Ён чакае дэпартацыі, як і іншыя нелегалы. Напрыклад, грамадзянін Конга знаходзіцца ў ізалятары ўжо амаль год.
okrestino
Праваабаронцы кажуць, што ў цэнтры ізаляцыі на Акрэсціна шмат людзей, якія чакаюць дэпартацыі. Раней пра іх проста не ведалі. Цяпер жа вядома пра 15 чалавек, распавядае праваабаронца Наста Лойка:

“Там расіяне, грузіны, адзін украінец быў, 3 афрыканцы. З рознымі гісторыямі, рознымі падставамі. Большасць з іх ужо дэпартаваныя, але ёсць тыя, хто знаходзіцца там месяцамі, і іх лёс незразумелы”.

Патрык з Конга чакае дэпартацыі каля года. І ўвесь час ён знаходзіцца за кратамі. Патрык — ветэран вайны, прыехаў у Беларусь вучыцца на лётчыка, але яго выклікалі ў консульства і сказалі, што трэба вяртацца на радзіму ваяваць.

“На што ён проста парваў свой пашпарт. І цяпер знаходзіцца ў ЦІПе ужо працяглы тэрмін. Консульства не хоча даваць інфармацыю пра яго. У яго сітуацыі было б добра падаць на прытулак у Беларусі. Але ён наўрад ці ведае, як гэта робіцца”.

Цяпер у Патрыка пачаліся псіхалагічныя праблемы. Ён перастаў размаўляць з людзьмі. Праваабаронцы нават не ведаюць дакладна яго прозвішча, каб перадаць нейкія рэчы.

“Ён сядзіць у двухмясцовай камеры, і ў яго дах едзе. Яму трэба дапамагчы”, — распавядае Леанід Кулакоў, які сядзеў на сутках падчас чэмпіянату па хакеі.

Бывае, што ў людзей, якія чакаюць дэпартацыі на Акрэсціна, праблемы з дакументамі, бо трэба даведацца іх асобу і ўвесь гэты час яны знаходзяцца за кратамі. А потым пачынаюцца праблемы з самой дэпартацыяй, бо квіткі затрыманым трэба набываць за ўласныя сродкі.

Сваякі і консульствы не заўсёды ведаюць пра затрыманых. Яшчэ адзін затрыманы — футбаліст з Нігера Мадзіба Сідзібэ, які гуляў за магілёўскі “Дняпро”. Кантракт у яго скончыўся яшчэ ў снежні. Ён збіраўся вяртацца на радзіму, але яго затрымалі ў аэрапорце і завезлі на Акрэсціна. Там мужчына сядзіць з канца лютага, бо яму не могуць набыць квіток.

“З футбалістам з Нігера там праблема, што супрацоўнікі міліцыі бясконца бралі ў яго грошы наяўныя. Потым прыйшлі, сталі патрабаваць, каб ён казаў пін-код ад карткі, маўляў, трэба 6 мільёнаў для квітка. А ён казаў, давайце я паеду ў аэрапорт з вамі, набуду квіток і ўлячу. Не, так не паложана. Тое самае было з грузінамі. Яны казалі, што мы можам папрасіць родных, каб даслалі грошы. Супрацоўнікі міліцыі казалі, так грошы патрэбныя, але звязацца з роднымі мы вам не можам даць, бо так не паложана”, — кажа Наста Лойка.

Дзякуючы сядзельцам-актывістам сталі вядомыя розныя гісторыі людзей, якія чакаюць дэпартацыі. Так, Леанід Кулакоў, распавядае, што разам з ім у камеры сядзеў яшчэ адзін афрыканец з Замбіі.

“Ён па-руску — поўны нуль. Сядзіць, плача, яго ніхто не разумее. Яны на яго крычаць, ён галавой махае, думае, што кажуць нешта добрае”.

Актывіст кампаніі “Ежа замест бомбаў” Валерый Тамілін трапіў у адну камеру з грузінамі.

“У аднаго скончыўся тэрмін рэгістрацыі. Ён не паспеў зрабіць новую, на наступны дзень яго затрымалі. Яшчэ адзін прыехаў сюды працаваць, але яго падманулі з рэгістрацыяй. Быў яшчэ адзін грузін, яго ўжо дэпартавалі. У яго была рэгістрацыя да 15 красавіка. Затрымалі яго 14 красавіка раніцай на вакзале і пратрымалі двое сутак у стакане. Потым пастфактум аформілі затрыманне. Ён хацеў ляцець у Грузію, чакаў сябра з якім павінен быў набыць квіток. Але не дачакаўся, яго затрымалі”.

Колькі такіх выпадкаў, праваабаронцы не ведаюць, бо інфармацыі вельмі мала, і звычайна тых, хто чакае дэпартацыі трымаюць асобна ад актывістаў. Цяпер некаторым затрыманым спрабуюць дапамагчы.

Крыніца: Еўрарадыё

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...