Даследчы цэнтар EAST прэзентаваў вынікі даследавання «Інфармацыйная бясьпека Беларусі: наколькі сурʼёзныя праблемы і што з гэтым рабіць?». Прэзентацыя даследавання адбылася 14 снежня ў Прэс-клубе ў Мінску.

Фота ©Shutterstock

 

Даследчыкі Вераніка Лапуцька і Аляксандр Папко (кіраўнік праекта Андрэй Елісееў) прааналізавалі сітуацыю з медыямі ў Беларусі, ацанілі даступнасць крыніцаў дэзынфармацыі і яе небяспеку для Беларусі ды падрыхтавалі рэкамендацыі, як умацаваць інфармацыйную бяспеку краіны.

1. Інфармацыйную прастору Беларусі кантралюе Масква

Паводле высноў аўтараў даследавання, у Беларусі расійскае тэлебачанне і радыё дамінуюць над беларускімі электроннымі медыямі. Таму можна казаць, што карціну свету, якую бачыць і чуе звычайны беларус, збольшага фармуе не Мінск, а Масква. Гэта адбываецца таму, што «ў Беларусі няма сапраўды незалежных недзяржаўных тэлеканалаў і радыёстанцый, якія вяшчаюць з беларускай тэрыторыі, а дзяржаўныя тэле- і радыёканалы транслююць у асноўным навіны і забаўляльныя перадачы, зробленыя ў Расіі», мяркуюць даследчыкі.

Паводле аўтараў даследавання, дамінаванне расійскіх медый прызнаюць як незалежныя каментатары, гэтак і афіцыйныя асобы. У даследаванні прыведзенае меркаванне былога намесніка кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ігара Бузоўскага, які ў 2016 годзе казаў, што доля расійскага кантэнту на радыё і тэлебачанні Беларусі дасягае 65%.

Даследчыкі таксама цытуюць палітычнага аглядальніка Радыё Свабода Валера Карбалевіча: «Мяркую, нават Аляксандр Лукашэнка занепакоены гэтым фактам, паколькі ён разумее, што не кантралюе інфармацыйную прастору ў сваёй уласнай краіне».

2. Незбалансаванасць інфармацыйнага ўплыву з боку Расіі іншымі крыніцамі

Адзначаецца, што з 2014 году беларускія ўлады спрабуюць абмежаваць інфармацыйны ўплыў Расіі на беларускіх тэлеканалах, якія даследчыкі называюць «гібрыднымі». Гэта «ОРТ», «НТВ-Беларусь», «РТР-Беларусь» і «СТВ», на якіх наўпрост транслююцца навінавыя і палітычныя праграмы, вырабленыя ў Расіі. У якасці прыкладу спробы абмежаваць уплыў расійскай палітычнай прапаганды прыводзіцца тое, што на канале «РТР-Беларусь» перавялі з прайм-тайм на начны час перадачу «Нядзельны вечар з Уладзімірам Салаўёвым». Яшчэ адзін прыклад — гэтак жа зрабілі з перадачай «Час пакажа» на ОНТ.

Але хіба гэтага дастаткова?

Паводле даследчыкаў, да 90% каналаў у пакетах, якія прапаноўваюць правайдары ў кабельных сетках, — расійскія. Ахоп беларускай аўдыторыі «гібрыднымі» каналамі і непасрэдна расійскімі тэлеканаламі праз кабельныя сеткі застаецца вялікім — да 43% аўдыторыі, адзначаюць даследчыкі.

Даследчыкі прапануюць найперш адкрыць доступ на інфармацыйны рынак Беларусі тэлеканалам і радыё з суседніх краін — Украіны, Польшчы, Літвы і Латвіі.

3. Расце ўплыў замежнага кантэнту праз інтэрнэт

У Беларусі ўжо звыш 5 мільёнаў карыстальнікаў інтэрнэту. Доля карыстальнікаў ужо большая, чым у Венгрыі, Украіне, Славаччыне, Сербіі, Харватыі, Латвіі. У адпаведнасці з апытаннем, на якое спасылаюцца даследчыкі, найбольшай папулярнасцю сярод інфармацыйных вэб-рэсурсаў карыстаюцца беларускія прыватныя рэсурсы TUT.by і Onliner.by, але адразу за імі ідуць расійскія рэсурсы News.mail.ru і News.yandex.by (праўда, даследчыкі прызнаюць, што паводле іншых апытанняў на трэцім месцы павінен стаяць Charter97.org). Трэці паводле папулярнасці расійскі рэсурс — Lenta.ru. Расійскія рэсурсы карыстаюцца навінамі не толькі з беларускіх, але і з расійскіх медый, прычым Lenta.ru, паводле даследчыкаў, «асвятляе падзеі на Захадзе і ў расійскім „блізкім замежжы“ з пракрамлёўскіх пазіцый». Аўдыторыю рэсурсу Lenta.ru, паводле аўтараў справаздачы, нельга недаацэньваць: толькі ў кастрычніку 2017 года на яе заходзілі 5 мільёнаў разоў з IP-адрасоў у Беларусі — гэта большая аўдыторыя, чым у сайта газеты «Наша Ніва».

Яшчэ адным расійскім сайтам, які набірае папулярнасць сярод беларусаў, даследчыкі называюць Sputnik.by. Паводле крыніц, гэтаму сайту некаторыя беларускія чыноўнікі аказваюць інфармацыйныя прэферэнцыі.

«У мяне складаецца ўражанне, што некаторыя дзяржаўныя чыноўнікі даюць „Спутніку“ больш эксклюзіўную інфармацыю, чым любому з медый Беларусі», — кажа крыніца.

Даследчыкі прапануюць больш дапамагаць найперш айчынным інтэрнэт-рэсурсам.

4. Лідэрства ў сацыяльных сетках таксама за Расіяй

Каля 2,8 мільёна беларусаў заходзяць праз інтэрнэт у сацыяльныя сеткі хоць раз на дзень. У канцы 2015 года найбольш папулярнымі былі расійскія рэсурсы «Вконтакте» (vk.com) и «Одноклассники» (ok.ru). Іх аўдыторыя складала 32,3% і 30,3% дарослага насельніцтва краіны. Аўдыторыя «Фэйсбука» (Facebook) у Беларусі была ў два разы меншая (14,9%).

Паводле аўтараў даследавання, праз пэўныя групы ў сацыяльных сетках — прыкладам, «Славянскі віртуальны клкб», «Гэтую краіну не перамагчы», — усё актыўней распаўсюджваюцца дэзынфармацыя і пракрамлёўскія каштоўнасці.

Даследчыкі таксама адзначаюць вялікую актыўнасць гэтак званых «крамлёўскіх троляў» на дыскусійных пляцоўках.

5. Неабароненасьць беларускай аўдыторыі перад дэзынфармацыяй і маніпуляцыямі

«Вынікае, што беларускія ўлады не нацэленыя на навучанне грамадзян распазнаваць маніпуляцыі ў медыях. Паказальна, што самі дзяржаўныя медыі перыядычна ўдзельнічаюць у распаўсюдзе дэзынфармацыі», — робяць выснову даследчыкі Вераніка Лапуцька і Аляксандр Папко.

Сярод іх парадаў у гэтай галіне — арганізацыя курсаў інфармацыйнай бяспекі для школьнікаў, іншых групаў насельніцтва, і асобна — для дзяржаўных чыноўнікаў.

6. Дзяржаўныя медыі не трымаюцца прынцыпу праўдзівасці інфармацыі

Даследчыкі мяркуюць, што перад супрацоўнікамі дзяржаўных медый не ставяць такіх задач, а шмат хто з іх і не валодае прафесійнымі навыкамі праверкі фактаў. У якасці прыкладу прыводзіцца тое, як дзяржаўныя медыі асвятлялі затрыманні актывістаў «Белага легіёну» ў сакавіку 2017 года.

«Адзін з матэрыялаў БелТА называўся „У Беларусі затрымалі баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй“, а газета „СБ — Беларусь сегодня“ пісала, што „следства вызначае факты па стварэнні глыбока заканспіраванай арганізацыі з дакладнай іерархіяй, жорсткай дысцыплінай, абʼяднанай ідэалогіяй, узбраеннем“. У рэальнасці следства не знайшло гэтаму доказаў, і справа была спыненая, але абвяржэнняў у дзяржаўных медыях не было», — адзначаюць даследчыкі.

Даследчыкі канстатуюць, што праверкай дэзынфармацыі, якая трапляе ў медыяпрастору Беларусі, займаюцца ў асноўным журналісты незалежных медый, але і ім часта не хапае навыкаў.

7. Дамінаванне расійскай мовы

Паводле Аляксандра Папко, сярод крыніц інфармацыйнай небяспекі ў Беларусі можна назваць і дамінаванне расійскай мовы.

«У Беларусі фактычна адсутнічае такі фільтр на шляху інфармацыі, як родная мова. Праблема ў тым, што большасць беларусаў у 2015 годзе казалі, што і далей хацелі б атрымліваць інфармацыю на расійскай мове. Гэтага хочуць 65 карыстальнікаў друкаваных медый і 57% карыстальнікаў інтэрнэту», — мяркуе аўтар.

Даследчыкі адзначаюць як станоўчую з’яву дзейнасць тэлеканалу «Беларусь-3», які вяшчае выключна па-беларуску. Але, на іхні погляд, шэраг перадач на беларускай мове павінен быць больш разнастайны.

«У яго павінны ўваходзіць як навіны, так і спартовыя праграмы, праграмы пра моду, здароўе ды іншыя. Таксама на беларускую мову неабходна дубляваць папулярныя замежныя фільмы», — раяць даследчыкі.

* * *

Кіраўнік праекта Андрэй Елісееў паведаміў напярэдадні прэзентацыі, што праект фінансаваўся ўрадам Нідэрландаў. East Center супольна з іншымі даследчыкамі праводзіць аналагічнае даследаванне сітуацыі з інфармацыйнай бяспекай у 14 краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама ў Грузіі.

Радыё Свабода

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: