Пра трагічны выпадак гібелі салдата ў Печах і дзедаўшчыну ў войску Свабода паразмаўляла з намеснікам старшыні пастаяннай камісіі ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Палаты прадстаўнікоў Сяргеем Бобрыкавым.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Бобрыкаў, архіўнае фота

 

— У Печах адбыўся чарговы выпадак самагубства салдата…

— Чаму вы сказалі «чарговы»?

— Таму што 31 сакавіка быў яшчэ адзін выпадак, калі салдат павесіўся.

— Ня ў Печах, а ў Барысаве. Тое, што пішуць у інтэрнэце, у гэтым сметніку, я яго так называю… Ёсць факты. Калі б пару чалавек прыцягнулі да судовай адказнасці за тое, што пішуць няправільна, адразу б перасталі пісаць. 31 сакавіка быў суіцыд у Барысаве, але ня ў Печах. У Печах стаіць шмат частак. У Печах не чарговая за гэты год трагедыя, а першая.

— Але ня першая за існаванне «вучэбкі» ў Печах.

— Так, здарылася гора, факт ёсць. Гэта гора, і ад яго ніхто не адварочваецца. Гэта для Ўзброеных сіл вялікая страта і праблема, што людзі сыходзяць у мірны час. Працуюць і інстытут псыхолягаў, інстытут ідэолягаў.

— Але пра жахі службы ў Пячах расказваюць даўным-даўно, і што там ёсць нестатутныя адносіны. Вы камандавалі часткамі, шмат гадоў служылі. Вы прызнаяце, што ў войску ёсць дзедаўшчына?

— Як мы назавём такі варыянт? Прыйшоў на прадпрыемства малады хлопец працаваць кіроўцам. Яму ж не дадуць адразу новы аўтамабіль, новы дадуць заслужанаму таварышу. Гэта што — дзедаўшчына называецца?

Чытайце па тэме:  «Да справы Коржыча ня ведалі, што рабіць». Родныя яшчэ аднаго салдата, што загінуў у Печах, звярнуліся ў пракуратуру

— Дык гаворка ідзе не пра гэта…

— Як не пра гэта? Мы размаўляем пра нейкую сацыяльную няроўнасць людзей. Вы біяграфію маю добра вывучалі? У 2006 — 2008 гадах Бобрыкаў — начальнік 72-га вучэбнага цэнтру ў Печах. І казкі пра Печы мне расказваць ня трэба, таму што я два гады імі камандаваў.

Калі я туды прыйшоў, таксама чуў, што там сякерамі бульбу абіраюць, траву фарбуюць, да дрэваў прывязваюць лісце. Я паглядзеў: гэта размовы, папраўдзе нічога падобнага там няма. І гэта не інтэрнэт, а тое, што я сам там бачыў.

— Можна, я вам на электронную пошту дашлю здымкі цела хлопца, які загінуў? На ім шматлікія гематомы, пабоі — хлопца жорстка збівалі. У рэдакцыі яны ёсць, з этычных прычынаў мы іх не выстаўлялі на сайт.

— Ёсць такое паняцце, як судова-мэдыцынская экспэртыза. Вы вынікі яе бачылі? І я ня бачыў. На якой падставе вы кажыце, што ёсць фатаздымкі збітага, пакалечанага? Бацькі яго таксама не спэцыялісты. Давайце фактам верыць. Калі чалавек нежывы, ёсць трупныя плямы, падобныя да сінякоў. Ёсць судмэдэкспэртыза, і там ніхто ня будзе нікога ўводзіць у зман. Пра палосы, плямы я ўсё чытаў. Будзе афіцыйнае заключэнне экспэртаў.

— Тады пра крымінал. А карыстанне банкаўскай карткай хлопца, якой сяржанты і прапаршчыкі, прозвішчы якіх вядомыя, плацілі ў клюбах, здымалі грошы на «Барысаў-Арэне», у Менску — гэта нармальна?

Чытайце па тэме:  Алесін: Цалкам знішчыць дзедаўшчыну немагчыма, але можна звесці да мінімуму

— У мяне такіх звестак няма, я да гэтых дадзеных не дапушчаны. Адкуль у вас такая інфармацыя, я ня ведаю.

Аляксандр Коржыч, архіўнае фота

 

— Але гэта нармальна, на вашу думку, што ў мірны час у беларускім войску столькі маладых людзей робіць суіцыд?

— А вы вазьміце статыстыку самагубстваў любога гораду ў такім самым узросце — паміж 18 і 25 гадамі. Там лічбы ня большыя, чым у войску.

Я лічу, што пытаннямі, пра якія мы зараз гаворым, павінны займацца адпаведныя органы, у тым ліку Следчы камітэт. А навешваць ярлыкі, казаць пра тое, што не існуе, ня трэба. Няхай разбіраюцца тыя, каму належаць, а калі хто вінаваты, будзе адказваць перад законам.

Праблемы, якія мы абмяркоўваем, не схаваеш, яны навідавоку. Праваахоўнымі органамі будзе дадзена ацэнка, і ўсе, хто вінаваты, панясуць адказнасць. Вы ня думайце, што хтосці штосці ўтойвае, хтосці маўчыць. Такой практыкі няма ва Ўзброеных сілах. Калі камандзір, начальнік своечасова вызначыў склад злачынства, прыняў захады, далажыў па камандзе — зусім іншая адказнасць. А калі гэта ўсё ўтойваецца, замоўчваецца, да такіх камандзіраў прымаюцца вельмі жорсткія захады. І ўсе заканадаўства ва Ўзброеных сілах менавіта на гэтым пабудаванае, каб такіх выпадкаў не адбывалася.

— А сам камандзір часткі палкоўнік Канстанцін Чарнецкі ў такіх выпадках асабіста разбіраецца?

Чытайце па тэме:  "За дедовщину и убийство сына осудили 10 солдат. Из руководства - никого". Трагические гибели в армии

— Ва ўсіх выпадках, пра якія мы зараз казалі, камандзір асабіста павінен разбірацца і асабіста прыняць захады, каб гэта больш не паўтаралася. Асабіста. Гэта ва ўсіх інструкцыях, статутах і законах прапісана. Асабліва ў выпадках гібелі вайскоўцаў камандзір разбіраецца асабіста.

— Парлямэнцкую камісію па нацыянальнай бяспекі не трывожыць гэты выпадак і наагул стан арміі? Дэпутат Ганна Канапацкая звяртаецца да старшыні камісіі, хоча ініцыяваць парлямэнцкія слуханні па гэтым канкрэтным выпадку. У вас у камісіі столькі генэралаў — самі ня хочаце паехаць у Печы, паглядзець, паразмаўляць з асабовым складам, разабрацца?

— Я лічу, што гэтымі пытаннямі павінна займацца Міністэрства абароны. У дзейнасць Мінабароны ўмешвацца які сэнс? А калі туды прыедуць названыя вамі дэпутаты, што яны будуць там рабіць? Там працуе Следчы камітэт. Вы прапануеце дэпутатам умешвацца ў дзеянні Следчага камітэту, прававую ацэнку даваць?

— Не, безумоўна. Проста паглядзець, што там робіцца, паразмаўляць з салдатамі, няма такога жадання?

— А што там глядзець? Там ідзе следзтва. Што — следзтву перашкаджаць? Сэнсу гэтай паездкі я не разумею. У нас была размова са старшынём камісіі. Прыйдзе спадарыня Канапацкая — адкажам на яе пытанні. Але казаць тое, чаго няма, ня трэба, ня трэба сабе піяр ствараць, танны аўтарытэт.

Ідзе следзтва. І яно адкажа на ўсе пытанні, выявіць вінаватых, вызначыць ступень віны кожнага. Калі будзе суд — вызначыць адказнасць кожнага.


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.