Хіба можна пытаць чалавека ці любіць ён маці? Або прыйсці з пытаннем — ці шануе ён свайго бацьку? Чалавек абавязаны бацькам жыццём — усім, у тым ліку магчымасцю не адказваць на падобныя пытанні. Вось так і з краінай, з Бацькаўшчынай, з Беларуссю.

Фото из личного архива

 

Мы жывем ва ўласнай дзяржаве — хай не дасканалай і не да канца яшчэ свабоднай, але ў сваёй і іншай нідзе ў Сусвеце няма і ня будзе.

Незалежная Беларусь нарадзілася 25 сакавіка дзякуючы тым, хто аддана любіў сваю зямлю і свой народ. Урэшце, стварыў яе сам народ, які дэлегаваў правы 1872 прадстаўнікам Першага Усебеларускага З’езду, які ў снежні 1917 году ў Менску абвясціў права беларускага народа на самавызначэнне, прыняцце дэмакратычнай формы праўлення і ўсталяванне ў Беларусі рэспубліканскага ладу. Ніхто з суседзяў ня меў больш прадстаўнічага форуму, чым беларусы.

Ніхто не пераканае нас, што тыя, хто воляй злога року выпадкова апынуліся на нашая зямлі — Вільгельм Кнорын, Аляксандр Мяснікян, Карл Ландар — хто спалохаўся волі беларусаў і аддаў загад разагнаць сход — сапраўдныя героі Беларусі, а іх імёны, замацаваныя ў назвах цэнтральных вуліц беларускай сталіцы — гістарычная справядлівасць. Напэўна не. Гэтым дзеячам Беларусь была абсалютна чужой, яны не былі яе дзецьмі, а толькі яе жандарамі.

Ніхто з гэтых “герояў” не заступіўся за Беларусь, калі 3 сакавіка 1918 году Савецкая Расея з Германіяй разарвалі яе на кавалкі, падпісаўшы так званы Берасцейскі мір.

У адказ на гэта 9 сакавіка 1918 году Выканкам Усебеларускага кангрэсу прыняў Другую ўстаўную грамату, якая з’яўляецца канстытуцыйнай. Гэтай граматай была ўтворана Беларуская Народная Рэспубліка, у якой заканадаўчую ўладу атрымала Рада БНР, выканаўчую — Народны Сакратарыят.

Але ж 15 сакавіка 1918 г. 4-ы Надзвычайны Усерасійскі з’езд Саветаў ратыфікаваў Берасцейскую дамову з Германіяй, чым прадэманстраваў сапраўднае стаўленне бальшавікоў і Масквы да нашага краю. 26 сакавіка 1918 г. яе ўхваліў і германскі імператар Вільгельм II.

У гэтых варунках 25 сакавіка Трэцяй Устаўной граматай БНР была абвешчана Незалежнай дзяржавай, Берасцейская мірная дамова скасоўвалася, афіцыйнай мовай была аб’яўленая беларуская, а сталіцай новай дзяржавы — Менск.

Імёны бацькоў-заснавальнікаў незалежнай Беларусі — сябраў Рады БНР мусіць ведаць кожны беларус: Алесь Бурбіс, Ян Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка, Аркадзь Смоліч, Пётра Крэчэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц.

25 сакавіка 1918 г. яны запалілі над Беларуссю зорку Незалежнасці — Беларуская Народная Рэспубліка была абвешчана вольнай і незалежнай дзяржавай.

Вельмі доўга, каб сцерці з памяці беларускаў праўду пра БНР, прынізіць значэнне гэтай з’явы ды ўзвысіць тых, хто знішчаў беларускую рэспубліку, камуністычныя ўлады прадстаўлялі БНР як зусім местачковы праект, яшчэ і інспіраваны знешнімі сіламі.

Кожнаму, хто прысвеціць хоць троху часу на вывучэнне гістарычных фактаў, адкрыецца праўда, якая не пакіне сумневу адносна таго, кім і чым мы павінны ганарыцца.

100 год таму беларусы, як і іншыя народы на ашчэпках імперый, што разваліліся ў выніку Першай сусветнай вайны, пачалі будаваць нацыянальную дзяржаву.

Тое самае рабілі і нашыя суседзі — палякі, украінцы, літоўцы, латышы, чэхі, славакі. Усе імкнуліся не ўпусціць гістарычны шанец, бо альтэрнатывай стаў бы падзел земляў паміж суседзямі, бо кожны імкнуўся рэалізаваць свой дзяржаўны праект у максімальна шырокіх межах.

Важную ролю ў тагачасных працэсах адыграў амерыканскі прэзідэнт Вудра Уільсан і аўтар праграмы міру, які складаўся з 14 пунктаў (The Fourteen Points), адным з якіх быў пункт аб стварэнні Лігі Нацый. І хай сярод гэтых пунктаў не было Беларусі, але не было і Украіны, не было Літвы, Латвіі і Эстоніі, але агульны дух праекта мірнай дамовы надаваў усім народам Еўропы надзею на рэалізацыю ўласных нацыянальных праектаў і ўсталяванне на нашым агульным кантыненце міру і дэмакратычнага ладу. Менавіта гэта і рабілі айцы-заснавальнікі БНР і беларускі праект ня быў інспіраваны ніякай вонкавай сілай, а наадварот, здзяйсняўся насуперак вельмі моцнаму супраціву літаральна з усіх бакоў.

Нягледзячы на тое, што Версальскі мірны дагавор ад 28 чэрвеня 1919 года і дакументы Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919-1920 гадоў не прадугледжвалі стварэння незалежнай Беларусі, падмурак беларускай дзяржаўнасці быў закладзены. 100 гадоў таму праз Усебеларускі сход гэта зрабіў сам народ і 25 сакавіка яго прадстаўнікі — сябры Рады БНР — адданыя свайму народу і сваёй Бацькаўшчыне — зрабілі ўчынак, які ўжо нікому не дазволіў ігнараваць Беларусь як геаграфічную і тэрытарыяльна-палітычную рэчаіснасць на мапе свету.

Уладзімір Кобец, Сустаршыня Беларускага Дому ў Варшаве

Спецыяльна для Беларускай праўды

Creative Commons License
This work is licensed under a Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 International License.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: