«Каб нас пачулі, мы гатовыя перакрыць Партызанскі праспект», — казалі некаторыя жыхары Паўночнага пасёлка ў прыватных размовах пасля сустрэчы з дэпутатам Мінгарсавета.

На сустрэчу з дэпутатам Мінгарсавета Ігара Русакевіча ў СШ № 172 прыйшлі дзясяткі жыхароў Паўночнага пасёлка Мінска. Дэпутат адразу даў зразумець, што ён вялікі начальнік, а людзі, што прыйшлі да яго, — прасіцелі. Ён папярэдзіў, што прыме толькі некалькі чалавек, а не ўсіх, хто прыйшоў на сустрэчу, паколькі памяшканне невялікае (для сустрэчы з дэпутатам вылучылі чамусьці стандартны клас, а не актавую залю).

Калі клас быў запоўнены людзьмі, а яны не толькі сядзелі за партамі, але і стаялі у праходах і дзвярах, — народны абраннік заявіў, што з годна з нейкім заканадаўствам, фота і відэаздымка забаронена. Негатоўнасць дэпутата агучыць спасылкі на адпаведныя артыкулы закона дазволіла журналісту НЧ працягнуць выконваць сваю працу, але досыць цынічная і грэблівая манера стасункаў з людзьмі грамаду напачатку крыху збянтэжыла.

Дарэчы, на ўсіх папярэдніх сустрэчах жыхары пасёлку рабілі аматарскае відэа, каб фіксаваць свае прапановы і пытанні, а таксама адказы і абяцанні начальства.Сябра ініцыятыўнай групы жыхароў Паўночнага пасёлка (яна была створана грамадой напярэдадні сустрэчы проста ў холе школы) Таццяна ў сваім выступе нагадала пра абавязкі дэпутатаў мясцовай улады, распавяла, чаму людзі лічаць грамадскае абмеркаванне, якое было арганізаванае мясцовымі уладамі, фіктыўным, агучыла супольнае патрабаванне — правесці паўторнае грамадскае абмеркаванне з удзелам зацікаўленых жыхароў.

Прысутныя паспрабавалі даць наказ дэпутату, каб ён правёў своеасаблівае расследаванне, як рыхтаваліся грамадскія слуханні, зрабіў копіі шэрагу праектных дакументаў і экспертыз, каб жыхары пасёлка, яго выбаршчыкі, змаглі выбудаваць лінію абароны.

“Вы мяне абавязаць не можаце, вы можаце мяне толькі прасіць, і я буду рабіць, што магу”, — адрэзаў прадстаўнік улады.

Спадар Русакевіч адразу адхрасціўся ад публічнай падтрымкі патрабаванняў грамадзян, паколькі гэта усяго толькі іх “пажаданні”, а не “законныя патрабаванні”, і дадаў, што падпісваць сваім імем калектыўны ліст у Адміністрацыю прэзідэнта не будзе. Маўляў, ёсць інтарэсы горада і іншых выбаршчыкаў акругі, якія магчыма і паселяцца ў шматпавярховіках.

Тым не менш, дэпутат не раздаваў пустых абяцанак, імкнуўся быць гранічна шчырым — і казаў, што захаваць запланаваныя да зносу прыватныя дамы практычна нерэальна. Ён таксама паведаміў, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Курсевіч на нарадзе ў адміністрацыі Заводскага раёна спрабаваў адстаяць інтарэсы грамадзян, але вынікі несуцяшальныя.

Па словах Ігара Русакевіча, магчыма атрымаецца адстаяць 5-10 дамоў, але пакуль невядома якіх. На такую правакацыю людзі не паддаліся:

“Зямля можа быць забраная для дзяржпатрэбаў, а новыя дамы на месцы нашых — гэта хіба дзяржпатрэбы?!”

“Калі дзяржава хоча сутыкнуць нас ілбамі, гэта будзе самая дарагая дарога для дзяржавы!”

“Чаму вы зносіце наш, добраўпарадкаваны раён? Тры гады таму вы нам дазволілі рабіць рамонты і паляпшаць нашы дамы, а цяпер разбураеце!”

“У краіне крызіс! Навошта разбураць добрыя дамы і будаваць на іх месцы новыя?

“Вы чый дэпутат? Вы зацікаўленыя ў зносе?”, — запытваліся людзі.

Ігар Русакевіч паспрабаваў аджартавацца: “У мяне акруга 23 тысячы чалавек. А прыватны сектар, дарэчы, выбары праігнараваў”. А потым дадаў: “Мінск будзе пашырацца, А прыватны сектар — зносіцца. Нічога з гэтым не зробіш”.

Раз-пораз дэпутат плаўна стараўся перавесці тэму размовы, паразважаць над пытаннямі грашовай кампенсацыі за знос, пабудовы паліклінікі…

“Вас прымусяць зрабіць тое, што патрэбна. Паўночны пасёлак знясуць. Скажыце пра гэта шчыра!” — не вытрымаў каларытны дзядок і дэманстратыўна пакінуў памяшканне.

“Чаму чыноўнікам можна жыць у катэджах у Мінску, а нам нельга?”, “Мы даглядаем свае дамы і плацім за іх падаткі!”, “Перасяліце нас у катэджы ў Дразды. На Дразды мы згодныя!” — грымела заля.

Людзі абураліся, што хочуць зносіць іх 89 дамоў і тут жа побач будаваць новых 99 катэджаў.

“Мы хочам ініцыяваць змены ў закон, каб можна было заплаціць у дадатак маральную кампенсацыю за страту зручнага месца пасля зносу”, — спрабаваў збіць накал грамады дэпутат.

“Давайце ўзаконім статус катэджнага пасёлка!” — насядалі прысутныя на дэпутата, —

“Дапамажыце нам! Наш пасёлак — санітарная зона каля заводаў. Яго неабходна захаваць, як лёгкія раёна!”

Нарэшце дэпутат Ігар Русакевіч пагадзіўся абмеркаваць ідэю наконт змены статусу пасёлка з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Валерыем Курсевічам.

“На жаль зараз ніякага канкрэтнага рашэння не прынялі. Мы толькі пагаварылі з дэпутатам”.

“Мы супраць зносу і будзем змагацца. Мы падпісалі сумесную заяву”.

“Самая галоўная тэма: катэджны пасёлак каб быў, другое — гэта санітарная зона, якая адгароджвае астатніх ад заводаў, зялёная зона”.

“Мы хочам застацца на сваёй зямлі. Яна абжытая, яна наша”, — дзяліліся ўражаннямі па заканчэнні сустрэчы жыхары Паўночнага пасёлка з журналістам НЧ.

Актывістка Таццяна Іосіфаўна падсумавала вынікі сустрэчы з дэпутатам Мінгарсавета:

“Сёння прагучала прапанова надаць Паўночнаму пасёлку статус катэджнага пасёлка. Усе сёння гэта падтрымалі, мы гэта занеслі ў свой пратакол, які перададзім з усімі дакументамі дэпутату гарсавета. Мы будзем пісаць у пракуратуру і Адміністрацыю прэзідэнта, перададзім туды ліст з подпісамі супраць зносу і копіямі усіх нашых дакументаў”.

Ініцыятыўная група ў складзе шасці чалавек будзе інтэнсіўна весці перапіску і сустракацца з дэпутатамі ледзь не раз на тыдзень. Калі будзе вострая патрэба, будзе зноў праводзіцца пашыраны сход з удзелам жыхароў.

Некаторыя жыхары у прыватных размовах казалі, што настроеныя на рашучыя дзеянні, ажно да перакрыцця Партызанскага праспекту, “каб нас пачулі”.

zhykhary_paunochnaha_sustrecha_z_deputatam_9_logo

Арцём Лява, Новы час

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: