Трагічны выпадак здарыўся ў беларускім войску 4 красавіка, паведамляе прэс-служба Мінабароны.

 

На планавых занятках па агнявой падрыхтоўцы на агнявым гарадку 120-й асобнай механізаванай брыгады вайскоўцы тэрміновай службы, якія ўваходзілі ў экіпаж БМП, парушылі меры бяспекі пры ўзбраенні баявых машын. У выніку старшы механік-кіроўца БМП шараговец Дзмітрый Удод атрымаў агнястрэльнае раненне, несумяшчальнае з жыццём.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у яго трапілі з танкавага кулямёта. Як кажуць, салдат падчас стральбы вызірнуў з люка БМП.

У каментары “Нашай Ніве” маці хлопца Наталля Удод заявіла, што сваякам загінулага салдата пакуль яшчэ нічога не сказалі.

Сам Дзмітрый Удод родам з Калінкавічаў. Ён скончыў прафесійна-тэхнічную вучэльню ў Мазыры па спецыяльнасці тынкоўшчык-маляр. Маці кажа, што сын паспеў папрацаваць у калгасе, на мясакамбінаце, некалькі разоў нават ездзіў у Расію “падшабашыць”. У войска хлопца прызвалі ў траўні 2017 года. Пяць месяцаў ён правёў у “вучэбцы” ў Печах, потым перавялі ва Уручча. “Служыў у танкавых войсках, а праз паўгода пасля Дзімы ў войска забралі яго малодшага брата. Таксама ў танкавыя войскі, сёння той служыць у Печах”, — распавяла Наталля Удод.

У сям’і шасцёра дзяцей, двое яшчэ непаўналетнія. Маці працуе качагарам у калгасе “Залатая дуброва” пад Калінкавічамі. Бацька — трактарыст.

Праверкай інцыдэнту займаецца Следчы камітэт. Камісію па расследаванні акалічнасцяў і прычынаў здарэння ад ваеннага ведамства ўзначальвае намеснік міністра абароны.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: