У гэта цяжка паверыць, але рэспубліканскі сэмінар «Аб удасканаленні і развіцці жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны», які адбыўся ў пятніцу 20 кастрычніка, рыхтаваўся цэлых чатыры гады. Ён быў анансаваны яшчэ 10 снежня 2013 году.

Ілюстрацыйнае фота

 

У той дзень Лукашэнка правёў вялікую нараду па пытаннях будаўнічай галіны. Тады кіраўнік Беларусі назваў гэтае мерапрыемства знакавай падзеяй і паабяцаў, што падобныя нарады стануць рэгулярнымі, на іх будуць абмяркоўвацца найбольш надзённыя і значныя для людзей пытанні развіцця эканомікі і грамадзтва на сярэднетэрміновую пэрспэктыву. Лукашэнка адзначыў, што гэты форум бачыцца яму свайго роду аналягамі пленуму Цэнтральнага камітэту кампартыі ў савецкія часы. Ён заявіў:

«Неабходна часцей, як мінімум раз на паўгода, збірацца ў такім складзе, каб на сыстэмнай аснове даваць сыгналы ўсяму грамадзтву аб праблемах, якія ўзнікаюць, і шляхах іх вырашэння… Таму мы дамовіліся, што ў пэрспэктыве такія нарады стануць нормай».

Лукашэнка заявіў, што дзьве наступныя нарады будуць прысвечаныя праблемам ЖКГ і развіццю аграпрамысловага комплексу. Тады ж былі створаныя адмысловыя камісіі, якія павінны былі распрацаваць комплекс прапановаў па ўдасканаленні згаданых сацыяльна-эканамічных сфэр.

Прайшло паўгода, год, два, тры. Ніякіх «пленумаў ЦК» не праводзілася. Нарэшце, амаль праз чатыры гады, адбыўся гэты сэмінар. Прайшла амаль пяцігодка. Лукашэнка ніяк не патлумачыў, у чым прычына такой затрымкі. У свеце ў некаторых сфэрах, напрыклад у ІТ, за чатыры гады адбываецца змена тэхналёгіі і якаснае абнаўленне прадукцыі. Беларусь жа жыве ў іншым гістарычным часавым поясе, часавым вымярэнні. Тут час спыніўся. Спатрэбілася цэлых чатыры гады, каб падрыхтаваць сэмінар па элемэнтарным пытанні павышэння якасці ЖКГ.

І вось нарэшце сэмінар правялі. Думалася, што ўжо за чатыры гады камісія, урад падрыхтавалі рэвалюцыйныя змены ў сфэры камунальнай гаспадаркі, і нарэшце ўлады ашчаслівяць народ сваімі прапановамі, якасць паслуг у ЖКГ радыкальна павялічыцца, а кошты скароцяцца.

Але нас чакала вялікае расчараванне. З выступу Лукашэнкі на сэмінары вынікае, што ніякіх пераменаў у сфэры ЖКХ не чакаецца. Кіраўнік дзяржавы казаў руцінныя рэчы, што ня трэба рэзка павышаць тарыфы, варта шукаць рэзэрвы эканоміі цеплазабеспячэння, неабходна павысіць якасць пітной вады, паляпшаць добраўпарадкаванне населеных пунктаў і іншыя банальнасці. Урадам распрацаваны праект канцэпцыі ўдасканалення і развіцця жыллёва-камунальнай гаспадаркі да 2025 году, але там няма нічога новага. І дзеля гэтага трэба было рыхтавацца цэлых чатыры гады?

Як вядома, галоўная прычына праблемаў у ЖКГ — гэта манаполія дзяржавы ў згаданай сфэры, адсутнасць канкурэнцыі. Таму пастаянна падвышаюцца кошты, не паляпшаецца якасць паслуг.

Аднак Лукашэнка адназначна выказаўся супраць рэфармавання ЖКГ:

«Вы не спяшайцеся разбураць цяпер дзейную структуру, каб дагадзіць нейкім сумнеўным кампаніям і мерапрыемствам», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка нібыта і ня супраць дапусціць у гэтую сфэру прыватны бізнэс, аднак тут жа заяўляе:

«Але вы ведаеце, што любы прыватнік, прыйшоўшы ў гэтую сфэру, будзе глядзець перш за ўсё ў сваю кішэнь: як даражэй узяць, што недарабіць, што не зрабіць, дзе няякасна абыйсці, а грошы ў кішэню пакласці».

І робіць выснову: структура ЖКГ «павінна быць адзіная і кіраваная».

І яшчэ важная заўвага. Праблемы ў камунальнай гаспадарцы нарастаюць, патрэбна ўсё больш рэсурсаў для фінансавання гэтай сфэры, а грошай у бюджэце няма. Але вырашэнне гэтых складаных пытанняў перакладаецца на мясцовую ўладу.

«Шукайце крыніцы фінансавання і дзейнічайце», — такую параду даў Лукашэнка чыноўнікам. Карацей, грошай няма, але вы трымайцеся.

Валер Карбалевіч, Радыё Свабода


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.