Тысяча жанчын падзяліліся сваім досведам цяжарнасці, прыняўшы ўдзел у даследаванні.

Камфартабельныя радзільні з сучасным медычным абсталяваннем – пра гэта распавядаюць з экранаў нацыянальных тэлеканалаў. Не выключэнне, і калі Аляксандр Лукашэнка асабіста прыязджае спраўдзіць умовы новазбудаваных шпіталяў для парадзіх. Тым часам перспектыву нараджаць на Радзіме некаторыя жанчыны ўспрымаюць як выклік. Пра гэта цвердзяць вынікі даследавання грамадскай ініцыятывы «Радзіны». Сваім досведам цяжарнасці ды родаў падзяліліся больш за тысячу жанчын.

«Нашым жанчынам настолькі набалела, што ў нас вельмі вузкі медыкалізаваны падыход да родаў, і не забяспечаныя ні альтэрнатыва, ні правы. Перадусім – права інфармаванай згоды ў родах, магчымасці выбраць – дзе, як, з кім нараджаць», – кажа кіраўніца ініцыятывы «Радзіны» Вераніка Заўялава.

На адсутнасць неабходных умоваў для родаў у дзяржаўных установах паскардзіліся 17 % жанчын, незадаволенасць фактам медычнага ўмяшання выказалі каля 30 %, негатыўны досвед папярэдніх родаў маюць 11 %, не давяраюць медычнай сістэме каля 10 % жанчын. Немалаважным адзначаюць жанчыны і адсутнасць псіхалагічнага камфорту. Персаналу не стае культуры дапамогі пры родах: жанчыны сутыкаюцца з грубым стаўленнем. Падчас схватак на іх нярэдка павышаюць голас.

«Памяняць умовы перажывання схватак, зрабіць памяшканне больш цёмным і больш прыватным, з магчымасцю жанчыны запрашаць усіх людзей, якіх яна лічыць неабходным, каб ёй было камфортна ў родах. І каб было нейкае ўзаемадзеянне медычнай сістэмы з немедычнай сістэмай», – пералічвае неабходныя змены кансультантка па лактацыі IBCLC Наталля Разахацкая.

Абсурднасць медычнае сістэмы і ў тым, што дактары адказныя, да прыкладу, за выкідак або за тое, што пацыент не выконвае рэкамендацыяў дактароў. У той час, як не нясе адказнасці, калі правядзенне маніпуляцыяў прыводзіць да ўскладнення. Амаль 40 % жанчын зазналі медычнае ўмяшанне пры родах без папярэджання пра яго правядзенне. У выпадку Анастасіі – без згоды жанчыны.

«У нас было напісана шмат адмоваў, як, напрыклад, адмова актыўнага агрэсіўнага трэцяга перыяду родаў, калі проста выдзіраюць плод, затым ідзе кровацячэнне. Ніхто нас не слухаў, дзіця нарадзілася – трэба выдраць усё. Дык вось, каму што не падабаецца – нараджайце дома самі, як нам сказалі», – распавядае Анастасія Раманава з ініцыятывы «Радзіны».

Тым менш больш камфортныя для 30 % беларускіх жанчын хатнія роды, якія даўно практыкуюцца шмат у якіх краінах Еўропы, не легалізаваныя ў Беларусі. Таму медыкі не маюць права аказваць паслугі дома. Тым не менш, баючыся стаўлення ў дзяржаўных радзільных дамах, на свой страх і рызыку некаторыя адважваюцца нараджаць дома. Нярэдкія вынікі такога досведу – смяротнасць, адказнасць за якую нясуць жанчыны. На пачатку верасня суд прызнаў вінаватаю ў смерці дзіця Вольгу Сцяпанаву, якая прыехала нараджаць у Віцебск да маці. А літаральна сёння ў Беразіне праз хатнія роды загінула парадзіха ды ейныя нованароджаныя дзяўчаткі.

Юлія Лабанаваbelsat.eu

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: