Аўтакраты праносяцца на лімузінах па пустых, ачэпленых праспектах сталіц на інаўгурацыю, робяць «выезды ў народ» з батальёнамі целаахоўнікаў па вуліцах, вымытых шампунем, у радзільных дамах заклікаюць жанчын нараджаць больш дзяцей, каб было каго для піяру гладзіць па галоўках, а сапраўднае жыццё ідзе сваім ладам.

Сяргей Законнікаў, svaboda.org

 

Рэчаіснасць, якой бы яна ні была, тысячамі прыкладаў гаворыць пра сябе абсалютна шчыра. Яе не падменіш ні слоўным фальшывым аптымізмам, ні прыгожымі тэлемалюнкамі, ні «Дажынкамі» і «Славянскімі базарамі», ні падфарбаванымі фасадамі, ні пакладзеным на траву свежым асфальтам.

24-гадовага аўтарытарнага праўлення дастаткова для таго, каб насельніцтва Беларусі змагло ўпэўніцца ў яго бесперспектыўнасці. Краіна яшчэ плыве па інерцыі ў рэжыме ручнога кіравання, але драматычны фінал такога стану набліжаецца.

Мне даводзілася пісаць і гаварыць пра тое, што палітолагі, эксперты, журналісты бясконца ходзяць вакол ды каля, не хочуць да канца казаць праўду пра беларускую сітуацыю. Што зробіш, нехта баіцца, а ў большасці на падмарафечванні безвыніковай мітусні рэжыму трымаецца заробак. Але трэба прызнаць, што прэзідэнцкае кіраванне ў Беларусі, супраць якога я выступаў у друку ў 1993—1994 гадах, стала вялікай памылкай.

Пасля краху СССР насельніцтва, замбіраванае савецкай прапагандай і практыкай «жорсткага» і «мяккага» таталітарызму, не было здольным асэнсавана і разумна выбіраць прэзідэнта. Грамадзянскай супольнасці, якая мае належны ўзровень палітычнай культуры, у нас не мелася, ды і цяпер яе няма. А недасведчаная чалавечая біямаса, якая жыве паводле прымітыўных інстынктаў, не можа выбраць кіраўніком лепшага, самага прыдатнага кандыдата, яна выпіхвае наверх свайго тыповага прадстаўніка, роўнага сабе, і ён правіць у меру ўласных здольнасцяў, адукаванасці, выхавання, культуры і маральных якасцяў.

Аналагічная сітуацыя склалася і ў Расіі, дзе спачатку прэзідэнтам стаў партыйны функцыянер, а пасля ён перадаў уладу гадаванцу КДБ. Але адно істотнае адрозненне ёсць — у суседняй краіне надзвычай моцныя імперскія і манархічныя настроі. Таму У. Пуціну на галаву сама сабою звалілася карона «цара». А ў Беларусі, хоць яна здаўна знаходзіцца ў сям’і еўрапейскіх этнасаў, прапагандысты пачалі абкатваць усходні варыянт «бацькі народа», ды нічога з гэтага не атрымалася.

Узаемаадносіны паміж двума кіраўнікамі краін вызначаюцца складанасцю, зменлівасцю і скандальнасцю. Сам таго не жадаючы, А. Лукашэнка часта выказвае істотныя рэчы. Нядаўна ён заявіў: «У нас сейчас тяжелый период — россияне ведут себя варварски по отношению к нам, публично об этом говорю. Они от нас требуют чего-то, как будто мы вассалы у них, а в рамках ЕАЭС, куда они нас пригласили, они выполнять свои обещания не хотят».

Энцыклапедычны слоўнік дае актуальнае для сучасных Расіі і Беларусі тлумачэнне стасункаў паміж сюзерэнам (сеньёрам) і васалам: «Вассал, вступая под покровительство сеньора, приносит ему присягу верности и клянется во всем ему помогать, защищать его от врагов, выполнять его приказания и нести порученную ему службу. Сеньор со своей стороны обязывался охранять вассала, заботиться о нем и не давать его в обиду».

Давайце ўспомнім прамовы, заявы і дзеянні двух аўтакратаў за гады троннага жыцця, і ў нас адразу будзе «картина маслом», як кажа Д. Гоцман — галоўны герой папулярнага тэлесерыялу «Ликвидация».

За доўгі час чаго толькі не здаралася ў Расіі і Беларусі: ад забойстваў і знікненняў палітыкаў, журналістаў, катастроф падводнай лодкі, самалётаў, верталётаў, выбухаў у метро, жылых дамах і да дэфолтаў. Застаецца нязменнай толькі ўлада. Фальсіфікацыі на выбарах і амапаўскія дубінкі супраць мірна пратэстуючых грамадзян прывялі насельніцтва да стану татальнай абыякавасці. Большасць людзей змірылася з парадкамі, навязанымі аўтарытарнымі рэжымамі, прывыкла да іх, як да ўмеранага смогу.

Калі я прыязджаю ў Наваполацк, то трэба з паўгадзіны, каб прывыкнуць да захімізаванага паветра, бо адразу адчуваецца яўны дыскамфорт. Толькі пасля дыхальнай «трэніроўкі» пачынаеш не заўважаць смуроду. Прыкладна так і ў стасунках расійскіх і беларускіх абываталяў з аўтарытарнай уладай.

Мера лаяльнасці да начальства кожны дзень узрастае. Калі грамадзянін не адпавядае патрэбным паказчыкам, яго проста бяруць за каўнер, трасуць, каб абкласці штрафамі, нешта забраць з маёмасці або садзяць за краты. Беларусь — краіна параўнаўча невялікая, яна пранізана вертыкаллю зверху да нізу, нашпігавана супрацоўнікамі спецслужбаў, агентамі, стукачамі, напоўнена страхам. З дапамогай кампутарнай і іншай тэхнікі можна лёгка кантраляваць любы пласт насельніцтва. У Расіі гэта зрабіць значна складаней, таму што маштабы каласальныя. Але прафесійны «чэкіст» прапагандысцкай хлуснёй і паліцэйскай сілай пакуль што трымае велізарную краіну ў «аброці».

Увогуле, людзям смешна і брыдка глядзець на валтузню паміж сюзерэнам і васалам, якая зацягнулася. Але ёсць індывіды, каму яна падабаецца, як мексіканскі тэлесерыял, а палітолагі, журналісты з яе няблага кормяцца.

Нельга сказаць, што за перыяд суверэннасці ў нашых краях нічога добрага не адбылося. Былі тактычныя ўдачы ў асобных галінах гаспадарання, ішло прамысловае і жыллёвае будаўніцтва, людзі працавалі, ладзілі свой быт, у сем’ях нараджаліся і падрасталі дзеці. Але стратэгічна Беларусь і Расія, якія надоўга ўпаўзлі ў аўтарытарызм, прайгралі. У адной і другой краіне склалася заганная, задушлівая палітычна-сацыяльная сістэма, якая не дае свободы дзеяння таленавітым, ініцыятыўным людзям, пабудавана «эканоміка таннай працы», выраслі нефармальныя мафіёзныя структуры, дзе прадстаўлены пласты кіруючай вярхушкі і крымінал, вольна сябе адчувае карупцыя. Правіцелі валюнтарысцкімі метадамі стварылі сабе, родзічам і сябрам, сваім прыслужнікам па адміністратыўнай вертыкалі, дэпутатам, сілавікам, лаяльным бізнесоўцам раскошнае жыццё, а большасць насельніцтва загналі ў стан цяжкага выжывання.

Практыка апошніх гадоў паказвае, што дабрабыт звычайных людзей паляпшацца больш не будзе, застанецца прыкладна на адным узроўні. У Расіі сярэднюю зарплату падагналі да залежнасці ад кошту нафты, а ў Беларусі для простага народа спрацоўвае знакаміты «астаткавы прынцып». Тое, што ад бюджэту і розных замежных пазык застаецца пасля пражорлівай «эліты», дзеліцца спосабам ураўнілаўкі.

Акрамя таго, двум народам нанесены вялікі ўрон у духоўным і маральным плане. Беларусы не займаюцца нацыянальным адраджэннем, грамадзянскім яднаннем, застаюцца ў стане манкуртаў, а расіяне па закліку ўлады кінуліся ў псеўдапатрыятызм, мілітарызм і імперскі рэваншызм, праводзячы агрэсіўныя дзеянні.

Усё, што рабілі расійскі сюзерэн і беларускі васал, не проста кане ў Лету, але і будзе асуджана. Удзячна ўспомніць іх хіба толькі малаадукаваны люд, бо лічыць, што стаў жыць крыху лепш не дзякуючы агульнаму прагрэсу, а правіцелям, ды яшчэ мясцовыя і замежныя злодзеі, якія за кошт двух народаў абагачаліся.

Сяргей Законнікаў, Свободные новости плюс

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: