Развіццё лічбавых тэхналогій і звязаныя з гэтым негатыўныя з’явы патрабуюць ад журналістаў большай ўвагі, ведаў і разважлівасці. Канешне, у тым выпадку, калі яны хочуць ствараць вартасны кантэнт: апошнім часам сярод супрацоўнікаў медыяў з’явілася нямала і тых, хто спрыяе пагаршэнню якасці анлайн-інфармацыі.

Ілюстрацыя з сайта hochyvseznat.ru

 

Што такое негатыўныя з’явы? Да іх у гэтым кантэксце можна аднесці геаметрычны рост інфармацыі з адначасовым падзеннем яе якасці; хуткасць, празмернае спрашчэнне і бяздумнасць пры публікацыі навін. Таксама да іх адносяць нарастанне свядомай або несвядомай дэзінфармацыі і маніпуляцыі і развіццё так званых “інфармацыйных бурбалак”, у якіх з дапамогай адмысловых алгарытмаў у камерцыйных мэтах “зачыняюць” Інтэрнэт-карыстальнікаў – і г.д.

Калі ў Інтэрнэце столькі падазронай інфармацыі, то як яе правяраць? Перш за ўсё, трэба адкласці ў бок эмоцыі. Гэта праблематычна для шматлікіх карыстальнікаў і “творцаў” у анлайн-прасторы, і ў тым ліку – журналістаў. Бясспрэчна, нельга недаацэньваць значнасць разумнага апелявання да эмоцый і выкарыстання іх у журналісцкай працы. Але эмоцыі не павінны дамінаваць над розумам і прафесіяналізмам. Гэта тычыцца як напісання новых матэрыялаў, так і іх рэдагавання, а таксама паводзінаў журналістаў у сацыяльных сетках. Нават глыбокае перакананне ў тым, што “нашая справа” слушная, не павінна пазбаўляць ад крытычнага стаўлення на кожным этапе працы. Тыя, хто пра гэта забывае, лёгка робяцца ахвярамі непраўдзівай інфармацыі, асабліва калі яна супадае з іх перакананнямі. Трэба памятаць, што карыстаючыся няпраўдай у мэтах абароны сваёй пазіцыі, мы яе не ўзмацняем, а паслабляем, бо губляем давер чытачоў і гледачоў.

Ад медыяў ніхто не чакае нейтральнасці, бо дасягненне яе заўсёды было пэўнай фікцыяй. Ад самага пачатку існавання СМІ кожная рэдакцыя мела сваю павестку і сваю “лінію”. Аднак адстойванне ўласных поглядаў не выключае неабходнасці верыфікацыі інфармацыі альбо прадстаўлення ўсяго спектра пазіцый ці поглядаў. З аднаго боку, чытачоў заўсёды прыцягвае супастаўлене розных пунктаў гледжання. З другога, такое супастаўленне неабходна для праверкі інфармацыі ў Сеціве, бо часамі менавіта альтэрнатыўны пункт гледжання адлюстроўвае праўду пра пэўную сітуацыю ці здарэнне. Улічваючы як шмат зараз паўсюль інфармацыі, пры жаданні няцяжка знайсці онлайн розныя пункты гледжання. Нават калі ў вас няма часу каб асабіста ўзяць каментары ва ўсіх бакоў, іх пазіцыі можна знайсці ў Шнтэрнэце і зацытаваць у артыкуле.

У працы журналіста ці публіцыста здараюцца выпадкі, у якіх справа, якую яны апісваюць, такая ясная і відавочная, што не патрабуе дадатковых высілкаў і нюансаў. Але такое бывае адносна рэдка. Штодзённая ж праца патрабуе пастаяннага дбання пра тое, каб найважнейшыя навіны і выказванні падаваліся цікава і ў той жа час – праўдзіва.

Спраўджваць інфармацыю можна па-рознаму. У Інтэрнэце амаль заўсёды можна знайсці крыніцу пэўнай інфармацыі і праверыць, ці можна ёй давяраць. Пры гэтым трэба памятаць, што нават традыцыйныя вядомыя медыі часам могуць распаўсюджваць непраўдзівую інфармацыю. Таму найлепей знайсці некалькі вартых даверу крыніц, а яшчэ лепей – каб гэтыя крыніцы прадстаўлялі розныя бакі або погляды.

Асаблівую асцярожнасць трэба захоўваць пры спраўджванні інфармацыі, якая гучыць сенсацыйна. Аўтары прапагандысцкіх тэкстаў ведаюць, што і аўдыторыя, і журналісты шукаюць “гарачых навін”, і свядома выкарыстоўваюць гэта. Таму перад тым, як перапосціць нейкую сенсацыю, трэба пачакаць некалькі хвілін і паспрабаваць яе зверыфікаваць. Такім чынам мы можам пазбегнуць магчымай кампраметацыі.

Супрацоўнікам медыяў таксама варта добра разбірацца ў такіх з’явах як постпраўда, “фэйкавыя” (фальшывыя) навіны, маніпуляцыя і дэзінфармацыя. На гэтую тэму ў розных краінах выходзіць усё болей даследванняў і публікацый, вядзецца цікавая дыскусія. Хаця навука пра гэтыя з’явы яшчэ толькі пачынае развівацца, даследчыкам удалося ўжо шмат што высвятліць і высунуць цікавыя пытанні і гіпотэзы. У Сеціве на гэтую тэму можна знайсці шмат артыкулаў на розных мовах, ад публіцыстычных да папулярна-навуковых або навуковых, а таксама даклады публічных нацыаянальны і еўрапейскіх інстытутаў. Апроч таго, пагрозы, якія ўзнікаюць па меры развіцця Інтэрнэту, апісваюцца ў дакументальных і нават мастацкіх фільмах, а таксама серыялах. Маючы тэарэтычныя веды пра гэтыя з’явы і пра тое, як яны развіваюцца, лягчэй знаходзіць іх і рэагаваць.

Парадокс Інтэрнэта заключаецца ў тым, што з аднаго боку, у ім лёгка стаць ахвярай дэзінфармацыі ці прапаганды, але з іншага, ён дае болей магчымасцяў зверыфікаваць праўдзівасць пэўнай інфармацыі. Як ужо адзначалася вышэй, гэта не займае шмат часу. На жаль, журналісты ўсё часцей забываюць пра такую магчымасць у пагоні за сенсацыямі.

З іншага боку, трэба быць асцярожным і не давяраць інфармацыі, асабліва той, якую можна ўбачыць на выявах. Выпустошванне і скарачэнне кантэнту ў нашыя часы зайшло так далёка, што сродкам масавай інфармацыі для вялікай колькасці людзей можа стаць мем або кароткі відэакліп або лаканічны пост ў сацыяльных сетках. Мэтай такіх паведамленяў з’яўляецца прыцягненне ўвагі, бо хоць інфармацыі і робіцца ўсё болей, наш мозг не эвалюцыянаваў настолькі, каб пераварыць болей за 10-20 адзінак інфармацыі ў дзень.

Часам такія графічныя кароткія паведамленні сапраўды дазваляюць эфектыўна перадаць важнае паведамленне. Але часцей яны перавіраюць або скажаюць рэчаіснасць. Таму трэба вельмі асцярожна ставіцца да так званых “вірусных” відэа або фота, якія прэтэнуюць на статус інфармацыі ці цікавага канэнта на мяжы інфармацыі і забавы (так званым infotainment). Такі кантэнт лёгка праверыць з дапамогай адмысловых праграм ці функцый на вядомых парталах – напрыклад, так можна даведацца, адкуль быў узяты пэўны здымак. Часта “сенсацыйны” кантэнт ілюструюць здымкамі, якія датычацца абсалютна іншай тэмы ці здарэння.

Зараз прынята лічыць, што галоўнай крыніцай так званых “фэйкавых” навінаў з’яўляецца расійская дзяржава і ў той ці іншай ступені звязаныя з ёй рэдакцыі, профілі ў сацсетках і г.д. У гэтым ёсць вяліка доля праўды, аднак існуе і шмат іншых арганізацый і людзей, якія карыстаюцца арсеналам “прапагандысцкай вайны” – свядома ці несвядома (напрыклад, калі кіруюцца перш за ўсё эмоцыямі). Гэта тычыцца як палітыкаў, у тым ліку на Захадзе, так і прадстаўнікоў навуковага (або псеўданавуковага) свету, а таксама бізнэсу. Гэтыя працэсы толькі паглыбляюцца, а таму журналісты, якія хочуць рабіць вартыя даверу і цікавыя медыі, павінныя быць усё болей чуйнымі. Гэта магчыма, але патрабуе не губляць свой прафесійны “нюх” амаль што круглыя суткі.

Асобная праблема заключаецца ў тым, што часта рассаднікам дэзінфармацыі і маніпуляцый з’яўляюцца запісы ў сацыяльных сетках або каментары пад артыкуламі. Вядома пра шмат прыкладаў стварэння “ферм троляў” і ботаў (аўтаматызаваных фальшывых профіляў), скіраваных на стварэнне памылковага пераканання пра тое, што насамрэч з’яўляецца дамінуючым трэндам у грамадскай думцы, або распаўсюджваючых непраўдзівую ці зманіпуляваную інфармацыю. У гэтым выпадку мы сутыкаемся з праблемай скрайняга злоўжывання дэмакратычнага права свабоды слова і выказвання. Змагацца з гэтай праблемай цяжка, бо можна лёгка праслыць “цэнзарам” ці “знішчальнікам свабоды слова”. Але я лічу, што з двух зол трэба выбіраць усё-ткі разумную мадэрацыю каментароў пад артыкуламі і сачэнне за падазронымі акаўнтамі.

Такім чынам: калі мы ствараем свой інтэрнэт-партал, то ў кароткачасовай перспектыве (альбо пры наяўнасці дрэнных намераў) публікацыя сенсацыйных неправераных матэрыялаў можа прынесці карысць. Але толькі ў кароткачасовай перспектыве, бо ў пэўным сэнсе гэта азначае стварэнне ў медыйнай прасторы эканомікі, заснаванай на вынішчэнні рэсурсаў. У доўгачасовай перспектыве лепей быць якасным і вартым даверу.

Марцін Герман, для Беларускай праўды

Даведка. Марцін Герман – рэдактар парталу Kresy24.pl, журналіст, публіцыст, супрацоўнічаў, у прыватнасці, з Польскім агенцтвам друку, Gazeta Polska, Rzeczpospolita, Dziennik Bałtycki і Gazeta Bankowa

Creative Commons License
This work is licensed under a Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 International License.

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: