Пасля аднадзённага страйку ў цэху Мінскага падшыпнікавага заводу адміністрацыя прадпрыемства пачала пагашаць запазычанасці па заробках.

Паводле калектыўнай дамовы, працоўныя, найпазней да 25-га сакавіка мелі атрымаць выплаты памерам каля Br 200. Замест гэтага атрымалі 30. Тады працаўнікі ролікавага цэху выйшлі на працу, але працаваць адмовіліся да поўнага разліку.

Адміністрацыя пайшла на саступкі

«Усё яны зрабілі слушна. Трэба больш актыўна змагацца за свае правы. Хоць нейкі зрух адбыўся. Звычайна рабочыя церпяць», – зазначыў Аляксандр Бухвостаў, старшыня Свабоднага прафсаюзу металістаў.

Працоўныя пацвярджаюць, што, пасля страйку, заробкі ім паабяцалі выплаціць цалкам.

Намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства запэўніў нашага карэспандэнта, што грошы ўжо адышлі, і ўсе іх атрымаюць да канца дня.

Адметна, што падшыпнікавы завод – не прастойвае

Наадварот, прадпрыемства не спраўляецца з замовамі і складскіх запасаў практычна няма. Між тым, паводле чальцоў Свабоднага прафсаюзу металістаў на гэтым заводзе, начальства ім казала, што грошай няма і, калі яны не гатовыя патрываць адтэрміноўкі заробку, то прыйдзецца адключыць у цэхах цяпло. Прычына – стратная вытворчасць. Сітуацыі ня выправіла нават нядаўні запуск італьянскай вытворчай лініі, коштам некалькі мільёнаў долараў. На думку старшыні Свабоднага прафсаюзу, праблема вырашаная толькі часова.

«Праблемы засталіся і я мяркую, што падшыпнікавы гэта – люстэрка ўсёй нашай прамысловасці і яе перспектывы», – упэўнены Бухвостаў.

Сёлета ў студзені прыбыткі прадпрыемстваў, якія даюць справаздачу нацыянальнаму статыстычнаму камітэту, зменшыліся ў 48 разоў, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Страты такіх прадпрыемстваў падскочылі ўтрая. Незалежныя прафсаюзы папярэджваюць, што фінансавы стан дзяржаўнай прамысловасці будзе і надалей пагаршацца.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: