Здавалася б, на першы погляд, праблемы забеспячэння вадой жыхароў нашай краіны як такой няма. Яшчэ са школьных гадоў мы дакладна ведаем, што Беларусь — «краіна блакітных азёр», і прыроднага запасу вады нам хопіць на доўгія дзесяцігоддзі. Аднак спецыялісты б’юць трывогу: 25 працэнтаў проб вады з грамадскіх калодзежаў сёння не адпавядаюць санітарным патрабаванням з-за павышанага ўтрымання нітратаў.

Фота Анатоля Клешчука

 

Сітуацыя з цэнтралізаваным водазабеспячэннем таксама далёкая ад ідэалу: больш за 18 працэнтаў проб водаправоднай вады былі непрыдатныя да ўжывання з-за павышанага ўтрымання ў ёй жалеза, піша Звязда.

Паводле інфармацыі санітарна-эпідэміялагічных службаў, сёння ў краіне патрэба ў станцыях абезжалезвання складае амаль 60 працэнтаў. Пры гэтым яна максімальная ў Гомельскай вобласці — 86,9 працэнта. Такія звесткі былі агучаны на пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі.

Дарэчы, для забеспячэння ўсіх жыхароў беларускіх аграгарадкоў цэнтралізаваным водазабеспячэннем неабходна пабудаваць 2 300 км водаправодных сетак і 570 артэзіянскіх свідравін. Для таго каб гэта ажыццявіць, трэба каля 220—250 мільёнаў долараў.

Сума прыстойная. Зразумела, што мясцовым уладам такая задача не пад сілу. Вырашаць яе, на думку спецыялістаў, неабходна ў маштабах краіны з прыцягненнем сродкаў інвестараў.

Зрэшты, забеспячэнне якаснай пітной вадой — усяго адна з болевых кропак водазабеспячэння, якія, што называецца, сёння на паверхні. Доктар тэхнічных навук, прафесар Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Анатоль Гурыновіч працуе над праблемамі воднай гаспадаркі нашай краіны ўжо не адзін дзясятак гадоў. На думку вучонага, сёння прыйшоў час комплексна падыходзіць да сітуацыі, якая склалася ў сістэме водазабеспячэння насельніцтва, вывучаючы праблемы галіны з розных бакоў. Напрыклад, большасць водазаборных свідравін (а іх сёння ў розных рэгіёнах краіны за 30 тысяч) знаходзіцца ў нездавальняючым стане, і больш за траціну — не працуе.

Навукоўцы налічваюць некалькі сотняў крыніц забруджвання падземных і паверхневых водаў. Ільвіную долю тут займаюць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. З палёў і ферм у рэкі сцякаюць рэшткі хімічных рэчываў, якія ўжываюцца для барацьбы з пустазеллем і шкоднікамі, пестыцыды, а таксама арганічныя і неарганічныя ўгнаенні, якія змяшчаюць азот, фосфар, калій і іншыя хімічныя элементы.

Вялікую трывогу ў эколагаў выклікаюць і скіды з прамысловых прадпрыемстваў. Больш за ўсё пакутуюць ад гэтага рэкі, размешчаныя побач з буйнымі населенымі пунктамі. Напрыклад, такія, як Свіслач на ўчастку, які праходзіць ніжэй Мінска, Уза побач з Гомелем, а таксама рэкі Уша ніжэй горада Маладзечна, Днепр, Бярэзіна ніжэй горада Барысава, Прыпяць, Ясельда, Заходні Буг каля Брэста, рака Мухавец у раёне горада Кобрына. Паводле звестак Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі, у мінулым годзе ў краіне было скінута ў навакольнае асяроддзе каля васьмі мільёнаў тон сцёкавых водаў.

Знос сетак і інжынерных збудаванняў сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення ў сярэднім па краіне на гэты момант перавышае 60 працэнтаў.

Да таго ж нізкі ўзровень іх тэхнічнага абслугоўвання, а таксама недахоп фінансавых сродкаў на мадэрнізацыю вядуць да вялікіх страт вады — да 30 працэнтаў, у той час як сярэдні паказчык па краінах Еўрасаюза вагаецца ў межах 10 працэнтаў.

Паводле слоў спецыялістаў, цяпер склалася сітуацыя, пры якой далейшае зацягванне з прыняццем неабходных мер па ліквідацыі недахопаў прывядзе да яшчэ большага зніжэння якасці пітной вады і паслуг каналізацыі, пагаршэння эканамічнага і фінансавага стану спецыялізаваных арганізацый.

Сёння ўсе аб’екты і прадпрыемствы сістэмы водазабеспячэння насельніцтва знаходзяцца ў распараджэнні жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Пасля ліквідацыі Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі БССР у нас адсутнічае дзяржаўны орган кіравання гэтай галіной, што прывяло да становішча, калі ў краіне няма адзінай і зладжанай палітыкі далейшага развіцця сістэмы воднай гаспадаркі рэспублікі. Напрыклад, няма тэхнічных рэгламентаў бяспекі вады, адсутнічаюць метадалогіі маніторынгу і ацэнкі запасаў падземных водаў на тэрыторыі Беларусі. Практычна ніхто не можа дакладна сказаць, як у далейшым варта выкарыстоўваць глеістыя пляцоўкі, а гэта, між іншым, дзевяць мільёнаў тон патэнцыйных угнаенняў. А як абясшкодзіць атрутныя асадкі сцёкавых вод? Гэта яшчэ адно з многіх нявырашаных пытанняў.

Асобная праблема — беражлівыя адносіны да водных багаццяў Беларусі, бо гэта стратэгічны і жыццёва важны для жыхароў нашай краіны рэсурс. І ён не бязмежны. На словах гэта разумеюць усе. А на справе складваецца сітуацыя, якая мяжуе з безгаспадарчасцю. Ні для кога не сакрэт, што большасць прамысловых прадпрыемстваў выкарыстоўваюць пітную ваду для тэхнічных патрэб і не зацікаўленыя ўкараняць водазберагальныя тэхналогіі вытворчасці.

Многія спецыялісты сыходзяцца ў меркаванні, што для вырашэння ўсіх гэтых задач неабходна стварыць цэнтралізаваны дзяржаўны орган, магчыма нават адрадзіць дэпартамент па меліярацыі і воднай гаспадарцы.
Беларусь з 2009 года далучылася да «Пратакола па праблемах вады і здароўя», у якім было вызначана, што ахова здароўя чалавека павінна ажыццяўляцца шляхам паляпшэння кіравання воднымі рэсурсамі, аховы экасістэм і прадухілення, кантролю і зніжэння звязаных з вадой захворванняў. Былі распрацаваны «Аналітычны даклад аб стане воднай гаспадаркі» і «Водная стратэгія Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2020 года». Аднак, паводле слоў спецыялістаў, усе гэтыя дакументы пакуль не атрымалі ніякага далейшага прасоўвання. І на практыцы амаль нічога не робіцца, каб гэта выправіць.

Па ініцыятыве Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу цяпер ідзе дапрацоўка паправак у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб пітным водазабеспячэнні», які быў прыняты яшчэ ў 1999 годзе і патрабаваў карэкціроўкі з улікам патрабаванняў часу і сітуацыі, якая склалася ў воднай гаспадарцы краіны. Спецыялісты спадзяюцца, што новае заканадаўства дазволіць вырашыць найбольш вострыя праблемы, якія наспелі ў сістэме забеспячэння насельніцтва пітной вадой. Аднак цалкам відавочна, што сітуацыя патрабуе больш комплекснага і сістэмнага падыходу ў частцы размеркавання сферы ўплыву і адказнасці паміж мясцовымі органамі ўлады і зацікаўленымі ведамствамі — у першую чаргу ў мэтах стварэння эфектыўнай водагаспадарчай палітыкі, якая павінна быць накіравана на дасягненне ўстойлівага развіцця эканомікі Беларусі.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...