У Менску знаходзіцца афіцыйная дэлегацыя Сэнату чэскага парлямэнту на чале з старшынём камітэту замежных справаў, абароны і бяспекі Францішкам Бубланам.

Францішак Бублан у цэнтры

 

Чэскія палітыкі сустрэліся з Міхаілам Мясніковічам, іншымі прадстаўнікамі Савету Рэспублікі, кіраўніцтвам Міністэрства замежных справаў Беларусі. Дзяржаўныя мэдыя Беларусі, у прыватнасці агенцтва БелТА, казалі пра плённы, амаль пераломны характар сустрэчаў і выхад на новы ўзровень у двухбаковых адносінах паміж Чэхіяй і Беларуссю.

Аднак чэская дэлегацыя мае вельмі стрыманы аптымізм, пра што яе чальцы сказалі на сустрэчы з прадстаўнікамі незалежных мэдыя, грамадзянскай супольнасці і палітычных партыяў, у тым ліку з Анатолем Лябедзькам, Аленай Анісім, Тацянай Караткевіч, з кіраўніком праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім, рэдактарам газэты «Народная воля»   Ёсіфам Сярэдзічам. Сэнатары зрабілі жэст падтрымкі газэты, тут жа падпісаўшыся на яе.

У эксклюзіўнай размове з Радыё Свабода Францішак Бублан заявіў, што візыт прадстаўнікоў Сэнату ня сведчыць пра нейкую істотную змену курсу Прагі.

«Мы хацелі зрабіць крок, які б паказаў, што мы ня хочам такой ізаляцыі, пры якой Беларусі нічога не застанецца, як хіліцца да Расеі. На жаль, намаганні дзеля кантактаў з Эўрапейскім рэгіёнам вельмі слабыя».

На пытанне, ці разумеюць беларускія чыноўнікі праблему ізаляцыі, Бублан адказаў:

«Яны нас запэўнівалі, што хацелі б зрабіць адзін крок да Расеі, а другі да Эўропы, і мець з абодвума бакамі добрую сувязь. Што з эканамічнага гледзішча трэба сувязі з Расеяй, бо гэта Эўразійскі саюз, і практычна ўвесь экспарт ідзе ў тым кірунку. Але адначасова яны хацелі б мець адчыненыя дзьверы ў бок Эўропы, і ня толькі з эканамічных прычын, але, магчыма, і з палітычных».

Бублан пачынаў палітычную дзейнасць як чэскі дысыдэнт, быў падпісантам Хартыі’77 разам з Вацлавам Гаўлам. Сытуацыя ў цяперашняй Беларусі выклікае ў яго пэсымізм, ён параўнаў яе з тым, што адбывалася ў Чэхіі 30-40 гадоў таму. Паводле яго, пад аўтарытарным кіраваннем Лукашэнкі наўрад ці магчыма нешта памяняць з дапамогай выбараў.

«Але калі мы ня будзем размаўляць з гэтымі палітыкамі, з гэтым беларускім парлямэнтам, будзем чакаць, калі тут будуць такія ж выбары і ўдзел грамадзкасці, як у нас — дык нічога ня зменім. Трэба паказваць іншыя мадэлі, іншыя сыстэмы. І тут адзіны шлях — шлях адукацыі», — лічыць сэнатар.

Бублан падкрэсліў, што падчас сустрэчы з Мясьніковічам падняў пытанне правоў чалавека, на што той «рэагаваў цалкамі пазытыўна», хоць і ўхіліўся ад адказу на пытанне пра смяротныя пакаранні:

«Было відаць, што яго напружвае, што мы звяртаем увагу на такія пытанні. Але калі яны хочуць эканамічнай супрацы, супольных прадпрыемстваў, інвэстыцыяў, дык трэба мець на ўвазе, што пры кожнай спробе эканамічных угодаў будзе падымацца пытанне правоў чалавека».

Паводле Бублана, было б памылкай забыцца пра пытанне правоў чалавека і глядзець толькі на эканамічны бок справы — ці можна на гэтым зарабіць.

«Гэта трэба звязваць», — лічыць чэскі сэнатар.

Франак Вячорка, Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: