Гэта прадугледжвае праект закона “Аб унясенні дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы па пытаннях правядзення масавых мерапрыемстваў”, прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні.

Журналіст працуе падчас масавай акцыі 25 сакавіка 2017 года, фота Euroradio.fm

 

У аўторак на абмеркаванне гэтага дакумента ў Камісію па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ былі запрошаныя прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, у тым ліку і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Што прапануюць журналістам

Дэпутаты прапануюць дадаць у закон “Аб масавых мерапрыемствах” наступны пункт:

“Асоба, якая прысутнічае на масавым мерапрыемстве ў якасці журналіста сродку масавай iнфармацыi, абавязана мець пры сабе:

Дакумент, які сведчыць асобу, а таксама службовае пасведчанне журналіста СМІ, зарэгістраванага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, інфармацыйнага рэсурса, размешчанага ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт, з дапамогай якога ажыццяўляецца распаўсюд прадукцыi СМІ, альбо дакумент, які пацвярджае акрэдытацыю журналіста замежнага СМІ ў Рэспубліцы Беларусь.

Дадзеная асоба павінна мець ясна бачны адметны знак прадстаўніка СМІ (нарукаўная павязка, бэйдж, камізэлька і іншае)”.

БАЖ удакладняе

Эксперт ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Вольга Сяховіч заявіла падчас сустрэчы, што арганізацыя падтрымлівае прапанову аб абазначэнні журналістаў.

— Гэта, безумоўна, добра ў плане бяспекі журналістаў на акцыях. Але варта дадаць у пералік дакументаў “іншы дакумент, які пацвярджае статус журналіста”.

Гэта звязана з тым, што ў прапанаванай рэдакцыі ніяк не абароненымі застаюцца журналісты, якія супрацоўнічаюць з рэдакцыяй на падставе дамоваў падраду альбо іншых дамоваў, што не забаронена заканадаўствам. Таму, на нашу думку, такі дакумент альбо даведка рэдакцыі таксама можа пацвярджаць статус журналіста на акцыі, — гаворыць Вольга Сяховіч.

Таксама нявызначаным застаецца статус блогераў, якія часта прысутнічаюць на масавых мерапрыемствах, але менавіта з мэтай іх асвятлення. У прадстаўленай рэдакцыі атрымліваецца, што закон прыраўноўвае блогераў да удзельнікаў акцыі. Хоць фактычна гэта не так.

Яшчэ адзін момант, на які звяртае ўвагу БАЖ, гэта — прыцягненне да адказнасці людзей за заклікі ў інтэрнэце альбо ў СМІ да ўдзелу ў несанкцыянаваных акцыях.

— На наш погляд, у законе варта канкрэтызаваць, за што могуць караць аўтараў выказвання альбо журналістаў, а за што — не могуць. Да прыкладу, ці з’яўляецца заклікам, калі чалавек на старонках СМІ гаворыць пра свой намер узяць удзел у такой акцыі і ці можа ён за гэта быць пакараны? — каментуе Сяховіч.

Таксама Беларуская асацыяцыя журналістаў далучылася да іншых прапаноў прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. У прыватнасці, гэта прапанова аб павелічэнні колькасці месцаў, дзе дазволеныя масавыя акцыі і іншыя.

Акрамя Беларускай асацыяцыі журналістаў удзел у абмеркаванні зменаў заканадаўства ўзялі прадстаўнікі Беларускага Хельсінкскага Камітэта, арганізацыі “Прававая ініцыятыва”, Цэнтра прававой трансфармацыі, кампаніі “Гавары праўду”, праваабаронца Валянцін Стэфановіч і іншыя.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці бліжэйшымі днямі разам збіраюцца накіраваць у парламент свае прапановы адносна законапраекта ў пісьмовым выглядзе.

Беларуская асацыяцыя журналістаў

Навіны ад Belprauda.org у Telegram. Падпісвайцеся на наш канал https://t.me/belprauda.

Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest
Поддержать проект: