Шматлікім замежным аглядальнікам вонкавая палітыка Турэччыны апошнім часам падаецца нявызначана рэфлексыўнай. Варта адзначыць, што спэцслужбы Расеі ды Ірану маюць разгалінаваныя сеткі ўплыву ў структурах бяспекі і мясцовых уладах у Турэччыне, але не да ўзроўню прыняцця рашэнняў у вонкавай палітыцы гэтае дзяржавы.

EPA/TURKISH PRESIDENT PRESS OFFICE

 

Пасля леташняй адстаўкі Прэм’ер-міністра Турэччыны Ахмэта Давутоглу турэцкія нацыянальныя інтарэсы ў разуменні кіроўнай эліты на чале з Прэзыдэнтам Рэджэпам Таіпам Эрдаганам атрымалі відавочную перавагу над ідэяй адраджэння ў новым фармаце Асманскага Халіфату, зніклага ў выніку Першай Сусветнай вайны.

Сёння Турэччына мае валавы ўнутраны прадукт варты палове ВУП Расеі. Дамова пра Асацыяцыю Ўкраіны з Эўрапейскім Звязам дагэтуль застаецца у цэнтры ўвагі экспэртнае супольнасці і рознастайных мэдыяў, але гандаль ды інвэстыцыі паміж Украінай і Турэччынай таксама растуць значнымі тэмпамі, а Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка за паўтара гады ўжо тройчы наведаў Турэччыну.

Турэцкая нацыянальная авіякампанія Turkish Airlines зараз мае 50 рэйсаў ва Ўкраіну. З Стамбулу лятуны гэтых авіялініяў накіроўваюцца ў шэсць гарадоў Украіны, саступаючы па колькасці рэйсаў у гэтую краіну толькі Ўкраінскім Міжнародным Авіялініям. З улікам палётаў паміж Украінай і Турэччынай дзьвюх іншых турэцкіх авіялініяў Pegasus і Atlas колькасць украінцаў, якія летась наведалі Турэччыну, перавысіла мільён асобаў. Тым часам каля 220 тысячаў грамадзянаў Турэччыны наведалі Ўкраіну. Турэцкія авіялініі Pegasus і Atlas штодня ажыццяўляюць два рэйсы паміж Стамбулам і Львівам.

Сёлета грамадзяне абедзьвюх дзяржаваў карыстаюцца з бяспашпартнага ўезду з біямэтрычнымі пасведчаннямі асобы на падставе новага ўкраінска-турэцкага двухбаковага пагаднення.

Чытайце па тэме:  Беларусь и Турция стали ближе: пятничный намаз Эрдоган совершил в Минске

Напрацягу апошняга дзесяцігоддзя грашовая вартасць турэцкіх інвэстыцыяў ва Украіну павялічылася ў пяць разоў і перавысіла два мільярды амэрыканскіх даляраў. Летась гандлёвы абарот паміж Украінай і Турэччынай узрос да 3,7 мільярдаў даляраў ЗША і напрацягу бліжэйшых пяці гадоў можа дасягнуць 20 мільярдаў амэрыканскіх даляраў.

Да канца гэтага году чакаецца падпісанне Дамовы вольнага гандлю паміж урадамі абедзьвюх краінаў. На імкненне Турэччыны пашырыць эканамічныя сувязі з Украінай уплываюць нестабільнае становішча суседніх дзяржаваў, наяўнасць Дамовы вольнага гандлю паміж Украінай ды Эўрапейскім Звязам і мінімальны заробак украінцаў, утрая меншы за прыняты ў Турэччыне, да таго ж з улікам вялікай колькасці адукаваных і кваліфікаваных працаўнікоў. Часовая затрымка ў падрыхтоўцы пагаднення абумоўленая патрабаваннем сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Ўкраіны вольнага экспарту іхняе прадукцыі ў Турэччыну, недазволенага паводле падобнай дамовы з Эўрапейскім Звязам.

Міжнародная Асацыяцыя ўкраінскіх і турэцкіх бізнэсоўцаў з галоўным офісам у Кыіве мае рэгіянальныя філіі ў Львіве, Хэрсоне, Адэсе, Вінніцы ды Запарoжжы.

У вачох эўрапейскага бізнэсу Ўкраіна па-ранейшаму ўяўляецца дзяржавай, аслабленай вайной з Расеяй на паўднёва-ўсходняй мяжы. Але ў параўнанні з іншымі суседзямі Ўкраіна для Турэччыны выглядае тэрыторыяй стабільнасці. Турэччына ня мае дыпляматычных стасункаў з Армэніяй, Кіпрам і Сырыяй, на паўднёвай мяжы яна ўцягнутая ў працяглы канфлікт з курдзкімі ўзброенымі групоўкамі і да апошняга часу змагалася супраць тэрарыстаў гэтак званае «Іслямскае Дзяржавы».

Чытайце па тэме:  Путин и Эрдоган договорились провести встречу в первых числах августа

У вонкавай палітыцы Турэччына з Украінай маюць агульную стратэгічную мэту: не дазволіць Расеі пашырыць кантроль над узбярэжжам Чорнага мора. Турэцкі Прэзыдэнт Эрдаган называе акупацыяй незаконнае далучэнне Крыму ў склад Расеі і запэўніў Прэзыдэнта Ўкраіны, што Турэччына не прызнае анэксію акупаванай Расеяй паўвыспы. Сёлета ў студзені міністар замежных справаў Турэччыны Мэвлют Чавушоглу пацвердзіў гэтую пазыцыю сваёй краіны.

Абедзьве краіны таксама падпісалі пагадненне пра супольную распрацоўку і выраб ўзбраенняў дзеля ўзмацнення стратэгічнага партнэрства ў вайскова-палітычнай сфэры.

Сёлета ў красавіку турэцкі ваенны флёт браў удзел у супольных з флётам Украіны навучаннях сілаў супрацьпаветранай абароны ў Адэсе. Ваенны флёт Украіны вельмі слабы, бо пасля абвешчання незалежнасці з 1991 году краіна не вырабляла вайсковыя караблі. Большую рэшту ўкраінскага флёту захапіла Расея падчас акупацыі Крыму ўвесну 2014 году. Да страты Крыму караблі ўкраінскага ваеннага флёту бралі ўдзел у супольных з NATO апэрацыях падтрымання бяспекі ў акваторыях Міжземнамор’я і Ўсходняе Афрыкі. Турэччына здольная забяспечыць Украіне тэхнічную падтрымку для распрацоўкі і вырабу вайсковых караблёў на ўласных вэрфах. Турэччына таксама мае магчымасць забяспечыць Украіну сыстэмамі ўзбраенняў, дэтэктарамі і радарамі стандартавых ўзораў Паўночна-Атлянтычнага Альянсу.

Роля Турэччыны як галоўнага чынніка стрымання геапалітычных амбіцыяў Расеі на прасторы Чорнага мора і падтрымка прыняцця Ўкраіны ў склад NATO ёсць вызначальнымі аргумэнтамі для паглыблення двухбаковага супрацоўніцтва ў галіне вайсковай прамысловасці. Супольныя праекты Ўкраіны з Турэччынай залучылі распрацоўку тэхналёгіяў канструкцыі сатэлітаў, сыстэмаў навігацыі, радараў і ваенных караблёў, вытворчасць рухавікоў, этапаваных касмічных ракетаў і балістычных ракетных сыстэмаў, цвёрдапаліўных рэактыўных рухавікоў, далёкасяжных балістычных і крылатых ракетаў. Турэччына асабліва зацікаўленая ў супольных распрацоўках крылатых ракетаў.

Чытайце па тэме:  Путин отказался общаться с Эрдоганом

Украіна мае сучасныя распрацоўкі сродкаў радыёэлектроннай барацьбы і радыёлякацыйных тэхналёгіяў. Украіна мае значны вопыт і веды ў галіне фундамэнтальных навук, у прыватнасці матэматыкі, фізыкі ды хіміі, а найважней — у сфэрах іх выкарыстання. Турцыя істотна адстае ў гэтым рэчышчы. Турэччына супольна з Украінай распрацоўваюць сыстэмы гідраакустыкі ды ажыццяўляюць абмен студэнтамі, асабліва ў галіне машынабудавання, неабходнай для развіцця вайсковай прамысловасці.

Калі сёлета напачатку году Аўстрыя абмежавала тэхналягічную падтрымку вырабу рухавікоў для асноўнай мадэлі турэцкага танку Altay, Украіна прапанавала турэцкім вытворцам свой рухавік 6ТД-3 для танкаў. Дадатковая праблема паўстала пасля адмовы продажу Нямеччынай рухавікоў для самаходных гарматаў ў выніку пагаршэння яе двухбаковых дачыненняў з турэцкім урадам. Таму ў гэтай галіне Турэччыну найбольш цікавіць імпарт дызэльных рухавікоў украінскае вытворчасці.

На жаль, Украіна панесла вялізарныя страты эканамічных і людзкіх рэсурсаў у працяглай вайсковай апэрацыі па абароне ўсходніх рэгіёнаў краіны ад расейскай агрэсіі, якая значна абмежавала фінансаванне уласных вайсковых распрацовак ды іх прамысловую вытворчасць з дзяржаўнага бюджэту.

Тым ня менш, вынікі ўсебаковага супрацоўніцтва Украіны з Турэччынай уражваюць і сведчаць пра неабходнасць выпрацоўкі адпаведнай дарожнай мапы для развіцця беларуска-турэцкіх дачыненняў з перспэктывай пашырэння міжнароднай вайскова-палітычнай ды эканамічнай інтэграцыі дзяржаваў Міжмор’я ва Ўсходняй Эўропе.

BSBLOG


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.