Аварыя на АЭС Фукусіма-Даічы, якая пачалася 11 сакавіка 2011 года, спаборнічае з аварыяй на Чарнобыльскай АЭС за званне найвялікшай ядзернай катастрофы. Хаця, здавалася, што пасля ЧАЭС увесь свет павінен быў зразумець небяспеку ядзернай энергетыкі.

Фото с сайта novychas.by

 

Лабісты атамнай энергіі хацелі б прадставіць аварыю ў прэфектуры Фукусіма як выкліканую прыроднымі чыннікамі, якія чалавек не ў стане кантраляваць. Таксама яны хочуць зрабіць выгляд, быццам такая аварыя магчыма толькі ў Японіі з-за землятрусу і цунамі.

Рукатворная катастрофа

Але аварыя з такім ходам падзей можа адбыцца ў любой мясцовасці і без землятрусу, і без цунамі. Дастаткова, каб былі перарваныя лініі электраперадач і не завяліся аварыйныя генератары. І перарыванне ліній, і выпадкі адмовы аварыйных генератараў перыядычна здараюцца на АЭС па ўсім свеце, і тое, што такая аварыя адбылася ў 2011 годзе, а не ў 2005-м — выпадак.

Як і ў Чарнобылі, прынцыповай прычынай катастрофы былі інстытуцыйныя хібы атамнай індустрыі і рэгулюючых яе органаў. Гэта яны не прызнавалі рэальную рызыку такой аварыі, не здолелі распрацаваць і ўвасобіць у жыццё адпаведную сістэму бяспекі і ставілі за галоўную задачу не абараніць людзей і навакольнае асяроддзе, а развіваць сваю галіну індустрыі і атрымліваць прыбыткі.

Як і ў Чарнобылі, рэактары АЭС Фукусіма-Даічы былі прынцыпова хібнай канструкцыі. Распрацаваныя амерыканскай кампаніяй General Electric рэактары з вадой, што кіпіць, знайшлі прымяненне на ўсіх шасці блоках станцыі Фукусіма-Даічы. Канструкцыя рэактараў неаднаразова ўсур’ёз крытыкавалася нават спецыялістамі з атамнай індустрыі, але гэта не прывяло да іх закрыцця.

Фукусімская катастрофа — тэхнагенная, а не прыродная, як хацелі б прадставіць адвакаты ядзернай энергетыкі.

Наступствы катастрофаў

Вядома, ёсць аспекты, па якіх сітуацыя ў Японіі была лепей за сітуацыю ў Беларусі. Перадусім таму што людзі там жадалі атрымліваць і распаўсюджваць праўдзівыя звесткі пра сітуацыю і большай адкрытасцю Японіі ў параўнанні з тагачасным СССР.

У адрозненне ад 1986 года ў СССР, у 2011-м у Японіі больш-менш своечасова была праведзена ёдная прафілактыка. У пераселеных дзетак з прэфектуры Фукусіма зафіксавана некалькі выпадкаў раку шчытападобнай залозы. Пакуль складана сказаць, наколькі гэта часцей, чым у сярэднім па Японіі. Але пацярпелыя ад аварыі чакаюць усплёску захворванняў. Многія жанчыны зрабілі тады аборты, але лічба іх не вядомая — гэтая статыстыка не даступная.

Эвакуацыя ў Фукусіме была праведзеная запозна. Але ў адрозненне ад земляў, што пацярпелі ад Чарнобыля, адсяленне спазнілася не на тыдні, месяцы і гады, а на некалькі дзён.

Паколькі людзі ў Японіі лепей інфармаваныя, дык іх не кідалі, як у Чарнобылі, разграбаць аварыйныя завалы голымі рукамі. Набор быў добраахвотны, таму колькасць ліквідатараў адносна невялікая. Адпаведна, пры меншай колькасці ліквідатараў будзе і меншая колькасць цяжка хворых ахвяр аварыі. Але, як і ў Чарнобылі, ліквідатарам заніжаюць паказальнікі атрыманых доз радыяцыі. І, як у Чарнобылі, выклікаюць сумнеў спробы «адмыць» забруджаныя і адселеныя вёскі. Насцярожвае жаданне японскага ўрада вярнуць туды людзей.

І, як у Чарнобылі, за памылкі ядзернай індустрыі расплачваюцца перадусім звычайныя людзі. У дакладзе «Грынпіс», падрыхтаваным да другой гадавіны катастрофы, аўтары даводзяць: «крайнімі» сталі перасяленцы, якія атрымліваюць занадта малыя кампенсацыі, што і блізка не параўноўваюцца з коштам страчанага жылля, зямлі (многія перасяленцы — сяляне) ды іншай маёмасці. І падаткаплатнікі, бо асноўная частка кампенсацый і коштаў ліквідацыі наступстваў аварыі сплочваецца не са сродкаў кампаніі TEPCO, а з японскага бюджэту.

Ці зробленыя высновы?

У Італіі ў 2011, а ў Літве ў 2012 годзе на рэферэндумах адмовіліся ад планаў будаўніцтва АЭС. У Германіі было адразу зачынена 8 АЭС і скараціліся тэрміны эксплуатацыі астатніх. Швейцарскія ўлады збіраюцца адмовіцца ад ядзернай энергетыкі. Францыя таксама узяла курс на паступовае закрыццё АЭС.

У самой Японіі былі спыненыя ўсе 54 рэактары на АЭС для прывядзення ўзроўню бяспекі ў адпаведнасць новымі стандартамі, што распрацоўваюцца. 4 аварыйныя рэактары АЭС Фукусіма-Даічы афіцыйна выведзеныя з эксплуатацыі.

А ў Астравецкім раёне поўнай хадой ідзе будаўніцтва першай беларускай АЭС.

Уладзімір Валодзін, Новы Час

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: