25 красавіка падчас ток-шоў «У абстаноўцы міру» на тэлеканале СТВ дэпутат і гісторык Ігар Марзалюк заявіў, што «ва ўсёй Беларусі ў часы рэпрэсій было расстраляна ня больш за 30 тысяч, а ў Менску — 7,5 тысяч чалавек».

Адкуль маглі зьявіцца гэтыя лічбы? На якія дакумэнты і крыніцы абапіраецца Ігар Марзалюк? Свабода зьвярнулася па камэнтар да Ігара Кузьняцова, кандыдата гістарычных навук, які абараніў дысэртацыю на тэму «Масавыя рэпрэсіі ў 1930-я гады і рэабілітацыя ахвяраў тэрору» у Томскам дзяржаўным унівэрсытэце, і некалькі дзесяцігодзьдзяў займаецца вывучэньнем гісторыі палітычных рэпрэсій у Беларусі.

— Спэкуляцыя ідзе вакол лічбы, якую ўпершыню ўвёў беларускі гісторык Уладзімер Адамушка (былы намесьнік старшыні Дзяржаўнага камітэту па архівах і справаводзтву РБ — РС) у кнізе «Палітычныя рэпрэсіі 1920-1950 гадоў у Беларусі». Гэта выданьне 1994 году. На той момант было прааналізавана 7 тысяч картачак, і Адамушка даваў дадзеныя рэпрэсаваных па нацыянальнасьці і іншых паказьніках. Тады Адамушка напісаў, што у агульнай колькасьці ў гады рэпрэсій пацярпела, па ягоным падлікам, (афіцыйна ніякія дадзеныя не абагульняліся) 250 тысяч чалавек па лініі судовых, несудовых органаў, 350 тысяч чалавек па адміністрацыйным (ссылка, высылка). І ён назваў лічбу, што было расстраляна больш за 28 тысяч чалавек. Зьвярніце ўвагу. Не 28 тысяч, не 27 тысяч, а больш за 28 тысяч. 100 тысяч — гэта таксама больш за 28 тысяч. Гэта быў пачатковы пэрыяд, калі ішла актыўная рэабілітацыя рэпрэсаваных. У 1989 годзе быў адпаведны ўказ. І ў Беларусі гэтая рэабілітацыя толькі набірала пік. Лічба «замерла» на пачатковым вывучэньні і складаньні картачак уліку, якія былі потым уведзеныя ў электронную базу.

Гэтая лічба не адпавядае рэальнасьці, таму што яна нават не ахоплівае ўвесь масіў тых, хто быў рэабілітаваны, таму можна сьмела да гэтых, умоўна кажучы, 30 тысяч дадаць, як мінімум, 15 тысяч. Я магу гэта даказаць па той жа базе. Мінімальная лічба, якая называецца афіцыйным дасьледчыкам з улікам гэтых карэктыровак будзе ня менш за 45 тысяч.

— А адкуль узялася лічба 7.5 тысяч расстраляных у Менску?

— Тагачасны генэральны пракурор Алег Бажэлка падчас чарговага сьледзтва па Курапатах назваў гэтую лічба, сказаўшы, што гэта па іх дадзеныя. Ніхто не пацьвярджаў гэтыя дадзеныя па Курапатам. Іх не пацьвярджае нават тая лічба, якая называецца па выніках сьледзтва 1988 году, калі Зянон Пазьняк, Алег Іоў і Мікола Крывальцэвіч у раскопках удзельнічалі. Іоў нядаўна яшчэ раз пацьвердзіў, што па ягоных падліках з улікам мясцовасьці каля 30 тысяч чалавек было расстраляна ў Курапатах. А тут называецца лічба ўсіх расстрэлаў па Беларусі — нібыта 30 тысяч. А лічба 7.5 тысяч ніякімі крыніцамі не пацьверджаная.

​— З чым вы зьвязваеце гэтую заяву афіцыйнага гісторыка?

— У мяне ўражаньне, што паступіла ўстаноўка зафіксаваць лічбу па Курапатам у межах 7 тысяч. Прайшло з 1994 году чвэрць стагодзьдзя, колькі было рэабілітавана, колькі дакумэнтаў зьявілася, колькі лёсаў было ўсталявана, і гэта не было ўлічана. Марзалюк агучвае інфармацыю Адамушкі. Ён жа доктар навук, член-карэспандэнт Акадэміі Навук. Як жа можна агучваць лічбы 1994 году праз 25 гадоў? Я кажу як чалавек, які 30 гадоў займаецца гэтымі праблемамі. Гэта амаральна.

Цалкам інтэрвію з Ігарам Кузьняцовым пра рэальныя маштабы рэпрэсій у Беларусі і мэтодыкі падліку чытайце неўзабаве на сайце Свабоды.

Як піша «Наша ніва» у ток-шоў «У абстаноўцы міра» Ігар Марзалюк таксама назваў дзеяньні пэўных людзей у Курапатах «правакацыяй» і казаў, што так можа пачацца грамадзянская вайна. «Ёсьць рэчы, на якіх нельга спэкуляваць. Сапраўды, гэта месца палітычных рэпрэсій 1937 — 1940 гадоў. Але д’ябал у дэталях», — кажа Марзалюк. Ён абураўся дзеяньнямі Зьмітра Дашкевіча, які самавольна ўсталёўваў крыжы ў ахоўнай зоне. «Хто асьвячаў тыя крыжы?» — казаў Марзалюк. Гісторык сказаў, што самі пахаваньні знаходзяцца на ўзгорку так званай Галгофы, а таксама яе схілах, а на месцах, дзе былі крыжы, якія зьнесьлі, іх няма.

«Крыжы на месцах пахаваньняў ніхто не чапаў і чапаць ня будзе. Улады самі іх узновяць, калі будзе патрэба», — тлумачыў дэпутат. Ён распавёў, што грыф «сакрэтна» з расьсьледаваньня КДБ па Курапатах, якое праводзілася ў 1998 годзе, ужо зьняты. І анансаваў, што бліжэйшым часам дакумэнты будуць надрукаваныя.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект:

Загрузка...