Дзяржкамітэт маёмасці запатрабаваў, каб дзяржаўныя інфармагенцтва БелТА і тэлеканал «Беларусь-24» транслітаравалі геаграфічныя назвы з беларускай, а не расейскай мовы. Свабода высветліла, ці варта чакаць пераменаў.

Шыльды ў Горадні

 

Паводле Дзяржкаммаёмасці, «каб пазбегнуць канфліктных сытуацый», гэтыя афіцыйныя мэдыя павінны выкарыстоўваць нацыянальную сыстэму раманізацыі геаграфічных назваў. Яна вызначана Інструкцыяй па транслітарацыі геаграфічных назваў літарамі лацінскага альфабэту, зацверджанай у 2000 годзе пастановай Дзяржкамітэту зямельных рэсурсаў, геадэзіі і картаграфіі.

Пра гэта паведамляецца ў адказе намесніка старшыні Дзяржкамітэту маёмасьці Аляксандра Літрэева на запыт менчука Максіма Ляшко.

Барацьба за лацінку (ці траслітарацыю з беларускай мовы, каму як падабаецца) працягваецца.Дзяржааммаёмасці накіравала …

Geplaatst door Maksim Liaško op dinsdag 20 februari 2018

 

«Наконт дзяржаўных СМІ ў мяне ёсць сумнеў»

Максім Ляшко патлумачыў карэспандэнту Свабоды, што накіраваў запыты ў БелТА і тэлеканал «Беларусь 24», бо яны выкарыстоўваюць транслітарацыю геаграфічных назваў Беларусі з расейскай мовы.

«З абодвух месцаў прыйшлі адказы, што на ангельскую мову яны перакладаюць артыкулы з расейскай, таму ім так больш зручна і яны будуць працягваць такую практыку, — расказвае Максім Ляшко. — Давялося звярнуцца ў Дзяржаўны камітэт маёмасці (менавіта ён адказвае за выкананне інструкцыі). Паводле адказу адтуль, яны накіравалі лісты ў БелТА і „Беларусь 24“ з тлумачэннем пра неабходнасць выкарыстання нацыянальнай сыстэмы транслітарацыі. Але ў мяне ёсць вялікі сумнеў, што дзяржаўныя СМІ вось так проста пяройдуць на гэтую сыстэму».

Паводле Максіма Ляшко, пра Інструкцыю па транслітарацыі, якая дзейнічае з 2000 году, чыноўнікі ўспомнілі перад чэмпіянатам свету па хакеі ў 2014 годзе. У 2013 годзе яна была рэкамэндаваная ААН для міжнароднай сыстэмы раманізацыі беларускіх геаграфічных назваў.

«Але і тады выконвалі інструкцыю ня ўсе. Так, напрыклад, Менсктранс дадаў у электронным табло на прыпынках іх транслітараваныя назвы, але транслітарацыя была з расейскай мовы. Пасля майго звароту яна была змененая на афіцыйную паводле Інструкцыі. Праўда, пасля чэмпіянату свету транслітараваныя назвы прыбралі (цяпер там назвы па-беларуску і па-расейску, раней было па-расейску і лацінкай)».

Максім Ляшко кажа пра яшчэ адзін поспех у барацьбе за выкананне Інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў. Пасля яго звароту Беларуская чыгунка памяняла шыльды на чыгуначнай станцыі Лошыца (што ў Менску) з Loshitsa на Lošyca.

«Увосень убачыў навіну пра тэставы турыстычны стэнд у Горадні, але на фота было відаць, што ўся інфармацыя па-расейску і транслітаруецца таксама з расейскай. Прыйшлося пісаць у Дзяркамітэт маёмасці, каб тыя праінструктавалі Горадзенскі выканкам пра заканадаўства ў сфэры транслітарацыі. У выніку ў Горадні адказалі, што гэта быў толькі тэставы стэнд, а далейшыя будуць адпавядаць заканадаўству».

Таксама дзякуючы запыту Максіма Ляшко Менскі мэтрапалітэн паабяцаў пераагучыць  англамоўную абвестку на станцыі «Плошча Леніна».

«Цяпер яна гучыць наступным чынам: „Plošča Lienina station, exit to the Railway station and Independence Square“Independence Square — гэта пераклад тапоніма, што ўвогуле недапушчальна. Быў атрыманы адказ, што Independence Square будзе пераагучана на Plošča Niezaliežnasci», — кажа Максім Ляшко.

«Мы ня можам за ўсім сачыць і кантраляваць»

Кансультант упраўлення геадэзіі і картаграфіі Ірына Бародзіч сказала карэспандэнту Свабоды, што Дзяржкамітэт маёмасці рэагуе на парушэнні Інструкцыі часцей за ўсё пасля зваротаў грамадзян.

«Бо мы ня можам за ўсім сачыць і кантраляваць, дзе і як што пішацца. У нас няма паўнамоцтваў недзе хадзіць і правяраць. Грамадзяне больш пільныя, у іх рознабаковыя інтарэсы і, калі недзе яны бачаць недакладнасці, то звяртаюцца да нас».

Паводле Ірыны Бародзіч, апошнім часам звароты грамадзян сталі больш частыя. Ад пачатку гэтага году дзяржкамітэт атрымаў ужо два звароты, і яны тычацца няправільнага адлюстравання геаграфічных назваў.

— Якія вы маеце рычагі ўплыву на дзяржорганы?

— Напісаць ліст, указаць нарматыўны прававы акт, якім гэта рэгулюецца і сказаць, што ён абавязковы для прымянення. Усё.

— Гэта значыць, вы ня сочыце, ці выканана ваша патрабаванне?

— Не. Мы толькі ўказваем. Мы пішам наўпрост парушальнікам. Яны могуць нам адказаць, а могуць і не. Але я думаю, што і БелТА, і «Беларусь-24» адрэагуюць.

Што кажуць самі БелТА і «Беларусь-24»?

Першы намеснік гендырэктара БелТа Аксана Кірыльчык папрасіла карэспандэнта Свабоды патэлефанаваць пазней па гэтым пытанні. Прадстаўніца Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі  Святлана Краскоўская-Смалонская параіла сачыць за навінамі.

«Вы нас крыху апярэдзілі з гэтымі пытаннямі наконт транслітарацыі геаграфічных назваў і прозвішчаў, бо мы якраз працуем у гэтым кірунку. І неўзабаве вы зможаце пабачыць вынікі нашай працы».

Пакуль на англамоўных вэрсіях сайтаў БелТА і «Беларусь-24» нічога не памянялася.

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: