Алесь Станкевіч разам з некалькімі тысячамі паплечнікаў на плошчы Незалежнасці ў Менску ў 1992 годзе прысягнуў на вернасць Беларусі. Акцыю арганізавала Беларускае згуртаванне вайскоўцаў, актыўным удзельнікам якога быў маёр Станкевіч.

Алесь Станкевіч прэзентаваў у Магілёве сваю кніжку «Прынагоднае»

Алесь Станкевіч прэзентаваў у Магілёве сваю кніжку «Прынагоднае»

Днямі адстаўны вайсковец прэзентаваў у Магілёве сваю кніжку «Прынагоднае». У ёй сабраны творчы даробак спартовага педагога, сябра Сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада», шматгадовага рупліўца Задзіночання беларусаў свету «Бацькаўшчына» ды краязнаўцы. Вечарыну арганізавала магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы.

Алесь Станкевіч у гутарцы з Радыё Свабода выказаў свой погляд на баяздольнасць беларускага войска і патрыятычнае выхаванне беларускага вайскоўца. Згадаў ён і гарадское жыццё ў пасляваенным Магілёве, якое балансавала паміж беларускамоўем і набіраючай моц расейшчынай.

Ці надзейнае беларускае войска?

Прыняцьце прысягі. 1992 год. Алесь Станкевіч у цэнтры

Прыняцце прысягі. 1992 год. Алесь Станкевіч у цэнтры

«Ці надзейнае беларускае войска? — разважае Станкевіч. — Мне цяжка казаць, на колькі беларускае войска гатовае надзейна бараніць краіну. У нас жа не было падзеяў, якія вымагалі ад нашых вайскоўцаў дэманстрацыі сваёй баяздольнасці. Мы гаворым, што наша войска моцнае, гандлюем зброяй, праводзім вучэнні, якія аднак, усё роўна не надаюць упэўненасці пра яго надзейнасць. Па-сутнасці, мы не вырашаем стратэгічных задачаў, а толькі — кіруемся дробнымі, тактычнымі.

Пры неабходнасці, вядома ж, беларускае войска на нейкі час здольнае абараніць Беларусь, аднак супрацьстаяць расейскай арміі мы здолеем паўдня — дзень. Гледзячы, якая будзе агрэсія…

Мы ж нездарма цяпер пра гэта ўсё кажам. Мы падсвядома глядзім на Усход — пагроза з таго боку, і не толькі мы адны так лічам. Вы ж паглядзіце на краіны Балтыі, якія пад парасонам НАТА, і тыя пераймаюцца пытаннем, каб абараніцца ад Расеі. Галоўная тэза на сёння: „Пуцін — гэта вайна“.

А нам, нібыта, і бараніцца ад Расеі не трэба мы ж «саюзныя дзяржава». І тое, што Пуцін прыдумаў столькі вагонаў даслаць з сваімі вайскоўцамі на нейкія вучэнні — гэта ж нездарма. Калі ягонае войска сюды прыбудзе, дык можа тут і застацца. І нічога ж не паробіш з гэтым. Хто ж выгане яго адсюль? І ніякіх не трэба «зялёных чалавечкаў».

Чытайце па тэме:  У Магілёўскім раёне знайшлі хлопчыка, які летась знік у Маскве

Клопат пра абароназдольнасць актуальны. Наша, аднак, бяда, што ў нас усё робіцца, як кажа кіраўнік. А кіраўнік паводзіць сябе жахліва і непрадказальна. Ён жа з расейцамі хоча ў цяпераўніх варунках захаваць добрыя стасункі. Таму маўчыць, але маўчанне можа прывесці да ціхай акупацыі, як тое было прыканцы 18 стагоддзя».

Ці жыве ў беларускім войску Беларускі дух?

«Ці жыве ў беларускім войску Беларускі дух? Войска мае трымацца на патрыятызме, патрэбная ідэя і прага бараніць свой край. Я згадваю Беларускае згуртаванне вайскоўцаў, якое амаль 25 год таму, арганізавала акцыю па прыняцці прысягі. Мы тады змусілі Міністэрства абароны павярнуцца да гісторыі беларускага войска. Напярэдадні падзеі нямала выйшла артыкулаў у друку пра нашу гістарычную вайсковую спадчыну. Для многіх гэта гісторыя была адкрыццём, бо мала хто ведаў пра яе.

Тады ж пачалі казаць, што войска мае быць беларускамоўным. Стась Суднік, Сяржук Чыслаў распрацавалі вайсковы слоўнік. І тэрміны не трэба было выдумляць. У нас у 1930 гадах усё гэта было беларускамоўнае. У мяне нават ёсць падручнік па кіраванні танкам на беларускай мове. Ёсць агульны вайсковы статут тых гадоў, таксама на беларускай мове. Ён зроблены як буквар, бо тады ў войску служылі малаадукаваныя людзі. У ім было ўсё напісана вялікімі літарамі.

Бяз ведання гісторыі, яе значнасці не будзе разумення за што змагацца. На пачатку 1990 гадоў у войску адчуваўся беларускі нацыянальны ухіл. Былі і каманды беларускамоўныя. Было і не ўспрыняцце іх, бо афіцэры ў бальшыні сваёй не былі беларусамі. Беларусаў у Савецкім Саюзе параскідалі па замежных гарнізонах.

Не беларусы ж думалі тады, што ўсе беларускія ініцыятывы перакіпяць і ўсё вернецца на ранейшыя пазіцыі. І сапраўды, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады, то беларускае войска вярнулася на рэйкі Савецкага Саюза. Гэта яму было блізкае і знаёмае. Сёння мы не маем у войску беларускага патрыятычнага выхавання.

Мы страцілі набыткі часоў Беларускага згуртавання вайскоўцаў і маладое пакаленне не вырасла беларускім, бо яно мусіла на нейкім грунце гадавацца, а яго не было. Я дужа сумняюся, што беларускі дух у цяперашнім беларускім войску ёсць».

Чытайце па тэме:  У Магілёве міліцыянты згвалтавалі мужчыну дручком

Грамадства не мусіць забываць пра беларускае войска

Разварот кнігі «Прынагоднае. На старонцы зьлева пачынальнікі БЗВ. На правай ніжняе фота — удзельнікі беларускага спартовага летніка (1994 год)

Разварот кнігі «Прынагоднае. На старонцы злева пачынальнікі БЗВ. На правай ніжняе фота — удзельнікі беларускага спартовага летніка (1994 год)

«Пытаньні баяздольнасці варта ўздымаць. Нездарма Мікалай Статкевіч і звярнуўся да Міністра абароны. А яму адказалі, што дарма вы «хвалю ўздымаеце», у нас усё нармальна.

Але не дарма! Мы ўсё бачым, але да часу баімся сабе прызнацца ў праблемах. Калі нешта адбудзецца, то будзе запозна наракаць. Трэба рыхтавацца. Уздымаць грамадства, але яно ў нас пакуль кволае.

Мы змарнавалі апошнія дваццаць пяць гадоў, не прыдбаўшы свядомасці, упэўненасці ў сабе. Калі раней на дэманстрацыі зьбіраліся тысячы людзей, то цяпер прыходзіць сотня. Гэта кажа, што людзі зняверыліся. Маладая генерацыя беларусаў бачыць, што папярэднія пакаленні нічога не зрабілі, то і думае, што і яно нічога не зробіць, таму шукае шчасце за мяжою».

Каб выкладаць па-беларуску, трэба вызначыць сваю пазіцыю і паставіць умовы

Першы зьезд Задзіночаньні беларусаў Сьвету «Бацькаўшчына»

Першы з’езд Задзіночання беларусаў свету «Бацькаўшчына»

«У 1993 годзе мяне запрасілі ва ўніверсітэт Максіма Танка на факультэт «Народная культура». На ім рыхтавалі выкладчыкаў фізкультуры для школ. Мне прапанавалі весці раздзел «Лёгкая атлетыка» на беларускай мове. Беларускамоўных падручнікаў тады не было. Трэба было распрацоўваць мэтодыку выкладання на беларускай мове.

І, калі пачаў заняткі, то былі незадаволеныя. Такія казалі, што беларускай мовы не ведаем. Я на гэта: калі вы грамадзяне Беларусі, то мусіце ведаць беларускую мову. Спакваля пачалі беларускамоўнае навучанне і залікі здавалі на беларускай мове. Тут важна вызначыць сваю пазіцыю, паставіць умовы.

Ва ўніверсітэце было нямала беларускамоўных выкладчыкаў, але на маім факультэце, да жалю, апрача мяне больш ніхто не выкладаў на роднай мове. Ахвотныя выкладаць па-беларуску, нібы, і былі, але наважыцца так і не здолелі.

Калі вучыўся ў Магілёве ў школе працоўнай моладзі, каб не здаваць выпускны экзамен па беларускай мове ды літаратуры прыкінуўся, што бацькі мае вайскоўцы. Але мне гэта не спатрэбілася, бо мяне вызвалілі ад іспытаў, як спартоўца. Аднак праз нейкі час беларуская мова сама ажыла ў мяне без аніякага прымусу. У сярэдзіне 1980-ых гадоўя стаў размаўляць з людзьмі па-беларуску. А ў БЗВ працоўнай мовай была беларуская. У той час у замежных амбасадах гаварылі па-беларуску, акрамя расейскай. Супрацоўнікі расейскай амбасады наадрэз адмаўляліся і разумець нас».

Чытайце па тэме:  Что известно о Павле Т. — подозреваемом в ограблении банка в Могилёве

Матчына мова

Алесь Станкевіч разам з Аляксандрам Надсанам

Алесь Станкевіч разам з Аляксандрам Надсанам

«У дзяцінстве я не звяртаў увагі на беларускую мову. У хаце па-беларуску гаварыла маці. Яна мяне навучыла беларускай мове. Тата больш гаварыў па-расейску, але іншым разам выказваўся дужа трапна і па-беларуску.

У дзяцінстве у мяне не было акрэсленага падзелу якая мова: беларуская ці расейская. Аднак, калі мне казалі, што я расеец, то крыўдзіўся. «Я ж беларус!», — казаў.

Горад жыў трасянкай, зрэдку бываючы на вёсках, я лёгка адаптаваўся да мясцовых гаворак.

Беларуская мова жыла ў Магілёве, бо прырост насельніцтва быў з вёскі. І як вяскоўцы ні хацелі стаць гарадскімі, але іхная мова «скразіла» адусюль. Беларускую мову тады было не схаваць.

З намі вучылася статная дзяўчына Аня Рыбакова. Яна да нас прыйшла, здаецца ў пятым класе. Раней вучылася ў вёсцы і ёй цяжка было перайсці з беларускай мовы на расейскую. Дык яна неяк сказала: пішыце з вялікай літары. І ёй тады мянушка далі «Аня з вялікай літары».

У школу пайшоў у 1954 годзе і ўжо тады практыкавалася, што дзеці вайскоўцаў маглі не вучыць беларускай мовы. І яны гэтым дужа ганарыліся. Настаўніца беларускай мовы ў нас была ў сталым веку, паважанай жанчынай. Была талерантная і старалася нам усё даводзіць. Тыя ж каго вызвалілі, як настаўніца адвернецца, скамечаць паперчыну снежкай і ў яе кідаюць. Усе з гэтага смяяліся, і я смяяўся. Мне цяпер за гэта сорамна. Каб мне сустрэць настаўніцу тую, дык стаў бы на калена і прасіў бы прабачэння за тыя ўчынкі за ўсіх, але наўрад ці настаўніца жывая…»

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: