Чаму Аляксандар Лукашэнка ня здольны раздражніць Расею? Што павінна адбыцца, каб у Маскве прынялі эўрапейскі шлях Беларусі? Падчас міжнароднай канфэрэнцыі па бяспецы Globsec2018 у Браціславе экспэрт расейскага Інстытуту імя Прымакова Сяргей Уткін адказаў на пытанні Радыё Свабода пра беларуска-расейскія адносіны і патэнцыйныя канфлікты.

Уладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка на вучэннях «Захад-2013»

 

— Расея цяпер знаходзіцца ў жорсткай канфрантацыі з Захадам, асабліва з ЗША. Пры гэтым ступень канфрантацыі такіх расейскіх саюзнікаў, як Беларусь і Казахстан, ніжэйшая. Ці стварае гэта праблемы для Расеі?

— З аднаго боку, заўсёды добра, калі падыходы саюзнікаў да знешнепалітычных праблемаў супадаюць. Але з другога боку, канфрантацыя з кім заўгодна — гэта наўрад ці ідэальная сытуацыя. Мы цяпер у становішчы, якое пэўна ня цалкам задавальняе і расейскае кіраўніцтва. Бо закрываюцца каналы камунікацыі, закрываюцца магчымасці пачынаць нейкія новыя праекты з краінамі Захаду.

Тое, што саюзнікі тут займаюць іншую пазыцыю, можа разглядацца нават як інструмэнт, які дазволіць знізіць узровень супрацьстаяння. Калі Расея ня можа пайсці на нейкія формы ўзаемадзеяння, дыялёгу, дык саюзнікі могуць. Я пакуль што ня бачыў нейкіх знакаў актыўнага раздражнення з нагоды таго, што саюзнікі развіваюць кантакты з ЗША ды іншымі заходнімі краінамі.

Гэта зразумелае жаданне — выступіць у якасці балянсіра і ў гэтай ролі падвысіць ўласную палітычную вагу. І Беларусь, І Казахстан, паводле эўрапейскіх мерак, — краіны сярэдняга памеру, а па тэрыторыі — большага за сярэдні. Яны дастаткова вялікія, каб мець рэгіянальныя амбіцыі, але не заўсёды маюць інструмэнтарый, каб забяспечыць свае інтарэсы. І ў сытуацыі, калі супрацьстаянне паміж Захадам і Расеяй, верагодна, зацягнецца, яны атрымоўваюць магчымасць выступаць у якасці пасярэднікаў, пляцовак для перамоваў. Гэта не з’яўляецца сюрпрызам для расейскага кіраўніцтва.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, тагачасны прэзыдэнт Францыі Франсу Алянд і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў Менску ў лютым 2015 году. Виктор Драчев/ТАСС

 

 — У некаторых расейскіх СМІ апошнім часам з’явіліся матэрыялы пра тое, што Беларусь нібыта дрэйфуе на Захад. Ці вы бачыце ў нечым такі дрэйф?

— Калі краіна спрабуе выступаць у якасці балянсіра, дык яна павінна надаваць увагу абодвум бакам гэтага балянсу. Інакш ён перакосіцца. Да ўкраінскага крызісу Беларусь знаходзілася ў ненармальных адносінах з Захадам. Ня проста ў напружаных, а шмат у чым проста адсутных. Пазыцыя Захаду была: «Мы будзем чакаць, пакуль беларускі рэжым зменіцца».

У сытуацыі, калі з’явіліся больш сур’ёзныя заклапочанасці, на Захадзе пачало весці рэй меркаванне: «Так, нам шмат што не падабаецца з таго, што адбываецца ў Беларусі, але працаваць з ёй неабходна». І ў беларускага кіраўніцтва хапіла розуму і рашучасці, каб не адкідаць гэтай магчымасці.

Усе мэтафары ў нейкай ступені ўмоўныя. Дрэйф — гэта ў адзін бок і ад другога. А тут мне здаецца, што расейска-беларускае ўзаемадзеянне па-ранейшаму вельмі шчыльнае, хоць узнікае шэраг пытанняў. Да прыкладу, цяпер у сувязі з тым, што Беларусь дала магчымасць кароткатэрміновага бязвізавага ўезду для шырокага кола краін, з’явіліся праверкі пашпартоў пры паездках з Беларусі ў Расею, чаго раней не было.

Такія рэчы насцярожваюць, бо калі гэта сапраўды саюзная дзяржава, найвышэйшая ступень інтэграцыі, чаму мы ня можам забяспечыць свабоду перасоўвання, каб тут не было новых бар’ераў? Плюс няспынныя гандлёвыя спрэчкі — часам гэта сапраўды звязана з тэхнічнымі пытаннямі, але гэта выклікае рэакцыю: «Яны зноў спрачаюцца замест таго, каб супрацоўнічаць».

Аднак я ня думаю, што гэтыя разыходжанні ўзнікаюць праз дрэйф да Захаду. Бо тое ж рашэнне па бязвізавым уездзе распаўсюджваецца на шырокае кола краін. У сучасным свеце магчымасць прыехаць людзям на некалькі дзён — гэта нармальна. Тут нават хутчэй пытанне да Расеі: «А чаму мы ня можам гэтага вырашыць?» Лічыцца, што ўсё павінна быць на падставе прынцыпу ўзаемнасці, але прынцып ўзаемнасці не павінен ісці на шкоду сабе. Візавыя бар’еры — гэта не найлепшы спосаб гарантаваць бяспеку.

— А якія крокі ў адносінах Беларусі і Захаду былі б непрымальныя для Расеі?

— Калі мы глядзім на цяперашняе беларускае кіраўніцтва, я з цяжкасцю ўяўляю, каб ў яго палітыцы адбыліся нейкія змены, якія выклічуць вельмі рэзкае стаўленне з боку Расеі. Мы маем важныя інстытуцыйныя рамкі Эўразійскага саюзу, Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы. І калі гэтыя рамкі захоўваюцца, гэта ўжо задае межы, у якіх развіваецца палітыка.

Калі ж уявіць сабе нейкі будучы гіпатэтычны ўрад Беларусі, які скажа «Мы ўсе гэтыя гады ішлі не туды, нам гэтага ня трэба, давайце далучымся да NATO», тады гэта стварыла б праблемы ня толькі з урадам Пуціна, але і з любым урадам Расеі. Бо такія інстытуцыйныя рэчы цэняцца. І мы бачым, наколькі балючы працэс Брэксіту, нават у вельмі развітым з гледзішча дэмакратычных мэханізмаў Эўразвязе.

— Наколькі Расея зацікаўленая размясціць у Беларусі дадатковыя вайсковыя аб’екты? У 2015 годзе быў плян, ухвалены расейскім кіраўніцтвам, стварыць у Беларусі вайсковую авіябазу. Тады гэтага не адбылося, але ці могуць такія пляны стаць актуальнымі ў блізкай будучыні?

— Я ня маю поўнага разумення, што менавіта паўплывала на гэтыя пляны. Але пры ўсёй вастрыні палітычных адносінаў паміж Расеяй і Захадам, мне здаецца, ёсць дастаткова магчымасцяў не пераводзіць гэтую вастрыню ў ваеннае супрацьстаянне.

Тут могуць быць нейкія крокі, выкліканыя палітычнымі меркаваннямі. Але пры ўсіх жорсткіх словах паміж Расеяй і Захадам, мне здаецца, што мы яшчэ вельмі далёкія ад таго, каб з гледзішча чыста ваеннай бяспекі Расеі спатрэбілася нейкае ўзмацненне прысутнасці ў Беларусі.

— Пасля падзеяў у Армэніі прэзыдэнт Лігі прамыслоўцаў Расеі, былы дэпутат Дзяржаўнай думы Міхаіл Юр’еў заявіў у радыёэфіры «Комсомольской Правды», што Расея як вялікая дзяржава мае права «высадзіць два палкі» і «патапіць у крыві» любыя антыўрадавыя пратэсты ў суседніх дзяржавах. «І ня трэба баяцца, што скажуць на Захадзе, што самі гэтыя народы скажуць». Гэтыя заявы ня выклікалі ў Расеі публічнага асуджэння. Наколькі, на вашую думку, меркаванне Юр’ева падзяляе расейская палітычная эліта?

— Я ня бачыў абмеркаванняў з гэтай нагоды, але ў сучасным інфармацыйным асяроддзі кожны чалавек мае магчымасць выказаць самыя крайнія пункты гледжання. А калі мы гаворым пра выданні, якія гэта публікуюць, дык яны часта працуюць паводле мадэлі жоўтай прэсы — чым больш жорстка нешта прагучыць, тым ім лепш, бо гэта будзе знаходзіць свайго чытача.

Аднак мне здаецца, што гэта ўсё вельмі адарвана ад фармавання рэальнай палітыкі. Проста ёсць людзі, якія робяць сабе невялікі капітал на розных сэнсацыйных і рэзкіх заявах. Але калі прымаюцца канкрэтныя палітычныя рашэнні, яны не грунтуюцца на такіх шырокіх канцэптах «на што мы маем права, на што мы ня маем права». Проста прымаюцца рашэнні, што рабіць у канкрэтнай сытуацыі, з улікам сродкаў, якія мае расейскі ўрад.

Наўрад ці магчыма, што Расея, як палітычны актор у рэгіёне перастане нагадваць пра сябе. Але штораз, калі такі ўдзел прымае нейкія жорсткія формы, гэта цягне за сабой нэгатыўныя наступствы, у тым ліку і для самой Расеі. Магчыма нават у першую чаргу для яе. Заўсёды, калі прымаюцца рэзкія рашэнні, трэба думаць пра наступствы для сябе і старацца не нарабіць сабе шкоды. Я думаю, што такая эгаістычная матывацыя з’яўляецца найлепшым сродкам супраць такіх радыкальных рэцэптаў, якія з’яўляюцца, і напэўна будуць надалей з’яўляцца. Трэба разумець, што калі нехта заклікае вас часцей скакаць з дзясятага паверху, ня варта слухаць такіх парадаў.

— Уявім два сцэнары, калі пасля вулічных пратэстаў у Беларусі мяняецца ўлада. У першым выпадку новае кіраўніцтва кажа, што будзе працягваць адносіны з Расеяй і ўдзел у АДКБ і ЭўразЭС. У другім выпадку — абвяшчае пра намер далучыцца да NATO і Эўразвязу. Які ваш прагноз — ці будуць пасля гэтага «два расейскія палкі» ўведзеныя ў Беларусь ў кожным з гэтых сцэнараў?

— Тут адназначны адказ быў бы хутчэй маім пажаданнем, а не ацэнкай. Вядома ж, мне вельмі не хацелася б, каб Расея ўмешвалася ў справы іншых дзяржаваў з выкарыстаннем ваеннай сілы. Але гэта не ацэнка, а мае пажаданні.

Што тычыцца ацэнкі, мне здаецца, што ў блізкай будучыні мы зможам пабачыць як Расея вучыцца выбудоўваць дыялёг з рознымі палітычнымі рэжымамі на постсавецкай прасторы. У тым ліку з тымі, якія больш холадна ставяцца да ўзаемадзеяння з Расеяй. Тут будуць з’яўляцца новыя твары, новыя пакаленні палітыкаў. І незалежна ад таго, што гэтыя палітыкі агучылі падчас выбарчай кампаніі ці нават пасля выбарчай кампаніі, з імі трэба вучыцца працаваць. Бо калі гэта чамусьці не атрымоўваецца, мы потым нясем вельмі істотныя выдаткі ў выніку абвастрэння адносінаў.

— То бок гэта асцярожнае «не» з вашага боку?

— Гэта вялікая надзея на «не».

Аляксей Знаткевіч, Юры Дракахруст, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: