У 2016 годзе ў Беларусі знілілася нараджальнасць: нарадзілася 117 779 дзяцей, на 1249 менш, чым у 2015 годзе. А дагэтуль пяць гадоў мы назіралі рост нараджальнасці. Упала нараджальнасць першага і другога дзіцяці, а павялічылася трэцяга, чацвёртага і пятага.

Анастасія Баброва. Фота Еўрарадыё

 

Аналізуе лічбы і тлумачыць асаблівасці дэмаграфічанай сітуацыі ў Беларусі загадчыца сектара сацыяльна-дэмаграфічнай палітыкі Інстытута эканомікі НАН Анастасія Баброва.

Еўрарадыё: У 2015 годзе ў Беларусі пабраліся шлюбам 82 тысяч пар, а праз год, ― усяго 64 тысячы. Чым можна растлумачыць такі скачок уніз? Як гэта адаб’ецца на нараджальнасці?

Анастасія Баброва: Гэта заканамерна, бо скарацілася колькасць насельніцтва ва ўзросце 20-29 гадоў. У 90-я была яма ў нараджальнасці. Адпаведна, людзей гэтага ўзросту ў параўнанні з 2011-м годам стала на 200 тысяч менш. Натуральна, гэта адбілася і на колькасці шлюбаў. Таму казаць, што ў шлюбнай структуры адбылася нейкая дзікая трансфармацыя, нельга, бо колькасць разводаў павялічылася нязначна.

Гэтак жа і з нараджальнасцю. Натуральна, што яна будзе падаць. Бо 25-27-гадовых жанчын, якія ўступаюць у шлюб і нараджаюць дзяцей у гэтым узросце, становіцца менш. Гэта звязана не столькі з сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй, хаця гэта таксама нельга адмаўляць, колькі са зменамі ў структуры насельніцтва. Гэта будзе працягвацца, пакуль сучасныя меры дэмаграфічнай палітыкі не дасягнуць усплёску.

Еўрарадыё: Колькі трэба чакаць?

Анастасія Баброва: Гадоў пятнаццаць. Зноў жа, трэба ўлічваць і ўплыў еўрапейскіх тэндэнцый, і агульны глабальны дэмаграфічны пераход ― павелічэнне ўзросту ўступлення ў першы шлюб і нараджэння першага дзіцяці. Гэта ўжо заўважна па жанчынах ад 30 да 40 гадоў. Мы кажам, што ўвялі сямейны капітал. Ёсць пэўны эфект ад гэтага, калі казаць пра другое, трэцяе і чацвёртае дзіця. Але ж жанчыны пачынаюць нараджаць і першае дзіця ў гэтым узросце, што кажа пра больш усвядомлены падыход да нараджэння дзіцяці.

Нельга сказаць, што дэмаграфічная сітуацыя кепская. З іншага боку, ці добра будзе, калі ў нас пачнуць масава нараджаць 15-гадовыя? Так, мы павялічым колькасць нараджэнняў, не факт, што павялічым колькасць шлюбаў, якія будуць звязаныя з гэтымі нараджэннямі. І ці будзе гэта добра? Хто будзе клапаціцца пра гэтых дзяцей дзяцей?

Еўрарадыё: Летасць 77 жанчын нарадзілі ва ўзросце ад 45 да 49 жанчын. Пры чым, дзесяць з іх ― першынцаў. Гэта сведчыць пра змены ў свядомасці, ці давер да медыцыны?

Чытайце па тэме:  "Никакой отмены декрета №3 быть не может". Декрет о тунеядстве возвращается в новой редакции

Анастасія Баброва: Па-першае, медыцына цяпер на іншым узроўні, часам падаецца, што апека цяжарных, можа, нават і занадта празмерная. Па-другое, змяняецца менталітэт ― ужо не так страшна. Па-трэцяе, жанчыны, якія, магчыма, увогуле не хацелі нараджаць, вырашылі, што ўсе этапы жыцця пройдзеныя (вучоба, кар’ера і г.д.), і вырашылі паспрабаваць. Тым больш цяпер ёсць рэпрадуктыўная медыцына. Таму калі 50 гадоў таму жанчына пра цяжарнасць у такім узросце не магла нават падумаць, цяпер можа сабе гэта дазволіць. На такіх жанчын ёсць надзея. Але, натуральна, масавы прыток народжаных мы не атрымаем. Іншая справа, калі ў 30-35 пачнуць нараджаць першых, а ў сорак гэта будуць другія і трэція дзеці.

З’яўленне яслей паспрыяла б нараджальнасці, бо мамы сталі б больш актыўнымі

Еўрарадыё: У 2016 годзе ўпала нараджальнасць першага і другога дзіцяці, а павялічылася трэцяга, чацвёртага і пятага. Гэта ўплыў дзяржаўных праграм па падтрымцы шматдзетных сем’яў?

Анастасія Баброва: Да таго ж скараціўся інтэрвал паміж нараджэннем другога і трэцяга дзіцяці, што сапраўды прастымулявалі дзяржаўныя праграмы. Але мы гаворым пра 2015-2016 гады, а ў 2015 годзе была вельмі добрая сацыяльна-эканамічная сітуацыя. Пакуль складана прагназаваць, што будзе сёлета. Падтрымка дзяржавы вялікая, падаецца, у плане сацыяльнай дапамогі нешта лепшае прыдумаць складана. Тут важна не пераступіць мяжу, калі мы павялічым падтрымку, і нараджэнне дзіцяці будзе асацыявацца з заробкам.

Жанчынам някепска было б увесці гнуткую занятасць: яны нараджаюць, але ведаюць, што праз паўтара года можна спакойна сумяшчаць адпачынак па доглядзе дзіцяці і працу. Для гэтага нам патрэбныя яслі, чаго пакуль катастрафічна не хочуць рабіць. А з’яўленне яслей, магчыма, таксама б паспрыяла нараджальнасці, бо мамы сталі б больш актыўнымі, і павелічэнне дапамогі на дзіця не ўсіх задавальняе ― ім выгадней і прасцей выйсці на працу. Павелічэнне дапамогі на 10 рублёў ― не стымул.

Калі мы проста павялічым дапамогу, атрымаем нейкі прырост народжаных. Але гэта, хутчэй, адаб’ецца на сельскай мясцовасці і той частцы насельніцтва, для якой 200-300 рублёў дапамогі гэта вялікія грошы. Стымуляваць трэба і тых, хто зарабляе больш за сярэдні заробак.

Трэба стымуляваць нараджэнне першага дзіцяці. А што ў нас для гэтага робіцца? Нічога!

Еўрарадыё: Чаму ў Беларусі падае колькасць тых, хто рашаецца нарадзіць першае дзіця? У 2016 годзе нарадзілася на 2394 меньш першых дзяцей!

Анастасія Баброва: Натуральна, што каб нарадзілася другое і трэцяе, трэба нарадзіць першае дзіця. З аднаго боку, у нас мала жанчын, і яны пачалі пазней нараджаць. З другога боку, меры дэмаграфічнай палітыкі ў Беларусі, як ні дзіўна, нацэленыя на наступных дзяцей. Калі рашыць пытанне наконт першых дзяцей, то можна вырашыць і саму дэмаграфічную праблему! Трэба стымуляваць нараджэнне першага дзіцяці. А што ў нас для гэтага робіцца? Нічога! Так, у нас ёсць мацярынскі капітал для трэцяе дзіця, так, у нас ёсць ільготы для шматдзетных сем’яў. А для таго, каб жанчына нарадзіла першае дзіця ― ніякіх крокаў.

Чытайце па тэме:  І вайны няма, а краіна вымірае

Еўрарадыё: Колькасць жанчын, якія нараджаюць па-за шлюбам, скарачаецца, як і колькасць шлюбаў. А нараджальнасць расце. Як такое можа быць?

Анастасія Баброва: Так склалася статыстыка, але гаворка ідзе пра розныя ўзроставыя групы. Бо трэба глядзець ― першы гэта ці паўторны шлюб, хто гэтыя людзі. Напрыклад, узрост уступлення ў першы шлюб практычна не змяняецца апошнія некалькі гадоў ― гэта 27 гадоў. А ўзрост, у якім уступаюць у паўторны шлюб вырас на год: жанчыны ― у 38 гадоў, мужчыны ― у 41. Зноў жа, колькасць тых, хто ўпершыню ўзяў шлюб ― 75%. Гэта добра. Мы не можам сказаць, што сямейная традыцыя беларусаў неяк парушылася. Іншая справа, што пачала павялічвацца колькасць разводаў сярод тых, хто жыве ў шлюбе ад двух да чатырох гадоў. Наступны перыяд, у які павялічваецца колькасць разводаў ― праз 10-14 гадоў шлюбу. У абодвух выпадках зноў ідзе паўторны шлюб і дзіця ў ім.

На дэмаграфічную сітуацыю аборты не ўплываюць

Еўрарадыё: Ці пагаршаюць аборты цяперашнюю дэмаграфічную сітуацыю ў краіне?

Анастасія Баброва: Я катэгарычна супраць забароны абортаў, бо гэта ўсё адно будуць рабіць. Але ў жудасных умовах, што прывядзе да мацярынскай смяротнасці і невядома якіх наступстваў для нараджальнасці. На дэмаграфічную сітуацыю аборты не ўплываюць. Згодна з апытаннямі, моладзь цяпер ставіць на першае месца сям’ю. То бок, ёсць надзея на тое, што калі для моладзі сям’я будзе каштоўнасцю, гэта адаб’ецца на нараджальнасці.

Еўрарадыё: Самая высокая нараджальнасць на тысячу чалавек ужо каторы год фіксуецца ў Брагіне…

Анастасія Баброва: Я не магу сказаць, чаму менавіта там. Ёсць рэгіёны, дзе адчувальны ўплыў той ці іншай рэлігійнай канфесіі. Людзі свядома нараджаюць па пяцёра дзяцей. Магчыма, грае ролю ўзроставая структура жанчын, магчыма, наяўнасць працы ― напрыклад, тут знайшлі працу і пераехалі з іншых рэгіёнаў. Але нейкай асаблівай палітыкі, накіраванай на нараджальнасць, у Брагіне не вядзецца.

Чытайце па тэме:  Вся Беларусь вымирает, пока Минск процветает

Віцебскі рэгіён лідзіруе па смяротнасці. Там і з працоўнымі месцамі праблема і развітае п’янства

Еўрарадыё: А, напрыклад, у Дамачава Брэсцкай вобласці ў 2016 годзе найбольшая смяротнасць…

Анастасія Баброва: На смяротнасць могуць уплываць як унутраныя прычыны, звязаныя, да прыкладу, з траўмамі на прадпрыемствах, так і знешнія ― адсутнасць працоўных месцаў. Віцебскі рэгіён пастаянна лідзіруе па смяротнасці ў цэлым. Там і з працоўнымі месцамі праблема і развітае п’янства. Падавалася, у іх прыродныя умовы лепшыя, чым у іншых рэгіёнах, і шчыльнасць насельніцтва большая, але пры гэтым смяротнасць высокая.

Еўрарадыё: Пры гэтым мужчынская смяротнасць у 2016 годзе ― самая нізкая за апошнія пяць гадоў.

Анастасія Баброва: Мужчыны працаздольнага ўзросту, мужчыны з сельскай мясцовасці цяпер ― мэтавая група, на якую робіцца акцэнт дзяржавы ў плане прафілактыкі і медыцынскіх аглядаў. Я спадзяюся, што будзе эфект і ад прасоўвання здаровага ладу жыцця. З іншага боку, па статыстыцы, здаровы лад жыцця вядуць усяго 8,5% жанчын і 7% мужчын. Гэта, вядома, вельмі мала.

Еўрарадыё: Якіх тэндэнцый у дэмаграфічнай сітуацыі Беларусі варта чакаць у бліжэйшай будучыні?

Анастасія Баброва: У нас прымаюцца меры для таго, каб смяротнасць была ніжэйшай, чым нараджальнасць. Хаця гэтага складана дабіцца, бо калі павялічваецца колькасць насельніцтва старэйшага за працаздольнае, гэта натуральным чынам павялічвае і смяротнасць. Калі змяншаецца колькасць жанчын актыўнага дзетароднага ўзросту, таксама скарачаецца нараджальнасць. Мы цяпер прыходзім менавіта да гэтага перыяду. Калі захаваем цяперашнія ўзроўні нараджальнасці і смяротнасці, гэта будзе ўжо добра. Гэта не значыць, што сітуацыя пагоршылася, яна стабільная. Але па маіх здагадках, у 2017 годзе паказчыкі пагоршацца: смяротнасць павялічыцца, нараджальнасць скароціцца. Не таму, што нешта неспрацавала ў дэмаграфічнай палітыцы ці былі праблемы ў эканоміцы, а менавіта з-за структуры насельніцтва. Мы мусім цяпер укладвацца ў нараджэнне дзяцей, каб праз 20-30 гадоў не атрымалася так, што не будзе каму працаваць. Бо ўсё адно будзе павялічвацца працягласць жыцця.

Пра што яшчэ мы даведаліся з дэмаграфічнага штогодніка?

У краіне вырасла дзіцячая смяротнасць. Прычым, дзіцячая смяротнасць вырасла ў Мінску.

У цэлым, смяротнасць упала. Пр гэтым вырасла смяротнасць ад злаякасных новаўтварэнняў (на 227 выпадкаў).

Больш смерцяў ад выпадковых атручэнняў алкаголем.

Адразу на 19% вырасла колькасць суіцыдаў.

Маша Калеснікава, Еўрарадыё


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.