За плячыма 41-гадовага Валерыя Кавалеўскага — праца ў амбасадзе ЗША ў Беларусі, прыватны бізнэс, арышт пасля выбараў 2010 года, вучоба ў прэстыжным вашынгтонскім унівэрсітэце Джорджтаўна, які скончыў Біл Клінтан. Наперадзе — перспектывы працы ў Сусветным банку і, як галоўная мэта, вяртанне ў Беларусь.

Валерый Кавалеўскі з жонкай Марынай і сынам Янам

— Валерый, мы з вамі сустракаліся ў траўні ў Вашынгтоне ў Сусветным банку, дзе вы працуеце кансультантам у галіне навакольнага асяроддзя ў краінах Афрыкі. І вы неяк паскардзіліся, што беларуская дзяржава не надта прасоўвае, не надта лабіруе беларусаў у рамках такіх міжнародных структураў. Як вы мяркуеце, чаму? Таму што не хоча, не надае шмат увагі альбо прасоўвае, але не тых?

— Думаю, што ўсё ж недахоп палітычнай вагі Беларусі ў міжнародных адносінах адбіваецца, не дазваляе прасоўваць беларускіх кандыдатаў не толькі на кіруючыя пасады, а ўвогуле ў міжнародныя арганізацыі. Безумоўна, беларусы працуюць у міжнародных арганізацыях, але параўнальна з іншымі краінамі, нават тымі, якія маюць падобныя характарыстыкі як і Беларусь, іх усё ж адзінкі.

— Вы — прафесійны, карʼерны дыпламат. Чаму вырашылі пакінуць Беларусь? Гэта была вымушаная мера ці добра прадуманае рашэнне?

— Я пачынаў працаваць у міністэрстве знешнеэканамічных сувязяў пры міністры Марынічы. У 1998 годзе пачалася мая карʼера ў гэтай галіне, але ўжо ў снежні таго самага году міністэрства было злучана з міністэрствам замежных справаў. Такім чынам я стаў дыпламатам, пра што я, канечне, марыў. Пасля гэтага тры гады я працаваў у МЗС, у 2001 годзе пачаў працаваць у амбасадзе Беларусі ў ЗША ў пытаннях палітычнага супрацоўніцтва з ЗША. Пасля вяртання ў Беларусь у 2004 годзе пачаў працаваць у кірунку пытанняў правоў чалавека і барацьбы з гандлем людзьмі. У 2006 годзе я вырашыў сысці з дыпламатычнай службы пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка прызначыў сябе прэзідэнтам на трэці тэрмін. На мой погляд, гэта супярэчыла і дэмакратычным прынцыпам, і Канстытуцыі, прынятай у 1994 годзе. Пасля гэтага некаторы час працаваў у прыватным бізнэсе ў сферы развіцця міжнароднага бізнэсу.

Пасля выбараў 2010 году я патрапіў пад ціск уладаў, былі арышты, я быў вымушаны сысці з працы ў прыватнай кампаніі і апынуўся ў сітуацыі, калі мне было складана выбудоўваць сваё прафесійнае развіццё. Адным з выхадаў была паездка ў ЗША, каб атрымаць адукацыю. Жонка і я падалі дакументы ў амерыканскія ўніверсітэты і нас прынялі. Мы зрабілі гэта крок, каб не застойвацца і не губляць час у Беларусі ў плане прафесійнага развіцця. Можна сказаць, што гэта было вымушанае рашэнне. Мы не хацелі гэтага, мы да гэтага не імкнуліся. Мы бы хутчэй заставаліся ў Беларусі і працавалі, калі б была такая магчымасць. Калі мы прыехалі ў ЗША, трэба было шмат рабіць для таго, каб рэалізавацца. Тут ёсць і магчымасці, але і вялікая канкурэнцыя, і гэта заўсёды падштурхоўвае, прымушае рухацца.

— Ці былі выпадкі ў часы дыпламатычнай працы, калі вам было сорамна за сваю краіну?

— За краіну, за Беларусь ніколі не было сорамна. Беларуссю ганарыўся і буду ганарыцца, але за палітыку кіраўніка краіны, за некаторыя яго рашэнні, паводзіны, рыторыку мне было часам сорамна. Але тым не менш прыходзілася адстойваць, тлумачыць гэтыя рашэнні, тлумачыць гэтыя словы. І ў гэтым адзін з самых няпростых бакоў працы дыпламата, і не толькі беларускага.

Чытайце па тэме:  Порошенко и Байден обсудили подготовку возможного размещения миротворческой миссии на Донбассе

— Вядома пра двух палітвязняў — былых дыпламатаў. Аднаго ўжо няма ў жывых, гэта Міхаіл Марыніч, былы міністар і былы амбасадар, пра якога вы згадалі, а другі — былы намеснік міністра замежных справаў Андрэй Саннікаў. Такіх выпадкаў не так шмат сярод супрацоўнікаў МЗС. Вось і вы выказалі нязгоду з дзейнай сітуацыяй і эмігравалі. Ці ведаеце вы яшчэ падобныя выпадкі сярод вашых былых калегаў?

— Я б не назваў гэта эміграцыяй, мы ўсё ж прыехалі ў ЗША вучыцца і працаваць, але мы ведаем, што рана ці позна вернемся ў Беларусь. Так, не так шмат людзей сыходзіць з МЗС, нават нягледзячы на тое, што яны могуць быць нязгодныя з палітыкай кіраўніка краіны і з тым, што адбываецца ў краіне. Яны выбіраюць застацца ў сістэме і працаваць. Некаторыя сыходзяць з МЗС, застаюцца ў Беларусі, спрабуюць сябе знайсці ў іншых сфэрах, а некаторыя знаходзяць сябе за мяжой.

— Вы скончылі аддзяленне міжнародных адносінаў БДУ, вучыліся на адным курсе з Віктарам Лукашэнкам, з многімі ўплывовым цяпер людзьмі ва ўладзе. Як вы ацэньваеце ўзровень падрыхтоўкі сучасных беларускіх дыпламатаў, і ці ён вызначальны ў прасоўванні па службовай лесвіцы?

— Узровень падрыхтоўкі сёння дастатковы для тых задачаў, якія ставіць перад імі МЗС. Аднак, калі глядзець на сучасныя міжнародныя адносіны, то, безумоўна, у беларускіх дыпламатаў не стае навыкаў, ведаў, якія дапамаглі б ім быць больш эфектыўнымі ў прасоўванні больш складаных задачаў. На жаль, яны занятыя сёння збольшага тым, каб забяспечыць спрыяльныя ўмовы для захавання ўлады Лукашэнкі, і з гэтай задачай яны з большага спраўляюцца. Але для таго, каб сапраўды прасоўваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі, патрэбная лепшая падрыхтоўка, веды, навыкі і іншыя паводзіны.

— Вы казалі, што скончылі з жонкай універсітэты ў ЗША. Якую адукацыю вы атрымалі? Раскажыце больш падрабязна пра тое, як давялося пачынаць жыццё фактычна ад самага пачатку ў ЗША. Наколькі гэта было цяжка? Ці рэальная амерыканская мара ў 21 стагоддзі?

— Мая жонка паступіла ў магістратуру Гарвардскага ўніверсытэта, скончыла школу права і атрымала дыплом магістра. Я вучыўся ў Джорджтаўнскім універсітэце ў Вашынгтоне па двухгадавой праграме (яна таксама першая ў рэйтынгу, як і праграма маёй жонкі), атрымаў дыплом магістра ў галіне міжнародных адносінаў. Некаторы час мы вымушаныя былі жыць на два гарады, жонка з сынам у Бостане, а я ў Вашынгтоне, але пасля сканчэння яе праграмы жонка пераехала ў Вашынгтон, і мы пачалі сумесна выкладаць дарогу да той самай амерыканскай мары.

Усё ж мы больш разглядаем сябе як міжнародных спецыялістаў, якія прыехалі працаваць у Вашынгтон. Вашынгтон — месца, дзе вельмі шмат магчымасці для рэалізацыі, і гэта прыцягвае вялікую колькасць выдатна падрыхтаваных спецыялістаў з усяго свету, з добрымі ведамі, досведам, якія гатовыя шмат працаваць, выпрацоўваць новыя ідэі. Амерыканская мара, безумоўна, застаецца вельмі актуальнай і прывабнай. Для людзей тут шмат магчымасцяў, але яна патрабуе шмат ахвяраў, што тычыцца адукацыі, працы, адданасці сваёй мэце.

— Вы працавалі некалькі гадоў у рускай службе «Голаса Амерыкі», дзе як аказалася, у апошнія гады сфармавалася даволі моцная беларуская каманда — Алесь Круглякоў, Ігар Ціханенка, Андрэй Дзяркач… Фактычна на чале службы таксама ўраджэнец Беларусі. Ведаю, што ў свой час вы спрабавалі ўзняць пытанне стварэння беларускай службы «Голаса Амерыкі». Чаму не атрымалася?

