Ёсць такі дыягназ у медыкаў – эмацыйнае выгаранне.

dubavec

Гэта калі руціна паліклінік за тры-пяць-сем гадоў робіць лекара абыякавым да пацыента і яго праблем. Вынік – грубае абыходжанне з людзьмі, няўважлівасць, нуль жадання дапамагчы.

Сяброўка мне распавядала, што ў радзільных аддзяленнях у нас да парадзіх інакш як «хворыя!» («больные!») медыкі не звяртаюцца.

У сённяшняй Беларусі, дзе на першым месцы апынуўся чыноўнік, гэты дыягназ трэба ставіць яму. Кажу пра ўсё чынавенства зверху данізу і па гарызанталі – ва ўсіх сферах жыцця. Калі суддзя адпраўляе чалавека ў турму за ўскладанне кветак да помніка Шаўчэнку – гэта эмацыйнае выгаранне. Калі міністр інфармацыі (цікава, у колькі бюджэту абходзіцца гэтае ведамства*) шчыра радуецца таму, што для новых радыёстанцый няма свабодных ФМ-частот – гэта эмацыйнае выгаранне. Калі мытня стараецца вырваць у чалавека болей (падман тут спішацца, не тое што наадварот), а не меней – гэта эмацыйнае выгаранне. Сэнс яго той самы, што і ў медыцыне – не любіць чалавека, вось і ўсё. Узненавідзець суайчынніка – як тая ўнутрана спустошаная стаматолаг-гінеколаг з паліклінікі ненавідзіць сваіх пацыентаў. Ведаеце, што гэта такое? Поўная дыскваліфікацыя, неадпаведнасць прафесіі і займанай пасадзе.

Куды ні кінь, усё, а найперш высокае чынавенства паражанае эмацыйным выгаранем. Можа гэта самы эмацыйны сцягнуў усю коўдру на сябе?

Вось вам міністр аховы здароўя заявіў: у гэты няпросты крызісны год кожны з медыкаў разумее, што даваў клятву Гіпакрата і «працуе не за грошы, а паводле сумлення і свайго прызвання». Іншымі словамі, сумленнем харчуецца, а ў прызванне апранаецца. Але хто гэта сказаў? Той, хто павінен быць гарой за сваіх лекараў і санітараў. Гэта ж ён прадстаўляе іх інтарэсы перад бюджэтам. Не? А чые ён інтарэсы прадстаўляе? Такіх, як сам, чыноўнікаў з міністэрства. Глядзіце: міністр падкрэсліў, што «міністэрскія работнікі (!) – гэта не тыя людзі, якія не разумеюць, у якім стане цяпер эканоміка». Выходзіць, яны – не «тыя» людзі, што давалі клятву Гіпакрата, і таму гэтага не разумеюць.

Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі як бы асудзіў тых, што цягаюць па судах грамадзян, якія выказалі салідарнасць з расстралянай рэдакцыяй францускага часопіса. Але суддзі яго не пачуюць, бо яны даўно ўжо дыскваліфікаваліся. У чым сутнасць суду? У жывым разборы справы. Інакш суд непатрэбны – усё распісана ў законах. Проста ўсё жывое жыццё не распішаш. Таму і працуе суд. Бяда ў тым, што суддзі, дакладна як тыя лекары, эмацыйна выгаралі і цяпер ціха ці буйна ненавідзяць сваіх кліентаў-пацыентаў.

Ці ж ёсць сродак ад эмацыйнага выгарання? Ёсць. Дазвол на ўласную ініцыятыву, магчымасць расці і проста чалавечныя дачыненні. Мне здаецца, цяперашнюю армію чынавенства гэта ўжо не ўратуе.

*Функцыі нашага «міністэрства праўды» ў разьвітых краінах выконвае міністэрства юстыцыі. Пра апошняе ў Беларусі неяк і не чуваць. А ведаеце, як з лаціны перакладаецца юстыцыя? Справядлівасьць. Вось яе і не чуваць.

Сяргей Дубавец, Радыё Свабода


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Leave a comment