У праекце бюджэту на 2020 год прапануецца павялічыць выдаткі на сельскую гаспадарку, ЖКГ, ахову здароўя, прамысловасць і фінансаванне транспарту. Нязначна вырастуць выдаткі на судовую ўладу, праваахоўную дзейнасць і забеспячэнне бяспекі: з 2,31 да 2,47 мільярда рублёў, паведамляе Еўрарадыё.

На ахову здароўя прапануюць павялічыць выдаткі на 17,7 %, з 1,01 да 1,2 мільярда рублёў. Пры гэтым фінансаванне непасрэдна медыцынскай дапамогі насельніцтву вырасце на 15 %, да 575 мільёнаў рублёў.

Прапануюць павялічыць выдаткі на сацыяльную палітыку на 6 %, да 2,016 мільярда рублёў. Так, прапануюць павялічыць выдаткі на пенсіі ваеннаслужачым, яны вырастуць на 4 %, да 1,1 мільярда рублёў. А вось дапамога ў забеспячэнні жыллём скароціцца на 14,5 %, да 260 мільёнаў. Пры гэтым дапамога сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, будзе павялічана на сімвалічных 1,5 %, да 348 мільёнаў.

Павялічваюць выдаткі на сельскую гаспадарку і прамысловасць

Прапануюць павялічыць адразу на 34 % фінансаванне сельскай гаспадаркі і рыбагаспадарчай дзейнасці, з 499 да 670 мільёнаў рублёў.

Пры гэтым доля сельгаспрадпрыемстваў, што фінансуюцца з бюджэту, складзе ўсяго 43,7 мільёна рублёў. А вось выдаткі на развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці, рыбаводства і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі павялічацца ў два разы, з 139 да 284 мільёнаў рублёў.

У праекце прапанавана ў 5 разоў павялічыць выдаткі на жыллёва-камунальныя паслугі. Пры гэтым фінансаванне самой ЖКГ узрасце толькі на 40 %, да 13,6 мільёна рублёў. А вось выдаткі на “іншыя пытанні ў галіне ЖКП” павялічацца ў 5,3 раза, c 91,9 да 488,5 мільёна рублёў.

Фінансаванне прамысловасці, будаўніцтва, архітэктуры прапанавана павялічыць на 13,5 %, з 963,2 мільёна да 1,093 мільярда рублёў. Пры гэтым выдаткі менавіта на прамысловасць зменшаны на 10,4 %, да 15,5 мільёна рублёў. На будаўніцтва і архітэктуру — павялічаны на 3,6 %, да 2,9 мільёна рублёў. Пры гэтым амаль на 14 % павялічваецца фінансаванне пазіцыі “іншыя пытанні ў галіне прамысловасці, будаўніцтва і архітэктуры”. На гэты артыкул выдаткаў плануюць патраціць 1,074 мільярда рублёў.

Культура: паменшаць выдаткі на “мастацтва”, павялічаць на “кіно”

Агульнае фінансаванне расходаў на культуру паменшыцца на 5,3 мільёна рублёў. Больш за ўсё пацерпіць пазіцыя “культура і мастацтва”, выдаткі на яе скарацілі на 4,69 %, да 121 мільёна рублёў. А вось фінансаванне кінематографа павялічылі на 530 тысяч рублёў, і цяпер запланаваныя выдаткі складаюць 12,1 мільёна.

Памяншаюць выдаткі на сувязь

Памяншаюць выдаткі на галіну “паліва і энергетыка” на 12,6 %, з 402 да 351 мільёна рублёў. У тым ліку памяншаюць фінансаванне будаўніцтва і рэканструкцыі аб’ектаў інжынернай інфраструктуры для жылых раёнаў.

Моцна дастанецца пазіцыі “сувязь”. Тут прапануюць скараціць фінансаванне на 40 %, з 14,6 да 8,9 мільёна рублёў.

Адукацыя: менш грошай на сярэднюю адукацыю, больш на вышэйшую

Агульнае фінансаванне на адукацыю ў 2020 годзе прапануюць павялічыць на 129 мільёнаў рублёў. Выдаткі на вышэйшую і пасляўніверсітэцкую адукацыю павялічаць на 90 мільёнаў рублёў. Пазіцыі “іншыя пытанні ў галіне адукацыі” павялічаць фінансаванне на 48,9 %, да 94,1 мільёна рублёў. Сярэднюю спецыяльную адукацыю, магчыма, атрымае на 10,9 мільёна больш, чым у 2019 годзе.

А вось сярэдняя адукацыя можа страціць 12,7 мільёна рублёў у параўнанні з 2019 годам. Розніцу ў фінансаванні зноў павінны будуць пакрываць бацькі вучняў?

СМІ: больш грошай тэлевізару і радыё

Фінансаванне дзяржаўных СМІ хочуць павялічыць на 12,5 мільёна рублёў. Большая частка з якіх дастанецца тэлебачанню і радыё. Агульныя выдаткі на іх будуць складаць 142,7 мільёна рублёў, што на 10 % больш, чым у 2019 годзе.

У параўнанні з гэтымі лічбамі выдаткі на друкаваныя СМІ і выдавецтвы здаюцца несур’ёзнымі. У 2020 годзе на іх фінансаванне плануецца вылучыць усяго 7,2 мільёна рублёў, усяго на 450 тысяч рублёў больш, чым у 2019 годзе.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...