Напачатку два жыццёвыя эпізоды.

Еду ў цягніку Мінск-Брэст. Мужыкі ў суседнім купэ п’юць. Пляшку, другую… Пасля другой закурваюць. Пасажыры клічуць правадніцу. Тая прыбягае: «Нельга!» Рэакцыі ніякай. Яна (бяссільна, іх трое): «Хоць бы ў тамбур выйшлі…!» І адзін з траіх: «Сама йдзі! Табакеркі на вакзале бачыла? Лукашэнка ставіць іх, дзе хоча, а значыць, дзе хочаш, куры!..»

У Мінску заходжу ў кавярню непадалёк ад універсітэту. Распавядаю гаспадару (знаёмаму) пра «дзе хочаш, куры». Ён кажа: «Дык і мне сёння-заўтра шафу для цыгарэт прывязуць. Тут не павярнуцца, а яны шафу. Прыдзецца столік выносіць». – «І ты згадзіўся?» – «А то ў мяне пыталіся!..»

Беларуская нацыянальная ідэя, сфармуляваная (бо ніхто іншы не змог) краўніком краіны, мае два складнікі. Чарку і скварку. Праз эканамічныя праблемы, якія нарастаюць і будуць (як прагназуюць усе сур’ёзныя эканамісты) нарастаць, непазбежны крызіс ідэі. І калі з чаркай у перспектыве ўсё выглядае як бы нармальна, бо ў гэтым мы дасягнулі вышынь, з якіх ужо не сыйсці, дык са скваркай перспектыва цьмяная. Таму, мусібыць, вырашана мадэрнізаваць ідэю: пакінуць у ёй складнік моцны (чарку) і замяніць слабы: скварку на цыгарку.

Бадай, толькі з такім паглыбленнем у дзяржаўнае мысленне можна зразумець атрутную ідэю табакерызацыі ўсёй краіны. Разам з ідэяй атамнай электрафікацыі гэта насамрэч выглядае дзяржаўным праектам. Могільнікам нацыянальна-радыёактыўных рэшткаў.

Да месца нагадаць, што цыгарка – гэта чатыры тысячы шкодных рэчываў. Апроч нікаціна, метанол, кадмій, вакісь вуглярода, цыяністы вадарод, аміяк, метан і г.д. Паглядзіце статыстыку: рак лёгкіх, які найцяжэй лечыцца і пры якім найвысокая смяротнасць, выйшаў у анкалогіі на першае месца. У Беларусі захворванне на яго штогод расце не меней як на 3-4 адсоткі. Па прагнозах РПНЦ (Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі) за 20 гадоў (ад 2010 да 2030) колькасць хворых на рак лёгкіх амаль падвоіцца (узрасце на 92%). Усе анколагі ва ўсім свеце даводзяць, што прычынай захворвання ў 80% выпадкаў з’яўляецца тытунь. Звычка курыць. Па даследваннях Steps, гэтая згубная звычка ў паловы (48,5%) беларускіх мужчын і ўжо амаль 15% дасягае ў жанчын. Сусветная арганізацыя аховы здароўя заклікае ўрады ўсіх краін спыніць «глабальную тытунёвую эпідэмію» – і чым адказвае беларускі ўрад? Глабальнай табакерызацыяй!

Ці гэта не ўрад адказвае? Можа быць, гэта нейкая кампанія «Энерга-Оіл», нейкі бізнесовец Аляксей Алексін падстаўляе і ўрад, і Лукашэнку, які даручыў яму ўладкаваць дзе-небудзь (каб курцоў-выбарцаў залагодзіць) тры дзесяткі шапікаў-«табакерак», а ён вырашыў забабахаць іх тры тысячы! Ну, каб паглядзець, ці вырасце на тры адсоткі анкалогія? Дык тады хто ён такі, гэта Алексін? Вораг народа?

Не. Сябар Лукашэнкі. Можа, не такі дарагі, якім быў нядаўна бізнесовец Чыж, але сябар. Бо хто ж аддасць тытунёвы бізнес ва ўсёй краіне ворагу?

Зрэшты, ніхто нічога не аддаваў і не аддае. Усе найвыгодныя бізнесы ўсёй краіны сыходзяцца ў месцы, якое называецца Ўпраўленнем справамі прэзідэнта, і з якім цесна звязаны бізнесовец Алексін.

Тытунёвы бізнес Упраўлення справамі прэзідэнта не прыватны, а дзяржаўны? Калі так, дык яшчэ горш. Бо тады гэта не проста бізнес, а палітыка. І яна падобная да таго, што робіць мафія, якой усё адно, на чым зарабляць: на жыцці, ці на смерці.

Мяне не цікавіць, ці партнёрам, ці толькі шырмай з’яўляецца ў тытунёвым бізнесе Алексін? Не цікавіць мяне, як і між кім дзеляцца (ці не дзеляцца), крадуцца (ці не крадуцца) грошы. Заўсёды пры бескантрольнай уладзе нешта падобнае будзе. Цікавіць мяне толькі адно: як кіраўнік дзяржавы можа садзейнічаць бізнесу, які падрывае здароўе народа, якое ёсць найпершым, наймоцным складнікам нацыянальнай бяспекі? Калі ён насамрэч кіраўнік дзяржавы, а не той мужык у цягніку, які, выпіўшы, не можа не закурыць.

На фота: 2500 «табакерак», якія атрутнымі грыбамі вырастаюць па ўсёй Беларусі, гэта толькі частка новых кропкаў продажу тытуню. Вось як выглядаюць у Мінску пераходы да чугуначнага вакзала, дзе яшчэ нядаўна шафаў для продажу тытунёвых вырабаў не было ніводнай! А цяпер – на кожным кроку.

Дык куды йдзем?..

Уладзімір Някляеў, для Беларускай праўды

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...