Чытайце па тэме:  Россиянин в США признался в продаже военной техники российским спецслужбам

— Гэтую ідэю я ўздымаў на працягу прэзідэнцкай кампаніі. Гэтае пытанне абмяркоўвалася з камандай Хілары Клінтан, якая на той момант была найбольш верагодным пераможцам на выбарах. Яны вельмі прыязна паставіліся да гэтай ідэі, ва ўсякім разе ў нашых папярэдніх размовах. Але, на вялікі жаль, з прыходам да ўлады Дональда Трампа гэтая ідэя, канечне, не вельмі своечасовая. Увага яго да Усходняй Еўропы і да Беларусі ў прыватнасці — вельмі нізкая. Не варта разлічваць на тое, што ва ўмовах нарастаючай міжнароднай ізаляцыі ЗША будуць выдаткоўваць дадатковыя сродкі на тое, каб падтрымліваць вяшчанне на новыя краіны. У гэтым сэнсе Беларусь далёка не прыярытэт для ЗША. Мы бачым, што дапамога ЗША для Беларусі скарачаецца і можа скараціцца да нуля. Відавочна, што ідэя з арганізацыяй беларускай служы «Голаса Амерыкі» зараз не своечасовая, але яна не губляе актуальнасці, бо арганізацыя такой службы — гэта была бы інстытуцыяналізаваная прысутнасць Беларусі ў Вашынгтоне. Гэта было б месца, дзе жыла бы Беларусь, беларускасць, абмяркоўваліся беларускія пытанні і праблемы, дзе зацікаўленыя беларусы, прыяжджаючы ў Вашынгтон, у ЗША, маглі б мець магчымасць расказаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, супаставіць інтарэсы Беларусі і ЗША, і гэта былі бы не толькі недзяржаўныя арганізацыі, дэмакратычныя актывісты, але і афіцыйныя прадстаўнікі, у якіх ёсць свой погляд на тое, што адбываецца ў Беларусі, і тое, што можна зрабіць для стасункаў Беларусі і ЗША. Карацей, беларуская служба «Голаса Амерыкі» — гэта перспектыва. Спадзяюся, што прыйдзе час для рэалізацыі гэтай ідэі.

— Беларуская служба «Голаса Амерыкі» існавала калісьці вельмі кароткі час. Калі паглядзіць на замежныя СМІ, то няма беларускай службы на BBC, на «Нямецкай хвалі», на «Голасе Амерыкі», ёсць толькі беларуская служба Радыё Свабода. Пры гэтым на BBC, «Нямецкай хвалі» ёсць украінскія, армянскія і многія іншыя рэдакцыі. Чаму так? Ці беларусам бракуе ініцыятывы? Ці Беларусь не так істотная для тых, хто прымае такія рашэнні?

— Думаю, што ініцыятывы хапае. Ёсць шмат людзей, якія заўважаюць гэтую недарэчнасць, што не існуе беларускіх службаў у такіх вядучых медыякампаніях. Не хапае паслядоўнасці, настойлівасці, прафесійных намаганняў людзей, якія гэтым займаліся б на сталай аснове не адзін месяц, не адзін год, а шмат гадоў, каб яны дамагаліся гэтага праз лабіраванне, праз прыцягненне падтрымкі іншых дыяспар, бізнэсу, палітыкаў. На вялікі жаль, мы бачым, што сілы, якія прыходзяць у дэмакратычны рух Беларусі, часам прыходзяць, нешта робяць, ініцыююць, а пасля могуць сысці па тых ці іншых прычынах. У тым ліку і праз недахоп падтрымкі і фінансавання. Такім чынам многія ідэі, ініцыятывы ўзнікаюць, а потым проста захлынаюцца, заканчваюцца праз недахоп настойлівасці і паслядоўнасці ў іх рэалізацыі.

— Вы падкрэсліваеце, што вы не знаходзіцеся ў эміграцыі, значыць, вы разглядаеце магчымасьць вяртання ў Беларусь?

— Мы лічым, што вымушаныя ўмовы знаходжання за межамі Беларусі можна выкарыстаць дзеля прасоўвання і інтарэсаў Беларусі і дзеля ўласнага развіцця.

— Як вы мяркуеце, якія сілы ў атачэнні кіраўніка Беларусі акажуцца больш моцнымі — каманды Макея, якая робіць пэўныя, хай і невялікія крокі для пацяплення адносінаў з Захадам, ці сілавы блок?

Чытайце па тэме:  Литва во вторник подпишет соглашение о статусе военных США

— Калі паглядзець на гісторыю гэтага пытання, гэтага супрацьстаяння, то часам можа падацца ілюзорным, ці яго ёсць. МЗС глядзіць на свет са свайго пункту погляду, МУС — са свайго, КДБ, безумоўна, бачыць паўсюдна нейкія выклікі і пагрозы для ўлады Лукашэнкі. Калі паглядзім на гісторыю гэтага пытання, то бачым, што гэта крывая — дзесьці МЗС выходзіць на першы план, дамагаецца нейкіх істотных вынікаў, якія пасля могуць быць «з’едзеныя» некаторымі дзеяннямі МУС, як было гэтай вясной. Але па выніку, калі прасачыць ваганні гэтай крывой, то пабачым, што з большага сітуацыя роўная і атрымліваецца нічыя ў выніку. Тое, што было 5, 10, 15 гадоў таму — на жаль, істотных зрухаў не бачым, каб Беларусь займала іншае месца ў сістэме міжнародных адносінаў, выбудоўвала іншыя дачыненні нават з суседнімі краінамі. Сітуацыя застаецца замарожанай, закансерваванай. Тактычныя поспехі Макея, ці наадварот поспехі МУС і КДБ, істотна не ўплываюць насамрэч ані на стан спраў у Беларусі, ані на становішча Беларусі ў свеце.

— Калі б вы цяпер мелі паўнамоцтвы кіраўніка МЗС, якія тры прапановы зрабілі бы дзеля рэальнага паляпшэння іміджу Беларусі ў свеце?

— Найперш варта было б ураўнаважыць знешнюю і ўнутраную палітыку. Якія б не былі поспехі ў беларускіх дыпламатаў, калі ў самой Беларусі адбываюцца трагічныя, скандальныя рэчы, як было гэтай вясной, то ніякімі поспехамі не закрыеш гэтыя праблемы, і нікога не пераканаеш, што Беларусь развіваецца як самастойная свядомая краіна, якая дбае пра свае інтарэсы і інтарэсы кожнага чалавека.

Па-другое, у Беларусі не хапае цэласнай палітыкі ў галіне публічнай дыпламатыі, каб пра Беларусь расказвалі самае найлепшае не толькі дыпламаты, чыноўнікі з міністэрстваў і ведамстваў, але каб гэта былі намаганні недзяржаўных арганізацый, культурных дзеячаў і спартоўцаў. Прыклад гэтага году, удзел «NAVIBAND» у Еўрабачанні засведчыў, наколькі эфектыўны можа быць такі ўдзел у міжнародных мерапрыемствах, наколькі ён прасоўвае імя Беларусі, і наколькі людзям прыемна і цікава ведаць пра Беларусь. З майго досведу, калі я ездзіў у Афрыку, і мяне пыталіся, адкуль я, я адказваў пра Беларусь, і ўсё што яны ведалі, гэта было імя футбаліста Аляксандра Глеба. Там ведалі пра Глеба нават болей, чым я мог расказаць.

І трэцяе — надаваць больш увагі падрыхтоўцы беларускіх дыпламатаў, каб яны мелі магчымасць атрымліваць адукацыю за мяжой, удзельнічаць у канферэнцыях, семінарах, каб публічныя мерапрыемствы для іх былі абсалютна нармальным асяроддзем, дзе яны маглі б выказвацца і спрачацца, каб яны былі здольныя адстойваць свой пункт гледжання. На вялікі жаль, сёння беларуская дыпламатыя пазбягае такіх магчымасцяў. Гэта моцна абразае магчымасці даносіць свой мэсыдж да людзей. Так атрымліваецца праз недахоп падрыхтоўкі.

— Якая ваша галоўная амбіцыя цяпер?

— Стаць спецыялістам у той справе, дзе я працую цяпер. Вельмі хочацца дамагчыся пэўных вынікаў і прызнання. Але самая галоўная мая амбіцыя — падрыхтаваць сябе для вяртання ў Беларусь, каб служыць далей Беларусі, каб служыць не толькі тут у некалькі абмежаваных формах, а сапраўды вярнуцца ў Беларусь і быць арганічнай часткай грамадства, і каб Беларусь стала сапраўды незалежнай і паспяховай краінай.

Ян Кавалеўскі з бел-чырвона-белым сцягам

Ганна Соўсь, Радыё Свабода


Recommend to friends
  • gplus
  • pinterest

Дадаць каментар

E-mail is already registered on the site. Please use the увайсці форма or увядзіце іншы.

You entered an incorrect username or password

На жаль, вы павінны ўвайсці ў сістэму.