скарга былой адвакаткі Ганны Бахцінай да Мінʼюсту.

Ганна Бахціна

 

Ганна Бахціна ўпершыню заявіла, што пазбаўленне яе адвакацкай ліцэнзіі і звальненне з адвакацкай канторы звязана з тым, што яна добра бараніла фігуранта справы «Белага легіёну» Міраслава Лазоўскага.

Экс-адвакатка нагадала, як у сакавіку ў якасці абаронцы Лазоўскага пачала заяўляць хадайніцтвы, якія ў выніку прывялі да зняцця зь яго абвінавачання ў падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў.

«Як аказалася, што ў аўтамабілі Лазоўскага апынуўся аўтамат без нумароў? І куды падзеўся той джып са зброяй, які нібыта прарываўся праз мяжу з Украінай? Усяго не магу расказаць, але ў выніку тое абвінавачанне знялі. І тады з’явілася новае, пра ўзброенае фармаванне, якое вартае таго самага. Толькі пры чым тут абаронцы? Калі ня ўмееце падкідваць аўтаматы, дык не рабіце скрайнімі адвакатаў», — сказала ў сваім выступе Ганна Бахціна.

Паводле яе, праверка адвакацкай канторы, дзе яна працуе, была звязаная з тым, што яна аказвала дапамогу Лазоўскаму.

Ганна Бахціна спаслалася на тое, што ня толькі яна, але і іншыя адвакаты, якія баранілі фігурантаў справы «Белага легіёну», былі выкліканыя на пазачарговую атэстацыю і не змаглі яе прайсці з першага разу:

«Спачатку праверку зладзілі ў Магілёўскай адвакатуры. Хіба гэта супадзенне, калі ўлічыць, што гэта ў Магілёўскай вобласці нібыта „бегалі па лясах са зброяй“ фігуранты справы „Белага легіёну“? Потым, у ліпені, праверка прыйшла да менскіх адвакатаў. Нас усіх хацелі запалохаць».

Чытайце па тэме:  Польскія адвакаты выказалі глыбокую занепакоенасць сітуацыяй з беларускімі калегамі

Ганна Бахціна не шкадуе, што заняла прынцыповую пазыцыю і абараняла свайго падабароннага Міраслава Лазоўскага гэтак, як ёй падказвалі «гонар, сумленне і прафэсійны абавязак адваката».

«Мінʼюст разлічваў, што нас запалохае, але пралічыўся. Але і я пралічылася, калі разлічвала на салідарнасць усіх калег па прафэсіі, — гэтага не атрымалася. Мяне, магчыма, падтрымліваюць усе, але большасць з іх шэптам. І ўсё ж лічу, што мой прыклад будзе карысны маладым адвакатам, яны навучацца сябе бараніць», — сказала Ганна Бахціна, выступаючы ў судовых спрэчках.

Судовая пастанова па яе скарзе да Мінʼюсту будзе агалошаная 31 кастрычніка а 9 раніцы.

Ганна Бахціна праз суд дамагаецца адмены пастановы Мінʼюсту аб скасаванні яе ліцэнзіі на падставе таго, што 12 верасня кваліфікацыйная камісія вырашыла, што яна ня можа выконваць абавязкі адваката з прычыны нібыта нізкай кваліфікацыі.

У судзе зачыталі характарыстыку, якую Ганне Бахціной далі ў Фрунзенскай адвакатуры, дзе яна працуе 25 гадоў. У характарыстыцы гаварылася, што яна ніколі ня мела спагнанняў, на яе ніколі ня скардзіліся кліенты, супрацоўнікі судоў і следчых органаў.

«Да прафэсійнай дзейнасці ставіцца як да паклікання», — пішуць пра Ганну Бахціну калегі-адвакаты.

Між тым кваліфікацыйная камісія пры Мінʼюсце, якую ўзначальвае намеснік міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў, вырашыла, што Ганна Бахціна не прайшла пераатэстацыі, бо не адказала на два пытанні пра апошнія навацыі ў Крымінальным кодэксе і дапусціла некалькі парушэнняў у справаводзтве.

Чытайце па тэме:  Міраслаў Лазоўскі: Тое, што “справу патрыётаў” спынілі – поўная нечаканасць!

Алег Грузьдзіловіч,  Свабода


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.