На сайце Petitions.by працягваецца збор подпісаў супраць «антырэстаўрацыі» беларускіх цэркваў — змены іх аўтэнтычнага выгляду і «насаджэння пазалочаных купалоў-цыбулін».

Царква ў Капылі

 

Свабода пацікавілася ў адмыслоўцаў, ці падзяляюць яны меркаванне аўтараў пэтыцыі, што «цыбулізацыя» храмаў ёсць мэтанакіраваным знішчэннем культурных асаблівасцяў Беларусі.

«Мы пакідаем за сабой права пагаджацца не заўсёды»

Старшыня сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы (Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату) пратаярэй Сергій Лепін сказаў карэспандэнту Свабоды, што ўсе настаяцелі прыходаў, якія карыстаюцца помнікамі архітэктуры, ведаюць, што рэстаўрацыю трэба праводзіць з дазволу Міністэрства культуры.

«Беларуская праваслаўная царква мае асаблівы клопат аб захаванні матэрыяльнай спадчыны, Яна наогул з’яўляецца найбуйнейшым карыстальнікам помнікаў у Беларусі. Я згодны з тым, што бываюць нейкія асобныя выпадкі, і нашы ўласныя ўнутраныя службы самакантролю праводзяць разбор недарэчных фактаў», — сказаў айцец Сергій.

Ён лічыць, што ў цэлым эксплюатацыя і рамонт будынкаў, якія з’яўляюцца помнікамі архітэктуры, «адбываецца згодна з заканадаўствам і фінансавымі магчымасцямі прыходаў».

«Царква шмат робіць для захавання гістарычнай спадчыны. Толькі адзінкавыя аб’екты атрымліваюць ад уладаў дадатковае мэтавае фінансаванне, ва ўсіх жа астатніх выпадках мы адшукваем уласныя сродкі. І гэта ўжо не адзінкавыя будынкі», — сказаў айцец Сергій.

Паводле яго, менавіта тое, што храмы знаходзяцца ў карыстанні царквы, захоўвае іх ад разбурэння, а многія адбудаваны літаральна з руінаў і нават з небыцця.

«Згодзен, усё можна рабіць лепш, у тым ліку і тое, што робіць царква. Але прашу заўважыць, што рэстаўрацыя храмаў наўрад ці можа падтрымлівацца на больш высокім узроўні, чым рэстаўрацыйная справа па краіне ў цэлым».

​Пратаярэй Сергій Лепін кажа, што пра кожны выпадак меркаванага парушэння падчас рэстаўрацыі трэба казаць асобна, дакладна ведаючы гісторыю ўзгадненняў або, наадварот, самавольных зменаў.

«Маю запэўніць, што мы таксама занепакоеныя несанкцыянаванымі зменамі альбо ўтрыманнем помнікаў у неналежным стане, але ініцыятары пэтыцыі лепш бы спачатку вызначыліся з канкрэтным спісам помнікаў ды высветлілі, на што ёсць дазвол, а на што няма. Калі рэстаўрацыя праведзена згодна з зацьверджаным праектам, то пра якое парушэнне можа ісці гаворка? Мы прыслухоўваемся да заўваг грамадзтва, але пакідаем за сабой права пагаджацца не заўсёды», — сказаў айцец Сергій.

Суразмоўца кажа, людзі з падобнымі да аўтараў пэтыцыі прэтэнзіямі «вельмі часта маюць ня веды, а фобіі і прадузятасці да БПЦ». Ён перакананы, што збіраць сродкі для рэстаўрацыі помнікаў куды больш плённа, чым подпісы.

«Хай бы заклапочаная грамадзкасць адкрыла грашовы рахунак, збірала грошы, выяўляла помнік, дапамагала яго адрэстаўраваць „як трэба“ і ў якасці падзякі атрымлівала б справаздачу, адпаведную яе ўяўленням аб празрыстасці. Захаваем спадчыну разам, сябры».

«Трэба змагацца не з смаркатымі насоўкамі, а з інфэкцыяй»

Архітэктар праваслаўных цэркваў і выкладчык Менскай духоўнай акадэміі ​Генадзь Лаўрэцкі, які ўзначальваў архітэктурна-мастацкую раду Беларускага экзархату, у размове са Свабодай звяртае ўвагу на тое, што «ўсе гэтыя прыбудовы і „цыбулінкі“» ёсць «двухбаковым дзеяннем», бо рашэнні наконт гісторыка-культурных помнікаў не прымаюцца без удзелу Міністэрства культуры, створанай пры ім Навукова-мэтадычнай рады.

Генадзь Лаўрэцкі

 

— Шмат помнікаў дайшло да нас у пераробленым выглядзе, і ёсць такі тэрмін, як стылёвае напластаванне. І калі здымаюць нейкія больш познія прыбудовы, то гэта падобна на тое, як вырываюць старонкі з кнігі.

Я вельмі адмоўна стаўлюся да дзеянняў Мураўёва пасля паўстання (пасля задушэння паўстання 1863-1964 гг. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага на загад Мураўёва ўніяцкія храмы на Беларусі перарабляліся пад праваслаўныя. — РС). Але гэта была гісторыя. І гэтаксама, як цяпер зносяць помнікі Леніну і савецкім змагарам у Эўропе, тое самае неяк атрымліваецца і з помнікамі.

Вядома ж, вялікага розуму, каб зняць «цыбуліну», ня трэба. Але ж трэба зберагчы для помніка ўсю ягоную гісторыю. І такую, і гэткую. Калі ён быў перароблены і гэтая пераробка ня надта адпавядае помніку, яго стылёвай арыентацыі, безумоўна, трэба пазбаўляцца ад яе.

Але ж калі гэта частка гісторыі, то няхай будзе, бо гэта помнік нашай Беларусі, і часам на адным аб’екце можна пабачыць усе праявы пэрыяду.

Возмем у Наваградку Барысаглебскую царкву, там ёсць і час старадаўні беларускі ХІІ стагоддзя, ёсць гатычны кавалак, ёсць уніяцкі і ёсць позні. І ўсе яны для нас каштоўныя, і помнік экспануе ўсю гісторыю архітэктуры, якая была ў Беларусі.

А безумоўна, усе гэтыя пытанні павінны вырашацца грамадзтвам, ёсць прапанова, ёсць у канцы Мінкульт, і нейкае паразуменне трэба знаходзіць.

Барысаглебская царка ў Наваградку да таго, як на ёй устанавілі купалы з какошнікамі і «цыбулінамі». Навуковым кіраўніком праекта быў якраз Генадзь Лаўрэцкі

 

— Аўтары пэтыцыі і некаторыя адмыслоўцы кажуць, што «цыбуліны» абсалютна нехарактэрныя для беларускага дойлідзтва, што гэта нешта штучнае, расейскае…

— «Цыбуліны», як іх называюць, гэта полымя свечкі. Такая форма з’явілася даволі рана і была яна і ў Беларусі, і ў готыцы, калі паглядзець на Заходнюю Эўропу. Тое, што лічыцца цяпер расейскім, шатровае дойлідзтва, гэта ўсё прыйшло ад нас, з Беларусі.

І што тычыцца гэтых «цыбулін», гэтай «полымяпадобнай» формы, то паглядзіце на завяршэнне Спаса-Эўфрасіннеўскай царквы, там ёсць гэтыя какошнікі, і ніхто гэтага не баяўся ў ХІІ стагоддзі. Тое, што іх узялі да сябе маскоўскія дойліды, гэта іх праблема. І тое што яны гэта сваім назвалі — ну што ж. Гэта ўсё ад нас ідзе.

Новы залаты выгляд капліцы ў Сынкавічах

 

— Некаторыя адмыслоўцы звязваюць гэта са свядомым уплывам Маскоўскага патрыярхату…

— Пакуль наша царква будзе часткай Маскоўскай, так будзе ўвесь час. Наогул, усе гэтыя «цыбуліны» — гэта толькі вынік. Трэба змагацца не з усімі гэтымі «цыбулінамі», а з тым, што ў галаве ў людзей. З тым, што іх выклікае. Бо як сябе святар усведамляе, такую палітыку ён і праводзіць.

«Калі б Беларусь захапілі манголы, то ў нас былі б нейкія пагады»

Архітэктар касцёлаў Аляксей Яроменка аб’ехаў усю Беларусь, браў удзел у складанні каталёгу святыняў для Каталіцкай царквы. Таксама ён фіксаваў, як сам кажа, «архітэктурныя анэкдоты», у ліку якіх пераробленыя ў праваслаўныя цэрквы каталіцкія і ўніяцкія храмы.

— Калі рымска-каталіцкая ці грэка-каталіцкая святыня пераабсталёўваецца пад праваслаўную царкву і на былым барокавым ці нэагатычным аб’ёме з’яўляюцца дамінанты, якія жудасна дысануюць, гэта я і называю архітэктурнымі анэкдотамі.

Напрыклад, былое мястэчка Гавязна, цяпер Вішнявец. Грэка-каталіцкая царква пераабсталяваная пад праваслаўную, і там нібы прасам па гзымсе зрабілі плоскасць, з якой тырчаць непрапарцыйныя вежачкі з гэтымі «цыбулінамі».

Ці ў Пінску былы касцёл бэрнардынцаў — цяпер праваслаўная царква святой Барбары. З некаторых пунктаў агляду за барокавым шчытом гэтай «цыбуліны» наогул не відаць. Але ў бок адыдзеш — а яна там схавалася, нібыта партызан.

Але я менавіта за тое, каб яны заставаліся як мага больш «цыбулістымі», «исконно» праваслаўнымі, расейскімі і надалей. Бо гэта ж Маскоўскі патрыярхат на Беларусі. Няхай ён адрозніваецца ад усіх астатніх вось такой адметнай рысай.

Бо калі б Беларусь захапілі манголы, то ў нас былі б нейкія пагады.

Царква ў Пінску

 

Але калі лёс на Беларусі будзе больш нацыянальны, калі, напрыклад, адродзіцца Віленская мэтраполія Канстантынопальскага патрыярхату, калі ў нас будзе свая беларуская царква грэцкага абраду, тады яна няхай і адрозніваецца гэтымі купаламі.

— Чаму, на ваш погляд, узнікаюць такія «анэкдоты»?

— Таму, што беларускі грэцкі абрад быў заваяваны Маскоўскім патрыярхатам. Бо на нашыя землі прыйшла Расейская імпэрыя з гэтымі сваімі «цыбулінамі». Нехта ў Расеі бачыць улюблёнага старэйшага брата, нехта ваяўнічага імпэрыяліста, але гэта такая адметная рыса. Што да будынкаў, то тут справа толькі пра рэстаўрацыю.

На маю думку, параўнальна добра прыстасаваны пад праваслаўны катэдральны сабор былы касцёл бэрнардынак у Менску. Там збольшага няма гэтых «цыбулін», зрабілі ўсё ж такі барочныя купалы на вежах. Але на галоўным фасадзе з’явіліся мазаікі, якія дагэтуль ніколі не псавалі аб’ём.

— Гэта Міністэрства культуры дае дазвол на такія пераробкі, альбо святары з уласнай ініцыятывы падладжваюць выгляд святыняў да маскоўскага ўзору?

— Наколькі я ведаю, Міністэрства культуры ніколі на гэта не пагадзілася б. Як у Слоніме: ніхто ні да кога не хадзіў, бацюшка вырашыў. Недзе знайшлі ці то звесткі, ці то плёткі, што бэрнардыны пабудавалі на месцы праваслаўнай царквы. Але калі так і насамрэч было, то там была праваслаўная царква Канстантынопальскага патрыярхату.

Царква ў Слоніме

 

Праваслаўная царква ў нас такая прывілеяваная, што выканкамы з ёй ня сварацца, не жадаюць праблем — і ўсё так і застаецца.

Я ўздымаў бы пытанне штрафаў ці санкцый адносна такіх будынкаў, як бэрнардыны ў Слоніме. Там захаваліся і кружала, і кроквы старажытныя, драўляныя, і фатаздымкі добра вядомыя. Але калі на вежах слонімскіх бэрнардынаў з’явіліся залатыя «цыбуліны», то з гледзішча архітэктуры гэта таксама чарговы анэкдот.

Але чым горш, тым лепей. Для мяне гэта нэгатыўная, для некага пазытыўная, але гэта такая візытоўка Маскоўскага патрыярхату.

«Гэта мэтанакіраваная імпэрская палітыка Расеі»

Беларускі архітэктар-рэстаўратар Уладзімер Папруга лічыць, што перабудова праваслаўных храмаў накіравана на знішчэнне культурных асаблівасцяў Беларусі.

— Гэта ж ня сёння пачалося — фактычна ад першых дзён акупацыі 1795 году. Гэта мэтанакіраваная імпэрская палітыка Расеі. А задача любой імпэрскасці — ліквідаваць усе нацыянальныя асаблівасці. Бо якраз гэтыя асаблівасці даюць самаіндэнтыфікацыю. Знішчэнне самаіндэнтыфікацыі — галоўная стратэгічная задача. Яна вырашаецца тактычнымі прыёмамі — праз пазбаўленне мовы, гісторыі, спадчыны.

Архітэктар-рэстаўратар Уладзімер Папруга

 

Нашы помнікі мелі тры сцэнары ўтрымання — на прыкладзе Менску. Поўнае знішчэнне, як было з ратушай. Перабудова ў іншае, непазнавальнае, як з катэдры зрабілі дом фізкультурніка. Альбо застаўленне помніка нечым іншым, каб яго закрыць, візуальна забіць, як Залатагорскі касцёл.

І «цыбуліны» — гэта працяг вельмі далёкага працэсу. Гэта наогул прыём арабскай архітэктуры, гэта Тадж-Махал, Бухара і г.д. Нідзе праваслаўныя храмы ня маюць гэтых «цыбулін» з раздзмутымі бакамі. Гэта азіяцкая, блізкаўсходняя, мусульманская традыцыя, якую расейцы перанялі як сваю.

І што такое нацягванне расейскіх «цыбулін» на беларускія храмы, якія да Маскоўскай патрыярхіі нічога агульнага ня мелі ад пачатку? Гэта фактычна тая ж мэтафара — як з Беларусі зрабіць Расею, то бок пазбавіць яе сваёй мовы. Калі чалавек мяняе свой унутраны код, пераходзіць на іншую мову, ён робіцца іншым. Калі мы на беларускія храмы нацягваем расейскія «цыбуліны», яны робяцца Расеяй. Гэта такі мэтадалягічны асыміляцыйны прынцып.

— У Праваслаўнай царкве кажуць, што ўсе «цыбуліны» узгадняліся з Міністэрствам культуры.

— Міністэрства культуры займаецца легітымацыяй знішчэньня гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.

Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: